Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Анатоля Клышкi
І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.
І, праходзячы, Ён убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Раввí! хто саграшы́ў: ён ці бацькí яго, што ён сляпы́м нарадзíўся?
І Яго вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, што нарадзіўся сляпым?
Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькí яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;
Ісус адказаў: Ні ён не саграшыў, ні яго бацькі, а каб на ім былі выяўлены ўчынкі Божыя.
Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;
Нам25 трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.
Пакуль Я ў свеце, Я святло свету.
Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слíны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму26 сумессю вочы,
і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.
і сказаў яму: Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца: «Пасланы»). — І той пайшоў, памыўся і прыйшоў відушчым.
Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?
Тады суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам27, казалі: Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў?
Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.
Адны казалі: Гэта ён. — Другія казалі: Не, але падобны да яго. — Ён [жа] казаў: Гэта я.
Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?
Тады спыталіся ў яго: Як [жа] адкрыліся твае вочы?
І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: «ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся». Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.
Той адказаў: Чалавек, Якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам28 і памыйся». І вось я пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць.
Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.
І сказалі яму: Дзе Ён? — Той кажа: Не ведаю.
Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.
Вядуць яго, былога сляпога, да фарысеяў.
А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы.
Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.
Дык зноў спыталіся ў яго і фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Ён паклаў мне сумесь на вочы, і я памыўся — і бачу.
Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. — [А] іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек рабіць такія знакі? — І быў разлад у іх.
Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.
Тады зноў пытаюцца ў сляпога: Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адкрыу табе вочы? — Той жа сказаў: Ён Прарок.
Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклíкалі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,
Іудзеі тады не паверылі яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, што зрабіўся відушчым,
і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзíўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?
У адказ ім бацькí яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзíўся;
Тады ў адказ яго бацькі сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым;
а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.
а як ён цяпер бачыць, не ведаем, або хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; спытайцеся ў яго, ён дарослы, сам пра сябе скажа.
Так сказалі бацькí яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;
Яго бацькі сказалі гэта, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: каб таго, хто вызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сінагогі.
таму бацькí яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.
Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся».
І вось паклíкалі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясí славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.
Дык яны другі раз паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: Уздай славу Богу; мы ведаем, што Гэты Чалавек — грэшнік.
Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
Дык той адказаў: Ці Ён грэшнік, я не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?
Тады яны сказалі яму: Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы?
Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?
Ён адказаў ім: Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі?
Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;
І яны вылаялі яго і сказалі: Ты вучань Таго, а мы вучні Маісеевы;
мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.
мы ведаем, што Маісею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён.
У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;
Той чалавек сказаў ім у адказ: Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.
мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;
Мы [ж] ведаем, што грэшнікаў Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго Ён слухае.
адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;
Адвеку не было чуваць, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.
Калі б Гэты не быў ад Бога, Ён не мог бы рабіць нічога.
У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзíўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.
У адказ яны сказалі яму: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? — І выгналі яго вон.
Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?
Ісус пачуў, што яго выгналі вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: Ці веруеш ты ў Сына Чалавечага?29
У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?
Той сказаў у адказ: А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго?
Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
Ісус сказаў яму: І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І пакланíўся Яму.
І той сказаў: Верую, Госпадзе, — і пакланіўся Яму.
І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.
І Ісус сказаў: На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі.
І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былí з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?
Некаторыя з фарысеяў, што былі з Ім, пачулі гэта і сказалі Яму: Няўжо і мы сляпыя?
Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былí, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.
Ісус сказаў ім: Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; а як цяпер вы кажаце: «Мы бачым», то ваш грэх застаецца на вас.