Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І, праходзячы міма, (Ісус) угледзіў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня.
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: Раббі! хто саграшыў: ён, ці бацькí ягоныя, што народжаны сьляпым?
І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся?
Адказаў Ісус: ані ён ня саграшыў, ані бацькí ягоныя, але каб выяўлены былі ў ім Чыны Боскія.
Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя.
Мне належыць рабіць Чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня мо́жа рабіць.
Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць.
Пакуль Я ў сьвеце, Я ёсьць Сьвятло сьвету.
Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў ізь сьліны (і зямлі) мяшанíну, і памазаў (гэтай) мяшанíнай вочы сьляпому,
Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны
і сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сылаам, што перакладаецца Пасланы. Тады (ён) пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відушчы.
і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца «Пасланы»). Дык ён пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.
Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: ці ня то́й гэта, што сядзеў і жабраваў?
Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той;
Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён казаў: (гэта) я.
а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я.
Тады (яны) казалі яму: як былі адчынены вочы твае?
Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы?
Адказаў ён і сказаў: Чалавек, называны Ісусам, зрабіў мяшанíну і памазаў мае вочы, і сказаў мне: пайдзі ў купальню Сылаам і ўмыйся. А пайшоўшы і ўмыўшыся, (я) стаў бачыць.
Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: «ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся». І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу.
Тады (яны) сказалі яму: дзе Ён ёсьць? Кажа (ён): ня ве́даю.
І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.
Вядуць яго да хварысэяў, (гэтага) некалі сьляпога.
Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў.
А была субота, калі Ісус зрабіў мяшанíну і адчыніў яму вочы.
А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны.
І вось ізноў пыталіся ў яго такжа хварысэі, як (ён) стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: мяшанíну паклаў Ён на вочы мае, і (я) ўмыўся і бачу.
Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу.
Тады нікаторыя із хварысэяў казалі: Гэты Чалавек ня ад Бо́га, бо ня спаўняе суботы. Другія казалі: як можа чалавек грэшны рабіць вось гэткія цуды? І быў падзел паміж імі.
Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі.
Кажуць (яны) сьляпому ізноў: што кажаш аб Ім ты, што Ён адчыніў табе вочы? Той жа сказаў: Ён ёсьць Прарок.
Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.
Тады ня паве́рылі жыды адносна яго, што (ён) быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль ня паклíкалі бацькоў (таго) самага, што стаў бачыць.
Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець,
І спыталі (яны) іх, кажучы: ці гэта сын ваш, (пра) якога вы кажаце, што (ён) нарадзіўся сьляпы? Як жа (ён) цяпер бачыць?
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць?
Адказалі ім бацькі ягоныя і сказалі: (мы) ведаем, што ён сын наш, і што (ён) нарадзіўся сьляпы;
Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся;
а як цяпер бачыць — ня ве́даем, альбо хто адчыніў яму вочы — мы ня ве́даем; сам ён дарослы, самога спытайцеся, сам пра сябе скажа.
але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць.
Гэтае сказалі бацькí ягоныя, бо баяліся жыдоў, бо жыды ўжо згаварыліся, каб калі хто вызнаў Яго за Хрыста, (таго) адлучаць ад сынагогі.
Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы.
Дзеля гэтага бацькí ягоныя сказалі: (ён) дарослы, яго самога запытайце.
Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.
І вось паклікалі ў другі раз чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што Чалавек Гэты — грэшнік.
Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны.
Ён жа адказаў і сказаў: ці Ён ёсьць грэшнік, ня ве́даю, адно ведаю, што быўшы сьляпы, цяпер (я) бачу.
Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу.
Сказалі ж яму ізноў: што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў табе вочы?
Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы?
Адказаў ім: (я) ўжо сказаў вам, і (вы) ня слу́халі; што больш таго хочаце чуць? Няўжо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі?
Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі?
Тады (яны) вылаялі яго і сказалі: ты ёсьць вучань Ягоны, мы ж ёсьць Масеявы вучні.
Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
Мы ведаем, што Бог гаварыў Масею; Гэтага ж ня ве́даем, адкуль Ён ёсьць.
Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён.
Адказаў чалавек гэты і сказаў ім: гэта й дзіўна, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён ёсьць, а Ён адчыніў мне вочы;
Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае.
а (мы) ведаем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае, але калі хто багабойлівы і Волю Ягоную робіць, таго Ён слухае.
А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае.
Ад веку ня чува́на было, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня.
Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага.
Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мо́г бы рабіць нічога.
Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць.
Адказалі (яны) і сказалі яму: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон.
Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.
Ісус пачуў, што выгналі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: ты верыш у Сына Божага?
Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага?
Адказаў ён і сказаў: хто Ён ёсьць, Госпадзе, каб (я) уверыў у Яго?
адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго?
Сказаў жа яму Ісус: і (ты) бачыў Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, (гэта) ёсьць Ён.
І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён.
Ён жа сказаў: веру, Госпадзе! і пакланіўся Яму.
Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.
І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нябачучыя — бачылі, а відучыя — сталіся сьляпымі.
І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі.
І пачулі гэтае (нікаторыя) з хварысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: няўжо́ і мы ёсьць сьляпыя?
І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя?
Сказаў ім Ісус: калі б (вы) былі сьляпыя, ня мелі бы грэху; цяпер жа (вы) кажаце: (мы) бачым. І вось грэх ваш застаецца.
Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: «што відзім». Грэх ваш астаецца.