Псалтыр 62 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Рeraklad V. Hadleuski
Кіраўніку хору Ядытунавага: псальм Давідавы.
Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго ўспамога мая.
Але: Ён — скала мая й помач мая, Ён — цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.
Дакуль будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсіх маніцёся зьніштожыць, як тая сьцяна, што скранулася, як агарожа, што валіцца.
Але, задумалі скінуць яго з высакосьці; ім люба ілжа; яны вуснамі багаслаўляюць, але ў сэрцы сваім праклінаюць! (Зэля)
Але, толькі ў Богу спачынеш, душа мая! Бо на Яго спадзяюся.
Але: Ён — скала мая й помач мая, Ён — цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.
У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала мая крэпка, прыпынак у Богу.
На Яго спадзявайся, грамада народная! вылівайце прад Ім сэрца вашае: бо Бог — наш прытулак. (Зэля)
Але: сыны чалавечыя — подмух, людзі — мана; калі пакладзеш на вагу, яны разам лягчэй за подмух!
Не ўскладайце надзеі на крыўду, ня пышайцеся зрабаваным; калі-ж вам прыбудзе багацьця, сэрца свайго да яго ня прыклейце!
Раз сказаў Бог, а я двойчы чуў гэта, што сіла — у Бога.
І ў Цябе ласка, Госпадзе, бо кожнаму водле учынкаў даеш.