Псалтыр 132 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча
Песьня ўзыходжаньня. Прыпомні, Госпадзе, Давіда й усе яго беды!
Як ён Госпаду кляўся, даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму:
Не ўвайду я ў палатку маю, ня ўзыйду на пасьцель майго ложка,
ня дам вачам маім сну й павекам маім дрымоты,
пакуль не знайду месца для Госпада, сялібы для Сільнага Якубавага!
Вось, мы чулі аб ім у Яфраце ды знайшлі на прасторах лясістых.
Хадзем у сялібу Ягоную, суклонімся прад падножжам стоп Яго.
Вырушы-ж, Госпадзе, да месца супакою Твайго, Ты і скінія моцы Тваёй!
Хай сьвяшчэньнікі Тваі праўдай апрануцца, хай сьвятыя Тваі весяляцца!
Дзеля Давіда, раба Твайго, памазанцу Твайму не адмоў!
Кляўся Госпад Давіду вернай прысягай і ад яе не адступіцца: Таго, хто ёсьць плод твайго чэрава, пасаджу на пасадзе тваім.
І калі будуць сыны Тваі пілнавацца Майго запавету ды аб’яваў Маіх, што буду іх навучаць, дык і іх сыны будуць навекі сядзець на пасадзе тваім.
Бо Госпад выбраў Сыон, на сялібу Сабе пажадаўшы, ды мовіў:
Вось месца Майго супакою навекі: тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.
Багаслаўляць буду шчодра ежу яго, убогіх яго насычу хлебам.
Сьвяшчэньнікаў ягоных апрану спасеньнем, і радавацца будуць пабожныя яго.
Там Я ўзрашчу рог Давіду, там сьветач пастаўлю памазанцу Майму.
Ворагаў ягоных Я ганьбай пакрыю, на ім жа зьяць будзе карона яго.