Псалтыр 135 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча
Альлілуя!Слаўце імя Госпада, слаўце, рабы Госпадавы,
што стаіцё ў сьвятыні Гасподняй, у панадворку дому Бога нашага!
Хвалеце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце іменьню Яго, бо яно мілае.
Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраіля — на ўласнасьць сабе.
Бо ведаю я, што Госпад вялікі, і наш Валадар вышэй за ўсіх багоў.
Усё, што Яму даспадобы, творыць Госпад на небе й зямлі, у моры й у ўсенькіх глыбінях.
Ён хмары ўзводзе ад краю зямлі, робіць дажджы і маланкі, вецер выводзе з скарбніцы Сваёй.
Ён першакоў пабіў у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны.
Знакі і цуды табе Ён паслаў, Эгіпце, над фараонам і ўсімі рабамі яго.
Многа народаў пабіў і цароў магутных Ён скінуу:
Сыгона, цара Аморэйскага, і Ога, цара Базанскага, дый усе Канаанскія царствы.
І зямлю іх аддаў у валаданьне, у спадчыну народу Свайму Ізраілю.
Госпадзе, імя Тваё навекі! Госпадзе, памяць Твая з роду ў род!
Зробіць Госпад справядлівасьць народу Свайму і зьлітуецца над рабамі Сваімі.
Паганскія ідалы — срэбра ды золата, творы рук чалавечых;
ёсьць у іх вусны, ды не гавораць, ёсьць у іх вочы — й ня бачаць;
ёсьць у іх вушы — й ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.
Падобны да іх будуць тыя, што робяць іх, — кожын, хто на іх спадзяецца.
Вы, з дому Ізраіля, слаўце Госпада! Вы, з дому Ааронавага, слаўце Госпада!
Вы, з дому Левія, слаўце Госпада! Багаслаўце Госпада ўсе, што Госпада баіцёся!
Багаслаўлены Госпад з Сыону, што ў Ерузаліме жыве! Альлілуя!