1 да Карынфянаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І я, калі прыйшоў да вас, браты, прыйшоў не каб уразіць бляскам слова ці мудрасцю, абвяшчаючы вам таямніцу Божую.
І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў апавяшчаць вам сьве́дчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцяй,
Бо я разважыў не ведаць нічога між вас, акрамя Ісуса Хрыста, Яго — укрыжаванага.
бо я ня думаў бачыць у вас нічога, апрача Ісуса Хрыста дый укрыжаванага.
І я быў у вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні,
І быў я ў вас у бяссільлі, і ў страху, і ў вялікім дрыжаньні.
і маё слова і мая пропаведзь — не ў пераканаўчых словах [чалавечай] мудрасці, а ў выяўленні Духа і сілы,
І слова мае́, і навука мая не ў пераконваючых словах чалаве́чае мудрасьці, але ў выяўле́ньні духа і сілы,
каб ваша вера была не ў чалавечай мудрасці, а ў сіле Божай.
каб ве́ра ваша была ня ў мудрасьці чалаве́чай, але ў сіле Божай;
Мудрасць жа мы прапаведуем сярод дасканалых, але не мудрасць гэтага веку і не ўладцаў гэтага веку, якія ператворацца ў нішто,
мудрасьць жа мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага ве́ку і ня ўладаў гэтага ве́ку, што зьнішчаюцца,
а прапаведуем мудрасць Божую ў таямніцы схаваную, якую прадвызначыў Бог раней вякоў для нашай славы,
але прамудрасьць Божую гаворым у тайне, укрытую, якую празначыў Бог прад вякамі на славу нашую,
якой ніхто з уладцаў гэтага веку не пазнаў: бо, калі б пазналі, то не ўкрыжавалі б Госпада славы;
якое ніхто з уладаў гэтага ве́ку не пазнаў; бо, калі-б пазналі, дык не раскрыжавалі-б Госпада славы.
але, як напісана: «Тое, чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што на сэрца чалавеку не прыходзіла, тое падрыхтаваў Бог тым, хто любіць Яго.»
Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што ня ўзыходзіла ў сэрца чалаве́ка, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая 64:4).
А нам Бог адкрыў гэта праз [Свайго] Духа; бо Дух усё даследуе, нават глыбіні Божыя.
А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго; бо Дух усё пранікае дый глыбіні Божыя.
Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, калі не чалавечы дух, які ў ім? Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.
Бо хто з людзе́й ве́дае, што́ ў чалаве́ку, апрача духа чалаве́чага, які ў ім? Гэтак і Божага ніхто ня ве́дае, апрача Духа Божага.
Але мы атрымалі не духа [гэтага] свету, а Духа, Які ад Бога, каб ведаць дараванае нам Богам;
Мы-ж узялі ня духа сьве́ту гэтага, а Духа, што́ ад Бога, каб ве́даць, што́ дарована нам ад Бога.
што мы і кажам — не словамі, якім навучыла чалавечая мудрасць, а тымі, якім навучыў [Святы] Дух, тлумачачы духоўнае духоўнымі словамі.
Дый гэтае гаворым не́ вучонымі словамі мудрасьці чалаве́чае, але навучанымі ад Духа Сьвятога, разьмяркоўваючы духоўнае духоўным.
Але душэўны чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага, бо яно для яго неразумнасць, і ён не можа пазнаць яго, бо гэта распазнаецца духоўна.
Душэўны-ж чалаве́к ня прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразуме́ць, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.
А духоўны чалавек распазнае ўсё, але сам ён не распазнаецца нікім.
Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа.
Бо хто пазнаў розум Гасподні, каб вучыць Яго? А мы маем розум Хрыстоў.
Бо хто пазнаў розум Гасподні, што ўявіў-бы яго? А мы маем розум Хрыстовы.