Да Піліпянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Павел і Цімафей, рабы1 Хрыста Ісуса, — усім святым у Хрысце Ісусе, што знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
 
Паўла і Цімахве́й, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце́ Ісусе, што ў Філіпах, з япіскапамі і дыяканамі:

ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую майму Богу пры кожным успаміне пра вас,
 
Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,

заўсёды, у кожным маім маленні за ўсіх вас, з радасцю творачы малітву,
 
(заўсёды ў кожнай малітве мае́й за ўсіх вас молячыся з радасьцяй,)

за ваш удзел у дабравешчанні з першага дня аж да гэтага часу,
 
за вашае ўчасьце ў дабраве́шчаньні ад пе́ршага дня аж дагэтуль,

будучы ўпэўнены якраз у гэтым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Хрыста Ісуса,
 
перакананы ў тым, што той, хто пачаў у вас добрае дзе́ла, будзе завяршаць ажно па дзе́нь Ісуса Хрыста,

як і справядліва мне гэта думаць пра ўсіх вас, таму што я маю вас у сэрцы і ў маіх кайданах, і ў абароне, і ў сцверджанні Дабравесця, усе вы саўдзельнікі ласкі са мною.
 
як і справядліва мне́ думаць аб усіх вас, бо я ма́ю вас у сэрцы, у путах маіх і ў абароне і ўмацаваньні Эвангельля, вас, якія ўсе́ — супольнікі маі ў ласцы.

Бо сведка мне Бог, як я тужу па ўсіх вас у сардэчнай любові Хрыста Ісуса.
 
Бо Бог мне́ сьве́дка, што я люблю вас у любві Ісуса Хрыста;

І аб тым я малюся, каб ваша любоў усё болей і болей прымнажалася ў пазнанні і ўсякім пачуцці,
 
і малюся аб тое, каб любоў вашая яшчэ бале́й і бале́й узрастала ў пазнаньні і ўсякім пачуцьці,

каб вы распазнавалі тое, што лепшае, каб вы былі чыстыя і беззаганныя ў дзень Хрыстоў,
 
каб пазнаць вам ле́пшае, каб вы былі чыстымі і неспаткнуўшыміся ў дзе́нь Хрыстовы,

напоўненыя пладамі праведнасці, якія праз Ісуса Хрыста, у славу і хвалу Божую.
 
напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу й пахвалу Божую.

Хачу ж, каб вы ведалі, браты, што мае абставіны спрычыніліся больш да поспеху Дабравесця,
 
Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што са мной (сталася), служыла бале́й на пасьпе́х Эвангельля,

так што мае кайданы ў Хрысце сталі вядомыя ўсёй прэторыі і ўсім астатнім;
 
бо путы маі ў Хрысьце́ сталіся вядомымі ўсе́й прэторыі і ўсім іншым,

і большасць братоў, упэўненыя ў Госпадзе праз мае кайданы, яшчэ больш бясстрашна адважыліся казаць слова Божае.
 
і большая частка братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ бале́й адважыліся бяз страху апавядаць Слова.

Некаторыя нават з зайздрасці і спрэчкі, а некаторыя — з добрай волі прапаведуюць Хрыста;
 
А некаторыя праз зайздрасьць і перакорлівасьць, іншыя-ж з добрай думкай абвяшчаюць Хрыста:

адны з любові, ведаючы, што я пастаўлены на абарону Дабравесця,
 
тыя, што праз непакорлівасьць, абвяшчаюць Хрыста ня чыста, думаючы дадаць гора путам маім;

другія ж з-за своекарыслівасці абвяшчаюць Хрыста няшчыра, думаючы, што дадуць цяжару да маіх кайданоў.
 
тыя-ж, што з любві, ве́даючы, што дзеля абароны Эвангельля ляжу.

Так што ж? Толькі тое, што ў кожным разе ці прытворна, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і гэтаму я радуюся. Так і буду радавацца,
 
Дык што? Так, ці сяк, дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і я з гэтага це́шуся і буду це́шыцца,

бо я ведаю, што гэта паслужыць мне на выратаванне праз ваша маленне і падтрымку Духа Ісуса Хрыста,
 
бо я ве́даю, што гэта паслужыць мне́ на збаўле́ньне праз вашу малітву, з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,

паводле майго чакання і надзеі, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю адвагай, як заўсёды, так і цяпер будзе ўзвялічаны Хрыстос у маім целе, ці то праз жыццё, ці праз смерць.
 
водле спадзяваньня і надзе́і мае́й, што я ні ў чым ня буду асаромлены, а з усе́нькай адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпе́р, узьвялічаны будзе Хрыстос у це́ле маім, ці то жыцьцём, ці сьме́рцяй.

Бо для мяне жыць — гэта Хрыстос, і памерці — набытак.
 
Бо для мяне́ жыцьцё — Хрыстос, і сьме́рць — набытак.

А калі жыць у целе — гэта для мяне плод дзейнасці, то я не ведаю, што выберу.
 
А як жыцьцё водле це́ла — гэта мне́ плод дзе́ла, дык і ня ве́даю, што выбраць.

Цягне мяне і тое, і другое: мне хочацца адысці і быць з Хрыстом, бо гэта нашмат лепш;
 
Цягне тое і другое: ма́ю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта шмат ле́пшае,

а заставацца ў целе — неабходней дзеля вас.
 
але аставацца ў це́ле патрабне́й дзеля вас.

І, упэўнены ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці веры,
 
І я напэўна ве́даю, што астануся і перабуду з усімі вамі на вашу карысьць і радасьць ве́ры,

каб ваша пахвала прымножылася ў Хрысце Ісусе праз мяне пры новым маім прыходзе да вас.
 
каб пахвала вашая ў Хрысьце́ Ісусе павялічылася праз мяне́ пры маім паўторным да вас прыходзе.

Толькі жывіце годна Дабравесця Хрыстовага, каб я, ці прыйшоўшы і ўбачыўшы вас, ці не быўшы, — чуў пра вас, што вы стаіце ў адным духу, аднадушна змагаючыся ўсе разам за евангельскую веру
 
Толькі жыве́це дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне́, ці прыду і ўгле́джу вас, ці ня прыду, чуць аб вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за ве́ру Эвангельскую

і ні ў чым не баючыся праціўнікаў; гэта для іх ёсць доказ іх пагібелі, а для вас выратавання, і гэта ад Бога;
 
і ані не палохаючыся супраціўнікаў; гэтае для іх ёсьць знак пагібелі, а для вас — збаўле́ньня, і яно ад Бога;

таму што вам было даравана дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго,
 
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі ве́рыць у Яго, але і мучыцца за Яго,

маючы такое самае змаганне, якое вы бачылі ўва мне, і пра якое цяпер чуеце, што яно ўва мне.
 
вядучы тую-ж барацьбу, якую вы бачылі ў-ва мне́ і цяпе́р чуеце аба мне́.