Адкрыцьцё 19 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Пасля гэтага я пачуў як бы гучны голас вялікай грамады ў небе, які казаў: Алілуя! Збавенне, і слава, [і гонар], і сіла Богу нашаму,
І пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў небе, які казаў: Алілуя! Спасе́ньне і хвала́ і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму:
бо праўдзівыя і справядлівыя Яго суды; бо Ён засудзіў вялікую распусніцу, якая разбэшчвала зямлю сваёю распустаю, і Ён спагнаў за кроў Сваіх слуг ад яе рукі.
бо правільныя і справядлівыя суды́ Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што пага́ніла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе́.
І другі раз яны сказалі: Алілуя! І яе дым падымаецца векі вечныя.
І паўторна сказалі: Алілуя! І дым яе́ ўзьнімаецца на ве́чныя вякí.
І дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які сядзіць на троне, і казалі: Амін! Алілуя!
І ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзя́чаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя!
І зышоў голас ад трона, кажучы: Хваліце нашага Бога ўсе Яго слугі, [і] хто баіцца Яго, малыя і вялікія.
І выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвале́це Бога нашага, усе́ рабы́ Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія!
І я пачуў як бы голас вялікай грамады і як бы шум многіх водаў і як бы грукат моцных перуноў, якія казалі: Алілуя! Бо заваладарыў Госпад Бог [наш] Усемагутны.
І пачуў я быццам голас вялікае таўпы́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель!
Будзем радавацца і весяліцца і ўздадзім Яму славу, бо настала вяселле Агнеца, і Яго жонка падрыхтавала сябе,
Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясе́льле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго.
і дадзена было ёй апрануцца ў вісон светлы, чысты; бо вісон — гэта праведныя ўчынкі святых.
І дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьве́тлы;
І ён кажа мне: Напішы: «Шчаслівыя пакліканыя на шлюбную вячэру Агнеца». І кажа мне: Гэта праўдзівыя словы Божыя.
І кажа мне́: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясе́льную Ягняці. І кажа мне́: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя.
І я ўпаў перад яго нагамі, каб яму пакланіцца. І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага. Я слуга разам з табою і з тваімі братамі, якія маюць сведчанне Ісусава. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісусава — дух прароцтва.
І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. І кажа мне́: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьве́дчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьве́дчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы.
І я ўбачыў расчыненае неба, і вось конь белы, і Той, Хто сядзіць на ім, [завецца] Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і ваюе.
І ўгле́дзіў я не́ба расчы́ненае: і вось конь бе́лы, і коньнік на ім, называны Ве́рным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе.
Вочы ж Яго [як] полымя агню, і на Яго галаве шмат дыядэмаў, Ён мае напісанае імя, якога ніхто не ведае, акрамя Яго Самога.
А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве́ ў яго многа дыадэмаў. Ме́ў імя́ напісанае, якога ніхто ня ве́даў, апрача Самога.
І апрануты Ён у адзенне, акунутае ў кроў, а Яго імя названа: Слова Божае.
І быў апранены ў шату акрываўленую. І імя Ягонае называецца: Слова Божае.
І войскі, якія ў небе, ішлі ўслед за Ім на белых конях, апранутыя ў вісон, белы [і] чысты.
І йшлі за ім войскі нябе́сныя на бе́лых канёх, апра́неныя ў віссон бе́лы і чысты.
І з Яго вуснаў выходзіць востры меч, каб ім разбіваць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным жазлом; і Ён топча выціскальню віна лютасці гневу Бога Усемагутнага.
І з вуснаў Ягоных выходзе ме́ч востры, каб ім пабіць паганаў. І Сам пасе́ць іх па́ліцай зяле́знай. І Сам топча ступу́ віна ярасьці і гне́ву Бога Ўседзяржыцеля.
І на вопратцы і на сцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Валадар валадароў.
І ма́е на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў.
І я ўбачыў аднаго Анёла, які стаяў у сонцы, і ён крыкнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, якія лёталі пасярэдзіне неба: Сюды, збірайцеся на вялікую вячэру Божую,
І ўгле́дзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. І крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод не́ба: Хадзе́це, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,
каб з’есці целы цароў, і целы тысячаначальнікаў, і целы магнатаў, і целы коней, і хто сядзіць на іх, і целы ўсіх: і вольных, і рабоў, і малых, і вялікіх.
каб е́сьці це́лы цароў і це́лы тысячнікаў, і це́лы дужы́х, і це́лы кане́й ды коньнікаў на іх, і це́лы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх.
І я ўбачыў звера і зямных цароў і іх войскі, сабраныя, каб весці вайну з Тым, Хто сядзіць на кані, і Яго войскам.
І ўгле́дзіў я зьве́ра і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзя́чым на канí ды з войскам Ягоным.
І схоплены быў звер і з ім ілжэпрарок, які рабіў перад ім знакі, якімі ўводзіў у зман тых, хто прыняў кляймо звера, і тых, хто пакланяўся яго вобразу; яны абодва жывымі былі кінуты ў агнявое возера, якое гарэла сераю.
І быў схоплены зьве́р і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо́ зьве́ра і пакланяліся абразу́ ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, пала́ючае се́ркаю.
А астатнія былі забітыя мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Хто сядзіць на кані, і ўсе птушкі наеліся іх целаў.
І рэшта пазабіва́на мячом Сідзя́чага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсё птаства насыцілася це́ламі іхнімі.