Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Ісус жа пайшоў на Аліўную гару.
 

А на досвітку Ён зноў прыйшоў у святыню, і ўвесь народ сходзіўся да Яго, і Ён, сеўшы, навучаў іх.
 

І прыводзяць кніжнікі і фарысеі жанчыну, заспетую на чужаложстве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
 

кажуць Яму: Настаўніку, гэтую жанчыну забралі на самым учынку чужаложства.
 

А ў законе Маісей загадаў нам такіх каменаваць. Дык што Ты скажаш?
 

Гэта ж яны казалі, выпрабоўваючы Яго, каб мець зачэпку абвінаваціць Яго. Ісус жа, уніз нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
 

Калі ж яны ўсё пыталіся ў Яго, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень.
 

І, зноў нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
 

Яны ж, пачуўшы гэта [і адчуўшы дакоры сумлення], сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых [да апошніх], і застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
 

І Ісус, выпрастаўшыся [і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны], сказаў ёй: Жанчына, дзе яны, [твае абвінаваўцы]? Ніхто цябе не засудзіў?
 

Яна ж сказала: Ніхто, Госпадзе. — І сказаў Ісус: «І Я цябе не засуджаю; ідзі [і] з гэтага часу ўжо не грашы»22.
 

Тады зноў Ісус прамаўляў да іх, кажучы: Я — святло свету; той, хто ідзе ўслед за Мною, не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця.
 

Тады фарысеі сказалі Яму: Ты сведчыш пра Сябе Самога; Тваё сведчанне непраўдзівае.
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: Нават калі Я сведчу пра Самога Сябе, Маё сведчанне праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; вы ж не ведаеце, адкуль Я прыходжу ці23 куды Я іду.
 

Вы паводле выгляду судзіце, Я не суджу нікога.
 

Калі ж і Я суджу, то Мой суд праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Бацька, што паслаў Мяне.
 

А ў вашым жа законе напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
 

Я сведчу пра Самога Сябе, і сведчыць пра Мяне Бацька, што паслаў Мяне.
 

Тады яны казалі яму: Дзе Твой Бацька? — Адказаў Ісус: Ні Мяне вы не ведаеце, ні Майго Бацькі; калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б Майго Бацьку.
 

Гэтыя словы казаў Ён пры скарбніцы, навучаючы ў святыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
 

Дык Ён зноў сказаў ім: Я іду, і вы будзеце шукаць Мяне і памраце ў сваім граху; куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
 

Тады іудзеі казалі: Ці не заб’е Ён Сам Сябе, што кажа: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці»?
 

І Ён сказаў ім: Вы ад нізу, Я з вышыні; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
 

Таму сказаў Я вам, што вы памраце ў сваіх грахах; бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў сваіх грахах.
 

Тады яны спыталіся ў Яго: Хто Ты? — Ісус сказаў ім: Той, Хто ад пачатку, пра што і кажу вам.
 

Я маю шмат гаварыць пра вас і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, гэта і кажу свету.
 

Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Бацьку.
 

Тады Ісус сказаў [ім]: Калі вы ўзвысіце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я, і што Сам ад Сябе Я нічога не раблю, а як навучыў Мяне [Мой] Бацька, гэта кажу.
 

І Той, Хто паслаў Мяне, са Мною; Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму даспадобы.
 

Калі Ён гэта казаў, шмат хто ўвераваў у Яго.
 

Тады Ісус казаў іудзеям, што ўверавалі ў Яго: Калі застаняцеся ў Маім слове, вы сапраўды Мае вучні.
 

І пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас.
 

Яны адказалі Яму: Мы патомства Аўраамава і нікому ніколі не былі рабамі. Як Ты кажаш: «Вы зробіцеся вольнымі?»
 

Ісус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, той раб граху.
 

Ды раб не застаецца ў доме навекі. Сын застаецца навекі.
 

Вось калі Сын вызваліць вас, вы сапраўды будзеце вольныя.
 

Ведаю, што вы патомства Аўраамава; аднак вы шукаеце, каб Мяне забіць, бо Маё слова не змяшчаецца ў вас.
 

Што бачыў Я ў [Майго] Бацькі, тое кажу; і вы ж, што чулі ў вашага бацькі, тое робіце.
 

Адказалі яны і сказалі Яму: Наш бацька — Аўраам. — Ісус кажа ім: Калі б вы былі дзеці Аўраамавы, то рабілі б учынкі Аўраамавы.
 

Цяпер жа вы шукаеце, каб Мяне забіць: Чалавека, што сказаў вам праўду, якую пачуў Я ад Бога; гэтага Аўраам не рабіў.
 

Вы робіце ўчынкі вашага бацькі. — [Тады] яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя, адзін у нас Бацька: Бог.
 

Ісус сказаў ім: Калі б Бог быў ваш Бацька, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў, бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён Мяне паслаў.
 

Чаму вы Маёй мовы не разумееце? Бо вы не можаце чуць Майго слова.
 

Вы — ад вашага бацькі, д’ябла, і хочаце рабіць пажадлівасці вашага бацькі. Ён чалавеказабойцам быў ад пачатку і ў праўдзе не ўстояў, бо праўды няма ў ім. Калі ён кажа хлусню, то ад сябе кажа, бо ён хлус і бацька яе.
 

А таму, што Я праўду кажу, вы не верыце Мне.
 

Хто з вас выкрые Мяне ў граху? Калі Я кажу праўду, чаму вы не верыце Мне?
 

Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
 

Адказалі [тады] іудзеі і сказалі Яму: Ці ж не праўду мы кажам, што Ты самаранін і ў Табе дэман?
 

Ісус адказаў: Ува Мне няма дэмана, ды Я шаную Майго Бацьку, а вы ганьбіце Мяне.
 

Я ж не шукаю Маёй славы; ёсць Той, Хто шукае і судзіць.
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто Маё слова захавае, не ўбачыць смерці навек.
 

[Тады] іудзеі сказалі Яму: Цяпер мы ведаем, што ў Табе дэман. Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто Маё слова захавае, не спазнае смерці навек».
 

Няўжо Ты большы за нашага бацьку Аўраама, які памёр? І прарокі памерлі. Кім Ты Сябе робіш?
 

Ісус адказаў: Калі Я Сам Сябе слаўлю, Мая слава — нішто; ёсць Бацька Мой, Які праслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён наш24 Бог.
 

І вы не пазналі Яго, Я ж ведаю Яго. І калі скажу, што не ведаю Яго, Я буду падобны да вас хлус; але Я ведаю Яго і захоўваю слова Яго.
 

Аўраам, ваш бацька, рад быў, што ўбачыць Мой дзень, і ўбачыў, і ўсцешыўся.
 

Тады іудзеі сказалі Яму: Табе і пяцідзесяці гадоў яшчэ няма, і Ты Аўраама бачыў?
 

Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым з’явіўся Аўраам, Я ёсць.
 

Тады яны паднялі каменне, каб кінуць у Яго. Ісус жа знік і выйшаў са святыні, [прайшоўшы між імі, і так пайшоў].