Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Калі наблізіліся да Ерусаліму, і прышлі да Віфагіі і Віфаніі, пры гары Аліўнай, Ён пасылае двух з вучняў Сваіх;
 
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму й Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух із сваіх вучняў

I кажа ім: — ідзеце ў вёску, што перад вамі; уваходзячы ў яе, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто з людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце.
 
і сказаў ім: Ідзеце ў сялібу, што перад вамі, і ўваходзячы ў яе, зараз знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім ніхто з людзей яшчэ не сядзеў; адвяжэце яго й прывядзеце.

І калі хто скажа вам — што гэта вы робіце? — адказвайце, што яно патрабна Госпаду; і зараз-жа пашле яго сюды.
 
А калі-б хто сказаў: Што робіце? — скажэце, яно патрэбнае ўсегаспадару, і зараз пусьціць яго сюды.

Яны пайшлі і знайшлі асьлё, прывязанае ля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго.
 
І пайшоўшы знайшлі асьля, прывязанае ля варот на скрыжаванні вуліц, і адвязалі яго.

Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі там, гаварылі ім: — што вы робіце? нашто адвязваеце асьлё?
 
А некаторыя із стаячых тамака гавораць ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?

Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і тыя адпусьцілі іх.
 
Яны адказалі, як ім загадаў быў Езус, і пусьцілі ім.

I прывялі асьлё да Ісуса, і паклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.
 
І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзенне, і сеў на яго.

Многія-ж пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе, а іншыя зразалі веткі з дрэваў і ўсьцілалі імі дарогу.
 
Многія-ж слалі свае вопраткі на дарозе, а іншыя зрэзвалі галінкі з дрэваў ды ўсьцілалі ім дарогу.

I тыя, якія ішлі наперадзе, і тыя, якія праводзілі Яго, усклікалі, прамаўляючы: — Асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе!
 
А тыя, што йшлі перад ім ды за ім, выкрыквалі, кажучы: Госанна!

Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе ўладарства айца нашага Давыда; асанна ў вышынях!
 
Багаслаўлёны, каторы йдзе ў імя Госпадава! Багаслаўлёнае надыходзячае валадарства айца нашага Давіда! Госанна ў вышынях!

I ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню, і агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу, адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма.
 
І ўвайшоўшы ў Ерузалім у сьвятыню ды агледзеўшы ўсё, як ужо добра звечарэла, выйшаў з дванаццацьма ў Бэтанію.

А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
 
А назаўтра, калі выйшлі з Бэтаніі, пачуўся згаладнелым.

I ўбачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы.
 
І ўгледзеўшы здалёк смаковіцу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ёй. А прыйшоўшы к ёй, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо не пара была на смоквы.

Тады азваўся да яе Ісус: — няхай ніхто не скаштуе плёну з цябе павек; гэтае чулі і вучні Яго.
 
І адазваўшыся сказаў ёй: Хай ужо болей ніхто з цябе ня есьць плоду навекі! Гэта чулі вучні ягоны.

I прыйшлі яны зноў у Ерусалім; і, увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць і прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў і ўслоны гандляроў галубамі.
 
І прыйшлі ў Ерузалім. А калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і купляючых у набожні, й паабарочваў сталы грашаменаў ды столькі тых, што прадавалі галубы;

I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е.
 
і не дазволіў, каб хто праз набожню насіў якое знадоб’е.

А навучаючы, гаварыў ім: —ці-ж не напісана «Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў», а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў.
 
Ды навучаў, кажучы ім: Ці-ж не напісана, што «дом мой домам малітвы называцімецца для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго прыпынішчам разбойнікаў (Із. 56:7; Ер. 7:11).

Пачуўшы гэтае, кніжнікі і архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае.
 
Пачуўшы гэта першасьвятары й кніжнікі, шукалі як-бы загубіць яго, бо баяліся яго таму, што ўвесь народ захапляўся навукай ягонай.

I калі надыйшоў вечар, Ён выйшаў з места.
 
І як звечарэла, выйходзіў з гораду.

А раніцай, прайходзячы міма смакоўніцы, яны ўбачылі, што яна ссохла ўся ад карэньня.
 
А раніцаю мімайдучы, ўбачылі смакавіцу ссохшую да карэньня.

I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: — Раўві, глянь! смакоўніца, якую Ты пракляў, засохла.
 
І ўспомніўшы Пётр кажа яму: Раббі, глянь, смаковіца, якую ты пракляў, ссохла.

I ў адказ Ісус прамовіў ім:
 
А Езус у адказ гавора яму: Майце веру Божую.

Мейце веру Божую. Папраўдзе кажу вам: калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся і кінься ў мора, — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў.
 
Папраўдзе кажу вам, хто-б загадаў гэтай гарэ: “Узніміся й кінься ў мора” ды ня сумняваўся-б у сваім сэрцы, але верыў-бы, што споўніцца сказанае, — будзе яму, што-б не сказаў.

Дзеля таго кажу вам: — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, і яно прыйдзе да вас.
 
Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго толькі просіце молячыся, верце, што атрымаеце, і збудзецца вам.

I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам правіны вашыя.
 
І як станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.

Калі-ж вы не даруеце, то і Айцец ваш Нябесны не даруе вам правінаў вашых.
 
Калі-ж вы не даруеце, дык Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не даруе вам грахоў вашых.

I прыйшлі зноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары, і кніжнікі і старшыні.
 
І прыйходзяць зноў у Ерузалім. А калі хадзіў у сьвятыні, падыйходзілі к яму першасьвятары, кніжнікі, й старшыны,

I гаварылі Яму: — якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто даў Табе ўладу рабіць гэта?
 
ды казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў уладу гэта рабіць?

Ісус у адказ, сказаў ім: — спытаю і Я вас адно слова; адкажэце Мне, тады і Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта.
 
Езус-жа ў адказ гаварыў ім: Спытаю ў вас і я адно слова, адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей? адкажэце Мне.
 
Хрост Янавы быў з неба, ці з людзей? Адкажэце мне.

Яны-ж меркавалі ў сабе, думаючы: — калі скажам — з неба, — то Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі?
 
Яны-ж мяркавалі ў сабе, думаючы: Калі скажам «з неба»; то ён скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?

А калі скажам — ад людзей, — дык боязна прад народам, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.
 
Калі сказам «з людзей», дык баязно народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён сапраўды быў прарок.

I сказалі ў адказ Ісусу: — ня ведаем, тады Ісус адказаў ім: — і Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.
 
І сказалі ў адказ Езусу: Ня ведаем. Тады й Езус у адказ гавора ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.