Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча
У пачатку было Слова, і Слова было ў Богу, і Слова было — Бог.
Яно было ў Богу спрадвеку.
Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не паўстала з таго, што сталася.
У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом чалавекам.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не пахлынула яго.
Быў чалавек, пасланы ад Бога, імя яму — Ян.
Ён прыйшоў дзеля сьветчаньня, каб сьветчыць за Сьвятло.
Ня быў ён Сьвятлом, але пасланы сьветчыць за Сьвятло.
Было-ж Сьвятло праўдзівае, Яко асьвятляе кажнага чалавека, хто прыйходзіць на сьвет.
Яно было на сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
Да сваіх прыйшоў, і свае не прынялі Яго.
А тым, каторыя прынялі Яго, вернікам у імя Ягонае, даў годнасьць дзецьмі Божымі стацца.
Каторыя не ад крыві, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
І Слова целам сталася, і бытавала між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу як Адзінароднага ад Айца, поўнага Ласкі і Праўды.
Ян сьветчыць за Яго і, усклікаючы, прамаўляе: — Вось Той пра Каго я сказаў: Ён за мною йдзе, але наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў.
І з паўніні Ягонае мы ўсе прынялі і ласку на ласку.
Бо закон быў дадзены праз Майсея, ласка-ж і праўда праз Ісуса Хрыста сталіся.
Бога ніхто ніколі ня бачыў; Адзінародны Сын, Хто ў лоне Айца, Той аб'явіў.
І вось сьветчаньне Янава: калі юдэі паслалі з Ерусаліму сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго — хто ты?
І ён асьветчыў, ня зрокся, і абвесьціў: — я ня Хрыстос.
І спыталі ў яго: — дык хто-ж ты? Ільля? — і ён сказаў — не; ці ты прарок? — ён адказаў — не.
Тады сказалі яму: — дык хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, якія паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
І сказаў: — я — голас, у пустыні галосячы: «прастуйце шлях Госпаду» як сказаў прарок Ісайя.
А пасланцы былі ад фарысеяў.
І пыталі ў яго, кажучы яму: — дык чаму-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ні Ільля, ані прарок?
І сказаў ім Ян у адказ: — я хрышчу вас вадою, але стаў між вамі Адзін, Каго вы ня ведаеце.
Ён Той, Хто йдзе за мною, але і перада мною быў: Яму я недастойны разьвязаць рамень абутку Ягонага.
Гэта дзеялася у Віфавары пры Йардане, дзе хрысьціў Ян.
На другі дзень бачыць Ян, ідзе да яго Ісус; і ён сказаў: — вось Ангец Божы, Ён бярэ на Сябе грахі сьвету.
Ён Той, пра Каго я сказаў; за мною йдзе Муж, Які стаў наперадзе мяне, бо Ён быў перада мною.
І я ня ведаў Яго, але дзеля таго я прыйшоў хрысьціць вадою, каб Ён быў яулены Ізраілю.
І Ян сьветчыў, кажучы: — я бачыў Духа, які зыйходзіў з неба, як голуб, і застаўся на Ім.
І я ня ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: — калі ўбачыш, на каго зыйдзе Дух і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысьціць Духам Сьвятым.
І я бачыў і засьветчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
Наступнага дня зноў стаяў там Ян, і двое з вучняў ягоных.
І як падыйходзіў Ісус, убачыўшы, сказаў: — вось Агнец Божы.
Пачуўшы гэтые яго слова, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы іх, ідучы сьледам за Ім, сказаў: — чаго шукаеце? — яны-ж адказалі Яму: — Раўві, — што значыць, вучыцель, — дзе жывеш?
І сказаў ім: — хадзеце, паглядзеце; яны пайшлі, і пабачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той; было каля дзясятае гадзіны.
Адзін з двух, якія пачулі ад Яна пра Ісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымана Пятра.
Ён першы знайходзіць брата свайго Сымана і кажа яму: — мы знайшлі Мэссію — гэта значыць — Хрыста.
І прывёў яго да Ісуса; Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: — ты Сыман, сын Іонін, ты назавешся Кіфа, гэта значыць Пётра — камень.
Назаўтра Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знайходзіць Піліпа і кажа яму: — ідзі за Мною.
Піліп-жа быў з Віфсаіды, з места Андрэя і Пятра.
Піліп знайходзіць Нафанаіла і кажа яму: — мы знайшлі Таго, пра Каго напісана ў законе Майсеевым і ў прарокаў: Ісуса, сына Язэпавага з Назарэту.
Нафанаіл-жа сказаў яму: — ці можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: — пайдзі і паглядзі.
Ісус-жа, убачыўшы Нафанаіла, які падыходзіў да Яго, сказаў пра Нафанаіла: — вось, праўдзівы ізраільцянін, у якім няма хітраваньня.
Нафанаіл гаворыць да Яго: — як Ты ведаеш мяне? Ісус у адказ сказаў яму: — перш чым Піліп паклікаў цябе, як ты быў пад смакоўніцай, Я бачыў цябе.
І прамовіў да Яго Нафанаіл: — Раўві! Ты Сын Божы, Ты Кароль Юдэйскі.
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — ты верыш, бо Я сказаў, што бачыў цябе пад смакоўніцай, пабачыш большае за гэта.
І кажа яму: — запраўды, запраўды, кажу вам: ад сёньня вы будзеце бачыць неба разчыненае і Ангелаў Божых, узыйходзячы і зыйходзячы над Сынам Чалавечым.