Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага ў аколіцах Тыверыяды.
За Ім пайшло мноства народу, бо бачылі цуды, якія Ён тварыў над нядужнымі.
І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Ісус, павёўшы вачыма, убачыў мноства народу, які йшоў да Яго; і кажа Піліпу: — дзе-б нам купіць хляба, каб накарміць іх?
Сказаў-жа гэтае, каб паспытаць Піліпа, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
Піліп-жа адказаў Яму: — за дзьвесьце дынараў ім ня хопіць хлеба, каб кажнаму дасталося хоць пакрысе.
Адзін з вучняў Ягоных — Андрэй, брат Сымана Пётра — кажа Яму:
Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць хлябін ячных і дзьве рыбіны, але што гэта для такога мноства народу?
Ісус сказаў: — скажэце людзям пасесьці; а было на тым месцы добрае мурава, — і паселі людзі лікам да пяці тысячаў.
Тады Ісус узяў хлябы, і ўзьнесшы хвалу, падаў вучням, а вучні усім сядзячым, таксама і рыбы, хто колькі хацеў.
І калі ўсе пад'елі, сказаў вучням Сваім: — зьбярэце кавалкі астачы, каб нічога не марнавалася.
І сабраўшы, напоўнілі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў дванаццаць карабоў астачы ад яды.
Тады людзі, пабачыўшы цуд, які стварыў Ісус, гаварылі: — запраўды гэта Той Прарок, Якому прызначана было прыйсьці на сьвет.
Ісус-жа, спасьцярогшы, што хочуць падыйсьці ды сілком узяць Яго і зрабіць каралём, зноў аддаліўся на гару адзін.
Калі-ж настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора.
І увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум; і было ўжо цёмна, а Ісус да іх ня прыйходзіў.
Усхадзіўся вялікі вецер, і мора ўсхвалявалася.
Праплыўшы блізу дваццаці пяці або трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса; Ён ішоў па моры, збліжаючыся да лодкі; і яны жахнуліся.
Але Ён сказаў ім: — гэта Я; ня бойцеся.
Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз-жа прыстала да берагу, да якога плылі.
Назаўтра народ, які стаяў на той бок мора, бачыў, што іншай лодкі там ня было, апрача тэй, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго.
Тымчасам прыплылі іншыя лодкі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб па асьвячаньні Гасподнім.
Калі-ж народ разгледзеўся, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Ягоных, то ўвайшлі ў лодкі і прыплылі да Капернауму, шукаючы Ісуса.
І знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: — Раўві, калі Ты сюды прыйшоў?
І сказаў ім Ісус у адказ: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і наеліся.
Працуйце не для тэй пажывы, якая зьніштажаецца, але для тэй якая праводзіць у жыцьцё вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо на Ім Сам Айцец Бог паклаў пячаць Сваю.
Тады сказалі Яму: — што нам рабіць, каб тварыць учынкі Божыя?
Ісус ім у адказ сказаў: — вось учынак Божы, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Яны-ж на гэта сказалі Яму: — якое знаменьне дасі нам, каб мы пабачылі і паверылі Табе? што Ты дзееш?
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: — хлеб з неба даў ім есьці.
Тады сказаў ім Ісус: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам запраўдны хлеб з нябёсаў.
Бо хлеб Божы — гэта Той, Які зыйходзіць з нябёсаў і дае жыцьцё сьвету.
Тады сказалі Яму: — Госпадзе! давай нам заўсёды гэткі хлеб.
І сказаў ім Ісус: Я хлеб жыцьця; хто прыйходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе мець смагі ніколі.
Але Я сказаў вам: — і бачылі Мяне, і ня верыце.
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, а хто да Мяне прыходзіць, не адкіну прэч.
Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб тварыць волю Сваю, але волю Айца Майго, Які паслаў Мяне.
Воля-ж Айца Майго такая, каб не загубіць нічога з таго, што Ён даў Мне, але ўваскрасіць ўсё тое ў апошні дзень.
Гэткая воля Яго, Хто паслаў Мяне, каб кажны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Тады юдэі пачалі глуміцца над Ім, што сказаў: — Я ёсьць хлеб, што з неба зыйшоў.
— І гаварылі: — ці-ж ня сын Ён Язэпаў, бацьку і матку Якога мы ведаем? як-жа Ён гаворыць: — Я з неба зыйшоў?
І сказаў ім Ісус у адказ: — не праракайцеся між сабою.
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец Мой, Хто паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
У прарокаў напісана: — і будуць усе навучаныя ад Бога; кажны, хто выслухаў Айца і быў навучаны, прыйходзіць да Мяне.
Ня так, каб абы хто мог бачыў Айца, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Бацькі вашыя елі манну ў пустыні, і памерлі.
Хлеб-жа, які з неба зыйходзіць, гэткі, што не памрэ той, хто спажывае яго.
Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў; хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна; хлеб-жа, які Я дам — гэта Цела Маё, якое Я дам за жыцьцё сьвету.
І спрачаліся між сабою юдэі, кажучы: — як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?
Ісус-жа сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: калі ня будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і Крыві Ягонае, то ня будзеце мець ў сабе жыцьця.
Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Бо Цела Маё — гэта запраўдная пажыва, і Кроў мая — запраўднае пітво.
Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, ува Мне ёсьць, і Я ў ім.
Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так праз Мяне жыць будзе той, хто спажывае Мяне.
Гэта ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў; ня так, як айцы вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе павек.
Гэтае гаварыў, навучаючы ў сынагозе ў Капернауме.
Тады многія з вучняў Яго, слухаючы, гаварылі: — жорсткія словы гэтыя, і хто можа выслухаць гэткае?
Ісус-жа, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта здраджае вас?
А што, калі ўгледзіце Сына Чалавечага, узыйходзячы туды, дзе быў раней?
Дух ажыцьцяўляе, цела-ж бездапаможнае; словы, якія вам гавару — гэта дух і жыцьцё.
Але ёсьць з вас некаторыя няверныя, бо Ісус наперед ведаў, каторыя былі няверныя, і хто выдасьць Яго.
І сказаў: — дзеля таго Я і гавару вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена ад Айца Майго.
З таго часу шмат вучняў адыйшло ад Яго, і ўжо не хадзілі з Ім.
Тады сказаў Ісус дванаццацём: — ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Адказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! да каго пайдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
Мы-ж уверылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.
Ісус адказаў ім: — ці не дванаццацёх Я вас выбраў, але адзін з вас злыдух.
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сыманавага Іскарыёта, бо гэты — адзін з дванаццацёх — меў прадаць Яго.