Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага ў аколіцах Тыверыяды.
 
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок Галілейскага або Тывэрыядзкага мора.

За Ім пайшло мноства народу, бо бачылі цуды, якія Ён тварыў над нядужнымі.
 
І йшло за Ім мноства народу, бо бачылі цуды, акія Ён учыніў з хворымі.

І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
 
І ўзыйшоў Ісус на ўзгорак і там сеў з Сваімі вучнямі.

Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
 
А было блізка жыдоўскае сьвята Пасхі.

Ісус, павёўшы вачыма, убачыў мноства народу, які йшоў да Яго; і кажа Піліпу: — дзе-б нам купіць хляба, каб накарміць іх?
 
Ісус падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што да Яго йдзе многа народу, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлеба, каб іх накарміць?

Сказаў-жа гэтае, каб паспытаць Піліпа, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
 
Казаў-жа Ён гэта выведваючы ў яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.

Піліп-жа адказаў Яму: — за дзьвесьце дынараў ім ня хопіць хлеба, каб кажнаму дасталося хоць пакрысе.
 
Піліп адказаў Яму: ім на дзьвесьце дынараў будзе мала хлеба, каб кожнаму з іх дасталося хоць па крысе.

Адзін з вучняў Ягоных — Андрэй, брат Сымана Пётра — кажа Яму:
 
Адзін з Ягоных вучняў, Андрэй брат Сымона Пятра, кажа Яму:

Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць хлябін ячных і дзьве рыбіны, але што гэта для такога мноства народу?
 
Тут ёсьць у аднаго хлапца пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы, але што гэта для такога мноства?

Ісус сказаў: — скажэце людзям пасесьці; а было на тым месцы добрае мурава, — і паселі людзі лікам да пяці тысячаў.
 
Ісус сказаў: кажэце людзям пасядаць. Была-ж на тым мейсцы густая трава. І вось пасядалі мужчыны лікам каля пяцёх тысячаў.

Тады Ісус узяў хлябы, і ўзьнесшы хвалу, падаў вучням, а вучні усім сядзячым, таксама і рыбы, хто колькі хацеў.
 
І ўзяў Ісус хлебы і, аддаўшы хвалу, раздаў сядзеўшым; таксама і рыбы, колькі хто хацеў.

І калі ўсе пад'елі, сказаў вучням Сваім: — зьбярэце кавалкі астачы, каб нічога не марнавалася.
 
І як пад’елі, сказаў Сваім вучням: пазьбірайце кускі, якія асталіся, каб нічога не прапала.

І сабраўшы, напоўнілі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў дванаццаць карабоў астачы ад яды.
 
І пазьбіралі і напоўнілі дзьвянаццаць кашоў кускамі ад пяцёх ячменных хлябоў, якія асталіся ў тых, што елі.

Тады людзі, пабачыўшы цуд, які стварыў Ісус, гаварылі: — запраўды гэта Той Прарок, Якому прызначана было прыйсьці на сьвет.
 
Людзі-ж, што бачылі цуд, які зрабіў Ісус, сказалі: гэта сапраўды той прарок, што мае прыйсьці ў сьвет.

Ісус-жа, спасьцярогшы, што хочуць падыйсьці ды сілком узяць Яго і зрабіць каралём, зноў аддаліўся на гару адзін.
 
Ісус-жа, ведаючы, што хочуць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адыйшоў на гару адзін.

Калі-ж настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора.
 
Калі-ж настаў вечар, дык Ягоныя вучні зыйшлі да мора

І увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум; і было ўжо цёмна, а Ісус да іх ня прыйходзіў.
 
і ўвайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыйходзіў да іх.

Усхадзіўся вялікі вецер, і мора ўсхвалявалася.
 
Мора-ж хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.

Праплыўшы блізу дваццаці пяці або трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса; Ён ішоў па моры, збліжаючыся да лодкі; і яны жахнуліся.
 
Праплыўшы каля дваццеці пяці, ці трыццаці стадыяў, яны ўбочылі Ісуса, як Ён ішоў па моры і збліжаўся да чаўна і спалохаліся.

Але Ён сказаў ім: — гэта Я; ня бойцеся.
 
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!

Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз-жа прыстала да берагу, да якога плылі.
 
Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да зямлі, да якое плылі.

Назаўтра народ, які стаяў на той бок мора, бачыў, што іншай лодкі там ня было, апрача тэй, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго.
 
На наступны дзень грамада, якая стаяла на тым баку мора і бачыла, што там ня было другога чаўна, апрача аднаго, і што Ісус не ўвайходзіў разам з вучнямі ў той човен, але вучні адплылі самыя,

Тымчасам прыплылі іншыя лодкі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб па асьвячаньні Гасподнім.
 
а іншыя чаўны прыплылі з Тывэрыяды недалёка ад таго мейсца, дзе елі хлеб пасьля таго, як Госпад яго пабагаславіў.

Калі-ж народ разгледзеўся, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Ягоных, то ўвайшлі ў лодкі і прыплылі да Капернауму, шукаючы Ісуса.
 
Вось-же, калі народ угледзеў, што няма ні Ісуса, ні Ягоных вучнаў, то ўвайшлі ў чаўны і пераплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.

І знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: — Раўві, калі Ты сюды прыйшоў?
 
І знайшоўшы Яго на другім баку мора, казалі Яму: Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?

І сказаў ім Ісус у адказ: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і наеліся.
 
І адказваючы ім Ісус сказаў: сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, але таму, што елі хлеб і насыціліся;

Працуйце не для тэй пажывы, якая зьніштажаецца, але для тэй якая праводзіць у жыцьцё вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо на Ім Сам Айцец Бог паклаў пячаць Сваю.
 
працуйце-ж не дзеля ежы, якая гіне, але дзеля тае ежы, што трывае на вечнае жыцьцё, якую дасьць Сын Чалавечы, бо Яго азначыў сваею пячацьцю Айцец Бог.

Тады сказалі Яму: — што нам рабіць, каб тварыць учынкі Божыя?
 
Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб выконваць Божыя справы?

Ісус ім у адказ сказаў: — вось учынак Божы, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
 
І адказваючы ім Ісус сказаў: справы Божыя ў тым, каб вы ўверылі ў Таго, Каго Ён паслаў.

Яны-ж на гэта сказалі Яму: — якое знаменьне дасі нам, каб мы пабачылі і паверылі Табе? што Ты дзееш?
 
Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?

Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: — хлеб з неба даў ім есьці.
 
Нашыя бацькі елі манну ў пустыні, як пісана: "Хлеб з неба даў ім есьці".

Тады сказаў ім Ісус: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам запраўдны хлеб з нябёсаў.
 
Ісус-жа сказаў ім: сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Мой Айцец дае вам праўдзівы хлеб з неба,

Бо хлеб Божы — гэта Той, Які зыйходзіць з нябёсаў і дае жыцьцё сьвету.
 
бо Божы хлеб ёсьць той, што зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету.

Тады сказалі Яму: — Госпадзе! давай нам заўсёды гэткі хлеб.
 
Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.

І сказаў ім Ісус: Я хлеб жыцьця; хто прыйходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе мець смагі ніколі.
 
Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галадаваць, і хто веруе ў Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.

Але Я сказаў вам: — і бачылі Мяне, і ня верыце.
 
Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.

Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, а хто да Мяне прыходзіць, не адкіну прэч.
 
Усё, што дае Мне Айцец, прыйдзе да Мяне, і таго, што прыходзіць да Мяне, ня выганю вон,

Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб тварыць волю Сваю, але волю Айца Майго, Які паслаў Мяне.
 
бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, што паслаў Мяне;

Воля-ж Айца Майго такая, каб не загубіць нічога з таго, што Ён даў Мне, але ўваскрасіць ўсё тое ў апошні дзень.
 
воля-ж паслаўшага Мяне ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўсё гэтае ўваскрасіць у апошні дзень.

Гэткая воля Яго, Хто паслаў Мяне, каб кажны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 
Воля паслаўшага Мяне Айца ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сыне і веруе ў Яго, меў вечнае жыцьцё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Тады юдэі пачалі глуміцца над Ім, што сказаў: — Я ёсьць хлеб, што з неба зыйшоў.
 
Жыды абурыліся на Яго за тое, што сказаў: Я хлеб жыцьця, што зыйшоў з неба.

— І гаварылі: — ці-ж ня сын Ён Язэпаў, бацьку і матку Якога мы ведаем? як-жа Ён гаворыць: — Я з неба зыйшоў?
 
І гаварылі: ці-ж ня ёсьць гэта Ісус сын Язэпа, Якога мы знаем бацьку і матку? Дык як-жа Ён кажа: Я зыйшоў з неба?

І сказаў ім Ісус у адказ: — не праракайцеся між сабою.
 
Ісус-жа адказаў ім і сказаў: не абурайцеся між сабою;

Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец Мой, Хто паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, што паслаў Мяне, ня прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

У прарокаў напісана: — і будуць усе навучаныя ад Бога; кажны, хто выслухаў Айца і быў навучаны, прыйходзіць да Мяне.
 
У прарокаў ёсьць напісана: І ўсе будуць навучаны Богам. Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, той прыходзіць да Мяне.

Ня так, каб абы хто мог бачыў Айца, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
 
Не таму быццам нехта бачыў Айца акрамя Таго, хто ад Бога, той бачыў Айца,

Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыцьцё.

Я — хлеб жыцьця.
 
Я хлеб жыцьця.

Бацькі вашыя елі манну ў пустыні, і памерлі.
 
Вашыя бацькі елі манну ў пустыні і паўміралі,

Хлеб-жа, які з неба зыйходзіць, гэткі, што не памрэ той, хто спажывае яго.
 
хлеб-жа, які зыходзіць з неба, такі, што не памрэ, хто есьць яго.

Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў; хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна; хлеб-жа, які Я дам — гэта Цела Маё, якое Я дам за жыцьцё сьвету.
 
Я хлеб жывы, што зыйшоў з неба: хто есьць гэты хлеб, будзе жыць вечна. Хлеб-жа, які Я дам, ёсьць Маё цела, каторае Я аддам за жыцьцё сьвету.

І спрачаліся між сабою юдэі, кажучы: — як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?
 
І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Сваё цела?

Ісус-жа сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: калі ня будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і Крыві Ягонае, то ня будзеце мець ў сабе жыцьця.
 
Ісус-жа сказаў ім: сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці цела Чалавечага Сына і піць Ягонае крыві, то ня будзеце мець у сабе жыцьця.

Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 
Хто есьць Маё цела і п’е Маю кроў, мае вечнае жыцьцё і ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо Цела Маё — гэта запраўдная пажыва, і Кроў мая — запраўднае пітво.
 
Бо Маё цела сапраўды ёсьць ежа, і Мая кроў сапраўды ёсьць напітак;

Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, ува Мне ёсьць, і Я ў ім.
 
і хто есьць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне прабывае і Я ў ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так праз Мяне жыць будзе той, хто спажывае Мяне.
 
адсутнічае

Гэта ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў; ня так, як айцы вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе павек.
 
адсутнічае

Гэтае гаварыў, навучаючы ў сынагозе ў Капернауме.
 
адсутнічае

Тады многія з вучняў Яго, слухаючы, гаварылі: — жорсткія словы гэтыя, і хто можа выслухаць гэткае?
 
адсутнічае

Ісус-жа, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта здраджае вас?
 
адсутнічае

А што, калі ўгледзіце Сына Чалавечага, узыйходзячы туды, дзе быў раней?
 
адсутнічае

Дух ажыцьцяўляе, цела-ж бездапаможнае; словы, якія вам гавару — гэта дух і жыцьцё.
 
адсутнічае

Але ёсьць з вас некаторыя няверныя, бо Ісус наперед ведаў, каторыя былі няверныя, і хто выдасьць Яго.
 
адсутнічае

І сказаў: — дзеля таго Я і гавару вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена ад Айца Майго.
 
адсутнічае

З таго часу шмат вучняў адыйшло ад Яго, і ўжо не хадзілі з Ім.
 
адсутнічае

Тады сказаў Ісус дванаццацём: — ці ня хочаце і вы адыйсьці?
 
адсутнічае

Адказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! да каго пайдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
 
адсутнічае

Мы-ж уверылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.
 
адсутнічае

Ісус адказаў ім: — ці не дванаццацёх Я вас выбраў, але адзін з вас злыдух.
 
адсутнічае

Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сыманавага Іскарыёта, бо гэты — адзін з дванаццацёх — меў прадаць Яго.
 
адсутнічае