Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Пасьля гэтага хадзіў Ісус па Галілеі; па Юдэі не хацеў хадзіць, бо юдэі намераліся забіць Яго.
Надыйходзіла юдэйскае сьвята — пастаўленьне Кушчаў.
Тады браты Яго сказалі Яму: — адыйдзі адгэтуль ды пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі ўчынкі Твае, якія творыш.
Ніхто-ж нічога ня творыць патаемна, але хоча сам сябе выявіць; калі Ты творыш гэткія чыны, то пакажы Сябе сьвету.
Бо і браты Яго ня ўверылі ў Яго.
І сказаў ім Ісус: — не настаў яшчэ час Мой, а для вас заўсёды час.
Вас сьвет ня можа ненавідзець, Мяне-ж ненавідзіць, бо Я сьветчу пра яго, што ўчынкі яго паганыя.
Ідзеце вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня прыйшоў.
Гэтае сказаўшы ім, Сам астаўся ў Галілеі.
Але, як адыйшлі браты Яго, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, але нібы патаемна.
Юдэі-ж шукалі Яго на сьвяце, дапытваючыся, дзе Ён.
І шмат перасудаў было пра Яго ў народзе: адны гаварылі, што Ён добры, іншыя запярэчвалі: — не, бо зводзіць народ.
Але ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, бо баяліся юдэяў.
А ўжо ў палове сьвята ўвайшоў Ісус у храм і навучаў.
І дзівіліся юдэі, кажучы: — як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
Ісус-жа, ў адказ гаварыў ім: — Маё вучэньне не ад Меня, але ад Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі хто хоча выконваць волю Ягоную, даведаецца пра навуку: ці яна ад Бога, ці я Сам ад Сябе гавару.
Хто Сам ад Сябе гаворыць, Той славы Сабе шукае, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той справядлівы, і няма няпраўды ў Ім.
Ці-ж ня даў вам Майсей закону? а ніхто з вас ня трымаецца закону; за што шукаеце забіць Мяне?
З грамады ў адказ сказалі: — ці ня злыдух у Табе? хто шукае забіць Цябе?
Ісус гаварыў далей: — адзін учынак Я выканаў, і вы ўсе дзівіцеся.
Майсей даў вам абразаньне, хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
Калі-ж ў сыботу чалавек прыймае абразаньне, каб не парушаць закону Майсеевага, чаму-ж зьненавідзелі Мяне за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у сыботу?
Ня судзеце з пазору, але судзеце судом справядлівым.
Тады некаторыя з жыхароў Ерусаліму гаварылі: — ці ня Той гэта, Каго шукаюць забіць?
І вось адкрыта гаворыць, і нічога Яму ня кажуць, ці не праканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
Але мы ведаем Яго, адкуль Ён, калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
Тады Ісус усклікнуў у храме і, павучаючы гаварыў: — і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Каго вы ня знаеце.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
Тады памкнуліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рукі, бо ня прыйшоў яшчэ час Яго.
Многія-ж з народу ўверылі ў Яго і гаварылі: — ці-ж можа Хрыстос, прыйшоўшы, тварыць большыя чуды, як Ён творыць?
Дачуліся фарысеі пра гэткія разважаньня і толкі ў народзе; і фарысеі і архісьвятары паслалі слугаў сваіх, каб схапіць Яго.
Ісус-жа тады сказаў: — яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Яго, Хто паслаў Мяне.
Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
Юдэі-ж разважалі між сабою: — куды Ён хоча ісьці, што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Эльлінскае рассяленьне і навучаць Эльлінаў?
І што азначаюць словы гэтыя, як Ён сказаў: — будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце — і — дзе Я ёсьць, туды вы ня можаце прыйсьці?
У апошні-ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і заклікнуў, прамаўляючы: — хто мае смагу, няхай прыходзіць да Мяне і п'е.
Хто верыць у Мяне, у таго, як гаворыцца ў Пісаньні, з нутра пацякуць рэкі вады жывое.
Гэтае сказаў Ён пра Духа, Якога мелі прыняць тыя, хто ўверыў у Яго; ня было-ж яшчэ на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены.
Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, гаварылі: — Ён запраўды прарок.
Іншыя гаварылі: — гэта Хрыстос; а некаторыя сказалі: — ці-ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
Ці-ж не сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з се́ньня Давыдава, і з места Бэтлеэму, адкуль быў Давыд.
І пачаліся з-за Яго спрэчкі ў народзе.
Некаторыя-ж парываліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рук.
Тымчасам вярнуліся слугі архісьвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: — чаму вы не прывялі Яго?
Слугі адказалі: — ніколі не гаварыў так чалавек, як гэты Чалавек.
Фарысеі-ж сказалі ім: — няўжо і вы ўпалі ў блуд?
Ці-ж уверыў у Яго хтось з начальнікаў ці фарысеяў?
І што за народ гэты пракляты, што ня ведае законаў?
І сказаў ім Нікадым, адзін з іх, які прыйходзіў да Яго ўначы: —
Ці-ж судзіць наш закон чалавека, ня выслухаўшы перш яго, і не даведаўшыся, што ён робіць?
На гэта адказалі яму: — ці не з Галілеі і ты? разгледзься, і ўбачыш, што з Галілеі прарок ня прыходзіць.
І разыйшліся кажны ў дом свой.