Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

На трэйці дзень вясельле было ў Кане Галілейскай; і была там Маці Ісуса.
 

Быў-жа таксама зазваны на вясельле Ісус і вучні Ягоныя.
 

І калі нехапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: віна ня маюць.
 

Ісус-жа сказаў Ёй: — што Мне і табе, Жанчына? не настаў яшчэ час Мой.
 

Маці-ж Яго гаворыць слугам: — што вам скажа, зрабеце.
 

Было-ж там шэсьць каменных пасудзін, па дзьве або па тры меры кажная, якія стаялі за звычаем ачышчэньня юдэйскага.
 

Ісус кажа ім: — запоўніце пасудзіны вадою; і залілі дапаўна.
 

І сказаў ім: — цяпер чэрпайце і нясеце да вясельнага маршалка; і панясьлі.
 

Калі-ж маршалак спрабаваў віна створанага з вады, — ён-жа ня ведаў, скуль яно, слугі-ж, якія чэрпалі ваду, ведалі, — тады падклікае маладога;
 

І кажа яму: — кажны чалавек перш падае добрае віно, а як уп'юцца, тады горшае; ты-ж добрае віно захаваў аж дагэтуль.
 

Гэтак у Кане Галілейскай палажыў Ісус пачатак цудам, і выявіў славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя.
 

Пасьля гэтага прыйшоў у Капернаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Ягоныя, і там прабылі некалькі дзён.
 

Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім.
 

І пабачыў, што ў храме прадаваліся авечкі, валы, галубы; там-жа сядзелі і мяняльнікі грошэй.
 

І, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з храму ўсіх: і авец, і валоў, і грошы ў мяняльнікам рассыпаў, і сталы перавярнуў.
 

І сказаў гандлярам галубамі: — забярэце гэта адсюль, і Дом Айца Майго не ператварайце ў дом гандлю.
 

Тады ўспомнілі вучні Ягоныя, што напісана: — «трывога за Дом Твой зьядае Мяне».
 

Юдэі-ж у адказ сказалі Яму: — які знак падасі нам, што Ты волен рабіць гэтак?
 

І сказаў Ісус ім у адказ: — зруйнуйце храм гэты, і Я ў тры дні ўздыму Яго.
 

Сказалі-ж юдэі: — сорак шэсьць год будаваўся храм гэты, і ці Табе ў тры дні адбудаваць яго?
 

Гаварыў-жа Ён пра храм Цела Свайго.
 

Калі-ж уваскрос з мертвых, успомнілі вучні Ягоныя, што казаў гэта і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.
 

Калі-ж быў у Ерусаліме ў сьвята Пасхі, многія ўверылі ў імя Ягонае, пабачыўшы цуды, якія тварыў.
 

Але Сам Ісус не зьвяраўся ім, бо ведаў усіх.
 

І не патрабаваў, каб хто сьветчыў за чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.