Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Прадстаўляю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу Царквы Кенхрэйскай,
 
Даручаю ж вам Фэбу, сястру нашую, якая ёсьць служыцелькай царквы ў Кенхрэях,

каб вы прынялí яе дзеля Госпада, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэбу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.
 
каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як дастойна сьвятым, і дапамаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была падтрымкай для многіх і для мяне самога.

Віта́йце Прыскілу і Акілу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе,
 
Прывітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,

якія галовы свае клалі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзячны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх Царкву.
 
якія за душу́ маю́ падстаўлялі шыі свае, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе цэрквы паганаў, і царкву, якая ў іхнім доме.

Вітайце ўзлю́бленага майго Эпенета, які стаў пе́ршынцам Ахаіі для Хрыста.
 
Прывітайце Эпэнэта, улюбёнага майго, які ёсьць зачаткам Ахаі для Хрыста.

Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.
 
Прывітайце Марыю, якая шмат працавала дзеля нас.

Вітайце Андранíка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былí вязнямі разам са мною, яны добра вядомы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.
 
Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя між апосталаў і якія раней за мяне былі ў Хрысьце.

Вітайце Амплíя, узлю́бленага майго ў Госпадзе.
 
Прывітайце Амплія, улюбёнага майго ў Госпадзе.

Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахíя, узлю́бленага майго.
 
Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, улюбёнага майго.

Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце веруючых з дому Арыставу́ла.
 
Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Прывітайце тых, якія Арыстабулавы.

Вітайце Ірадыёна, сваяка майго. Вітайце дамашніх Наркíса, якія ў Госпадзе.
 
Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце з Наркісавых тых, якія ў Госпадзе.

Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзеля Госпада. Вітайце Персíду ўзлюбленую, якая шмат працавала дзеля Госпада.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе. Прывітайце лю́бую Пэрсіду, якая шмат працавала ў Госпадзе.

Вітайце Руфа, абранага ў Госпадзе, і маці яго і маю́.
 
Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю.

Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермíя і іншых з імі братоў.
 
Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Германа, Патроба, Гермеса і братоў, якія з імі.

Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых.
 
Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх сьвятых, якія з імі.

Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Цэрквы Хрыстовы.
 
Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовыя.

Сцеражы́цеся тых, што разлады і спакусы учыняюць, насуперак вучэнню, якое вы спазналі, і ўхіляйцеся ад іх;
 
Прашу вас, браты, зважайце на тых, якія робяць нязгоду і згаршэньні насуперак навуцы, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх.

бо яны служаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды красамоўствам і салодкімі словамі падманваюць сэрцы прастадушных.
 
Бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму жывату, і красамоўствам ды ласкавасьцю зводзяць сэрцы нявінных.

Ваша паслушэнства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі му́дрымі на дабро і бясхітраснымі на зло.
 
Бо вашая паслухмянасьць вядомая ўсім, дык я радуюся дзеля вас, але хачу, каб вы былі мудрыя на добрае і шчырымі на благое.

А Бог міру звергне сатану пад ногі вашы неўзабаве. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь.
 
А Бог супакою неўзаба́ве скры́шыць шата́на пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.

Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукíй, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́.
 
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатр, сваякі мае.

Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне.
 
Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, які пісаў гэтае пасланьне.

Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі скарбнік, і брат Ква́рт.
 
Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і для ўсяе царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік гораду, і брат Кварт.

Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.