2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Гэта ўжо другое пасла́нне пішу вам, узлю́бленыя; у іх напамíнам абуджа́ю ваша чы́стае мы́сленне,
Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць,
каб вы па́мяталі словы, раней ска́заныя святы́мі праро́камі, і перада́дзеную апосталамі вашымі за́паведзь Госпада і Спасіцеля:
каб вы памяталі словы, якія ўжо даўно былі сказаныя сьвятымі прарокамі поруч прыказаньні Госпада і Збаўцы, перададзеныя вам апосталамі.
найперш ве́дайце, што ў апо́шнія дні пры́йдуць наха́бныя глумлíўцы, якія жыву́ць паво́дле сваіх ўла́сных пажа́днасцей
Перад усім ведайце, што ў апошнія дні паявяцца паклёпнікі з кпінамі, каторыя будуць хадзіць паводле сваіх пажаданьняў
і ка́жуць: «дзе абяца́нне прышэ́сця Яго́ бо з таго часу, як спачы́лі айцы, усё застае́цца такім са́мым ад пача́тку стварэ́ння».
і будуць пытацца: "Дзе ж абяцаньне Ягонага прыходу? Вось з тога часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку сьвету".
Скры́та ад іх, бо са́мі таго хо́чуць, што неба было́ здаўна́ і зямля ўтво́рана з вады́ і вадою па слову Божаму;
Бо ня ведаюць яны, што думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
таму тагача́сны свет загíнуў, пато́плены вадою.
ды што праз яе той сьвет загінуў, затоплены вадою.
А цяпе́рашнія неба і зямля́, захава́ныя тым самым Словам, зберага́юцца для агню́ на дзень суда́ і пагíбелі бязбо́жных людзе́й.
А цяперашнія неба і зямлю тое самае слова захавала для агню, на дзень суду і загубы бязбогіх людзей.
Адно тое няхай не будзе скры́та ад вас, узлю́бленыя, што ў Госпада адзін дзень — як ты́сяча гадоў, і ты́сяча гадоў — як адзін дзень.
Няхай для вас, дарагія, ня будзе тайнай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Не мару́дзіць Гасподзь з абяца́ным, як некато́рыя лíчаць, што гэта мару́длівасць, а доўга це́рпіць Ён нас, не жада́ючы, каб хто загíнуў, але каб усе прыйшлí да пакая́ння.
Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы для вас, ня хочучы нічыёй загубы, але хочучы ўсіх давесьці да навярненьня.
Дзень жа Гасподні пры́йдзе, як зло́дзей уначы́, і тады нябёсы з гру́катам міну́ць, стыхіі ж, распа́леныя, разбу́рацца, а зямля і ўсё, што на ёй, будзе спа́лена.
Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба з шумам вялікім праміне, стыхіі ў агні растопяцца, а зямля і ўсе творы на ёй згараць.
Калі так усё гэта разбу́рана будзе, то якімі павíнны быць у святы́м жыццí і набо́жнасці вы,
Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці,
што чака́еце і жада́еце прышэ́сця дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, рабу́рацца і распа́леныя стыхíі распла́вяцца́
калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымеючы, счэзнуць, і стыхіі ў агні рассыпяцца.
Але мы чака́ем, паво́дле Яго абяца́ння, новага неба і новае зямлí, на якіх пра́веднасць жыве́.
Аднак, паводле абяцаньня мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасьць.
Таму, узлю́бленыя, чака́ючы гэтага, пастара́йцеся, каб Ён знайшо́ў вас незапля́мленымі і беззага́ннымі, у мíры;
Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб (Ён) застаў вас у супакоі.
і доўгацярпе́нне Госпада нашага лічы́це спасе́ннем, як і ўзлю́блены брат наш Павел, паводле да́дзенай яму праму́драсці, напіса́ў вам,
І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павал у сваёй мудрасьці напісаў вам,
як ён гаворыць пра гэта і ва ўсіх пасла́ннях, у якіх ёсць нешта ця́жкае для разуме́ння, што недасве́дчаныя і неўмацава́ныя, перакру́чваюць, як і іншыя Піса́нні, на сваю ўла́сную пагібель.
і ва ўсіх лістах аб гэтым гаворыць, у якіх ёсьць некаторыя справы цяжкія для разуменьня, якія людзі недавучаныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісаньні, на сваю загубу.
Дык вы, узлю́бленыя, ве́даючы пра гэта за́гадзя, сцеражы́цеся, каб вам не падда́цца аблу́дзе беззако́ннікаў і не адпа́сці ад таго, у чым вы ўмацава́ны,
Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб ня ўблытацца ў аблуду, і не адпасьці ад свайго умацаваньня.
узраста́йце ж у благада́ці і пазна́нні Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень ве́чны. Амíнь.
Дык узрастайце ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасьці. Амэн.