Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, — двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца.
Якуб, слуга Бога і Госпада Езуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленьняў, што ў расьцярушаньні.
За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,
Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасьць, калі вас трывожаць розныя спакусы.
ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;
Ведайце, што выпрабаваньне веры вашай выклікае цярплівасьць.
цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былí даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.
Цярплівасьць жа вядзе да чыну дасканалага, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.
Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, — і будзе да́дзена яму́.
Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра без дакораў, і дасьць яму.
Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;
Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.
няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.
Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,
Чалавек з раздво́енай душою — няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.
бо ён — чалавек двудушны ды нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.
Няхай жа ганары́цца брат прынíжаны ўзвы́шанасцю сваёю,
Хай пакорны брат ганарыцца са свайго падвышэньня,
а багаты — прынíжанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;
а багаты — са свайго паніжэньня, бо праміне, як краска палявая.
узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.
Бо ўзыйшло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды завяла разам краска, і счэз прыгожы выгляд. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.
Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.
Шчасьлівы чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаваньні атрымае вянок жыцьця, абяцаны Богам тым, што любяць Яго.
Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: «Бог мяне спакуша́е»; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,
Хай ніхто спакушаны ня кажа, што Бог яго спакушае, бо Бог не дазнае спакусы зла, ды нікога не спакушае.
а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае і зама́ньвае;
Зводзіць кожнага сваё пажаданьне ды яго прывабнасьць.
потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.
А пажаданьне, пачаўшы, спрычыняе грэх, а дапушчаны грэх спрычыняе сьмерць.
Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:
Не дапушчайцеся грэху, браты мае найдаражэйшыя!
усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяцíлаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.
Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з гары ад Айца сьвятла зыходзіць, у каторага няма перамены ані ценю зьменнасьці.
Ён пажада́ў і нарадзíў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.
Нарадзіў нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Ягоных тварэньняў.
Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу,
Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі слухаць, а павольны да гутаркі ды няскоры да злосьці.
бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.
Бо злосьць чалавека не спрычыняецца да справядлівасьці Божай.
Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымíце пасе́янае слова, якое можа спасцí ду́шы вашы.
Дык адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосьць, і з пакораю прыймайце засеянае ў вас слова, каторае можа збавіць душы вашыя.
Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.
Будзьце выканаўцамі слова, а ня толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.
Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:
Бо калі хто толькі слухае слова, а не спаўняе яго, ён падобны да чалавека, які аглядае ўласны воблік свой у люстэрку;
ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў — і адразу забыў, які ён.
бо ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся і зараз забыўся, якім ён быў.
Але хто спасцíгне закон даскана́лы — закон свабоды — і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.
Хто ж спазнае дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не забываючым слухачом, але выканаўцам чыну, і шчасьлівы будзе ў сваёй дзейнасьці.
Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.
Калі хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом — у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.
Пабожнасьць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іхніх бедах ды беззаганным усьцерагчыся ад гэтага сьвету.