Да Каласянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат,
 
Павал, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і Цімафей, брат,

тым, што ў Калосах, святым і верным братам у Хрысце Іісусе:
 
сьвятым і веручым братам у Хрысьце Езусе, пражываючым у Калосах: Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.

благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Іісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас,
 
Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас

дачуўшыся пра веру вашу ў Хрыста Іісуса і пра любоў, якую вы маеце да ўсіх святых,
 
і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Езуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх сьвятых,

у надзеі на ўгатава́нае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў слове ісціны, у дабравесці,
 
дзеля надзеі, што запэўнена вам у небе, аб якой чулі вы ў слове праўды Эвангельля,

якое прыйшло да вас; як і ва ўсім свеце яно і пладаносіць, і ўзрастае, так і сярод вас ад таго дня, як вы пачулі і спазналі благадаць Божую ў ісціне,
 
якая дайшла да вас, як і разыйшлася па ўсім сьвеце і дае плады, і расьце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,

як і навучыліся ад Эпафраса, узлюбленага суработніка нашага, вернага дзеля вас служыцеля Хрыстовага,
 
як вас навучыў Эпафрас, супрацоўнік наш найдаражэйшы, верны для вас слуга Езуса Хрыста,

які і паведаміў нам пра вашу любоў у духу.
 
які таксама апавясьціў нас пра вашую любоў у Духу.

Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся спазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і разуменні духоўным,
 
Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць (Бога), каб вы напоўніліся пазнаньнем волі Ягонай у-ва ўсякай мудрасьці і духовым разуменьні,

каб жылі дастойна Госпада, ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод ва ўсякай справе добрай і ўзрастаючы ў спазнанні Бога,
 
і каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім Яму падабаючыся, прыносячы плод у кожным добрым дзеяньні і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога,

умацоўваючыся ўсякаю сілаю паводле магутнасці славы Яго, на трываласць ва ўсім і доўгацярплівасць з радасцю,
 
дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасьці славы Ягонай у-ва ўсякай цярплівасьці і велікадушнасьці,

узносячы падзяку Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле,
 
з радасьцю дзякуючы Айцу, які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе сьвятых у сьвятле,

Які вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства ўзлюбленага Сына Свайго,
 
які вырваў нас з улады цемры і перанёс нас у каралеўства Сына ўмілаванага свайго,

у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў,
 
у якім атрымалі мы адкупленьне і адпушчэньне грахоў.

Які ёсць вобраз Бога нябачнага, першанароджаны раней за ўсякае стварэнне;
 
Ён (Хрыстос) ёсьць вобраз нябачнага Бога, Пяршак усяго стварэньня,

бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то прастолы, ці дзяржавы, ці начальствы, ці ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана;
 
бо ў Ім заснована ўсё, што ёсьць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валаданьні, ці начальствы, ці улады. Усё праз Яго і ў Ім створана,

і Ён існуе раней за ўсё, і ўсё ў Ім знаходзіцца.
 
і Ён ёсьць перад усімі, і ўсё ў Ім існуе.

І Ён — галава цела Царквы; Ён — пачатак, першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў пе́ршынства:
 
І Ён — Галава цела Царквы; Ён — пачатак, пяршак з мёртвых, каб у-ва ўсім Ён быў першым,

бо ўгодна было Айцу, каб у Ім заключалася ўся паўната,
 
бо спадабалася (Богу), каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

і каб праз Яго прымірыць з Сабою, устанавіўшы мір праз Яго, Крывёю крыжа Яго, усё — і зямное, і нябеснае.
 
каб праз Яго ўсё пагадзіць з сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсьць, робячы мір кроўю крыжа Ягонага.

І вас, якія калісьці былі чужымі і варожымі Богу ў думках і ліхіх справах,
 
І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі дзеля схільнасьці да ліхіх учынкаў,

цяпер Ён прымірыў у целе Плоці Яго, смерцю Яго, каб паставіць вас святымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою,
 
цяпер пагадзіў у целе сьмерцю цела свайго, каб бачыць вас перад сабою сьвятымі, беззаганнымі і бездакорнымі,

калі толькі вы застаяце́ся цвёрдымі і непахіснымі ў веры і не адпада́еце ад надзеі дабравесця, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэнню паднябеснаму і якому я, Павел, стаў служыцелем.
 
калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму сьвету, якога я, Павал, стаўся слугою.

Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй мук Хрыстовых за Цела Яго, якім з’яўляецца Царква,
 
Цяпер радуюся я з пакутваньняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае Хрыстовым мукам, у сваім целе за Цела Ягонае, якім ёсьць Царква,

служыцелем якой я стаў паводле даручэння Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб у паўнаце абве́сціць слова Божае,
 
каторай я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,

тайну, схаваную ад вякоў і ад родаў, а цяпер адкрытую святым Яго,
 
тайну, схаваную ад вякоў і пакаленьняў, а цяпер выяўленую Ягоным сьвятым,

якім пажадаў Бог паказаць, у чым багацце славы для язычнікаў тайны гэтай, якая ёсць Хрыстос у вас — надзея славы,
 
якім захацеў Бог выявіць багацьці хвалы гэтае тайны сярод паганаў, каторая (тайна гэтая) ёсьць Хрыстос між вамі як надзея хвалы.

Якога мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсёй мудрасці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Іісусе,
 
Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага, і вучачы кожнага чалавека ў-ва ўсякай мудрасьці, каб зрабіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце.

дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, якая дзейнічае ўва мне магутна.
 
Дзеля гэтага я і труджуся, ваюючы пры Яго дапамозе, якою Ён ў-ва мне дзейнічае магутна.