Да Каласянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Гаспадары́, абыхо́дзьцеся з рабамі па праўдзе і справядлівасці, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
 
Гаспадары, аддавайце нявольнікам тое, што ім справядліва і па праву належыцца, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.

Будзьце пастаяннымі ў малітве, трыва́ючы ў ёй з удзячнасцю;
 
Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю,

маліцеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы для слова — абвяшча́ць тайну Хрыстову, за якую я і зняво́лены,
 
молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстовую, дзеля якой я стаўся вязьнем,

каб я вы́казаў яе ясна, як нале́жыць мне абвяшчаць.
 
каб выявіць яе належна моваю.

Са зне́шнімі абыхо́дзьцеся мудра, суадно́сячыся з ча́сам.
 
Адносна тых, што вонках, паступайце мудра, выкарыстоўваючы час.

Слова ваша няхай будзе заўсёды з благадаццю, прыпра́ўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба адказваць кожнаму.
 
Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, што каму адказаць.

Пра мяне ўсё раскажа вам Ціхік, узлюблены брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе;
 
Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны слуга, і супрацоўнік у Госпадзе,

яго я паслаў да вас для таго, уласна, каб ён даведаўся пра вашы справы і суце́шыў сэрцы вашы,
 
якога я паслаў да вас, каб ён даведаўся, як вашы справы, і пацешыў сэрцы вашыя,

разам з Анісімам, верным і ўзлю́бленым бра́там, які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё што тут робіцца.
 
разам з Анісімам, умілаваным і верным братам, каторы з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам.

Вітае вас Арыстарх, зняво́лены разам са мною, і Марк, родзіч Варнавы, — наконт якога вы атрыма́лі наказы: калі прыйдзе да вас, прымíце яго, —
 
Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, — адносна якога вы ўжо атрымалі даручэньні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, —

таксама Іісус, называ́ны Іустам, якія паходзяць з абрэ́заных; гэта адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, якія былí мне суцяшэ́ннем.
 
і Езус, называны Юстам, які з абразаных; толькі яны адны — памагатары мае (у працы) для Каралеўства Божага; яны былі мне пацехаю.

Вітае вас Эпафрас, які з вашых, раб Іісуса Хрыста, які заўсёды падзвіза́ецца ў малітвах за вас, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.
 
Вітае вас Эпафрас, што з вашых, слуга Хрыста Езуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб сталіся вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай.

Све́дчу пра яго, што ён праяўляе вялікую руплíвасць за вас і за тых, хто ў Лаадыкіі і ў Іерапалі.
 
Сьведчу вам адносна яго, што шмат ён папрацаваў для вас і для тых, якія ў Ляодыцэі і Гераполісе.

Вітае вас Лука, лекар узлю́блены, і Дзімас.
 
Вітае вас Лукаш, лекар найдаражэйшы, і Дэмас.

Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і дамашнюю царкву яго.
 
Прывітайце братоў, якія ёсьць у Ляодыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме.

І калі гэтае пасланне будзе прачы́тана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачы́тана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, што з Лаадыкіі, каб і вы прачыталі.
 
І калі гэта пісьмо прачытаеце, зрабіце, каб і ў царкве Ляодыцэйскай было яно прачытана, а тое, што з Ляодыцэі, прачытайце і вы.

І скажыце Архіпу: будзь уважлівы да служэння, якое ты прыня́ў у Госпадзе, каб табе вы́канаць яго.
 
І скажыце Архіпу: "Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада".

Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае аковы. Благадаць з усімі вамі. Амінь.
 
Прывітаньне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка (хай будзе) з вамі.