Да Габрэяў 1 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,
 
Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.

у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.
 
У апошнія ж гэтыя дні, прамовіў Ён да нас праз Сына, якога паставіў спадкаемцам усяго, праз якога стварыў і вякі.

Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,
 
Ён — водбліск славы і адбітак Ягонай істоты, які трымае ўсё словам магутнасьці сваёй і, зьдзейсьніўшы ачышчэньне грахоў, сядзіць праваруч велічы на вышынях,

настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
 
на столькі вышэйшы за анёлаў, на колькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.

Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
 
Каму бо з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Ты — Сын Мой, Я Цябе сягоньня спарадзіў"? Або зноў: "Я буду Яму Бацькам, а Ён будзе Мне Сынам"?

Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя».
 
А калі зноў уводзіць Першароднага ў сьвет, кажа: "І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы".

Пра ангелаў сказана: «Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае».
 
А да анёлаў вось што кажа: "Ён творыць анёламі сваімі духаў і слугамі сваімі полымя агню".

А пра Сына: «прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.
 
А да Сына: "Трон Твой, Божа, на вякі вечныя, скіпер справядлівасьці — скіпер валадарства Твайго.

Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх»;
 
Узьлюбіў Ты справядлівасьць і зьненавідзеў беззаконьне, таму намасьціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх".

і: «у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;
 
І яшчэ: "Ты, Госпадзе, на пачатку заснаваў зямлю, і неба — тварэньне рук тваіх.

яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,
 
Яны прападуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка састарэюць,

і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца».
 
і як адзеньне зьменіш іх, і зьменяцца, а Ты той самы трываеш, і гады Твае ня спыняцца".

Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: «сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
 
Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх ля падножжа ног Тваіх"?

Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?
 
Ці ж ня ўсе яны ёсьць паслугуючымі духамі, пасланымі на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленьне?