Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Цяпер паслу́хайце вы, багатыя, пла́чце і галасíце з-за няшча́сцяў вашых, якія надыхо́дзяць.
Дык жа цяпер, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць на вас.
Бага́цце ваша згніло́, і адзе́нне ваша мо́ллю з’е́дзена.
Багацьці вашы збутвелі, адзеньні вашыя моль стачыла,
Зо́лата ваша і серабро́ заржаве́ла, і ржа іх будзе све́дчаннем су́праць вас і з’е́сць це́лы вашы, як агонь: вы сабра́лі ска́рбы на апо́шнія дні.
золата вашае і серабро паржавела, ды іржа іхняя будзе сьведчаньнем супраць вас і як агонь, будзе нішчыць целы вашыя. Узбагаціліся вы на апошнія дні.
Вось, пла́та, не вы́дадзеная вамі рабо́тнікам, якія жа́лі пале́ткі вашы, крычы́ць, і крыкі жняцо́ў дайшлі да слы́ху Госпада Савао́фа.
Вось жа галосіць заробак работнікаў, што жалі палі вашыя, каторы вы затрымалі і лямант жанцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.
Вы жылí ў раско́шы на зямлі і це́шыліся асало́дамі, вы адкармíлі сэ́рцы вашы як бы́ццам на дзень забо́ю.
Балявалі вы на зямлі ды жылі ў распусьце, напасьвілі сэрцы вашыя на дзень забойства.
Вы асудзíлі, забíлі пра́ведніка; ён не працíвіцца вам.
Засудзілі і забілі вы Справядлівага; Ён не працівіўся вам.
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплíвымі да прышэ́сця Гасподняга. Вось, земляро́б чакае кашто́ўнага пло́ду зямлі і доўга це́рпіць дзе́ля яго, паку́ль дачака́ецца дажджу́ ра́нняга і по́зняга;
Дык будзьце цярплівымі, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як зямляроб, спадзяючыся дарагога плёну зямлі, цярпліва чакае, пакуль ня зыйдзе раньні і позьні дождж,
будзьце доўгацярплíвымі і вы, умацу́йце сэ́рцы ва́шы, таму што прышэ́сце Гасподняе наблíзілася.
гэтак і вы будзьце цярплівымі і ўмацоўвайце сэрцы вашыя, бо набліжаецца прыход Госпадаў.
Не нарака́йце, браты́, адзін на аднаго́, каб не быць вам асу́джанымі: вось, Суддзя́ стаíць перад дзвяры́ма.
Не наракайце, браты, адзін на другога, каб не былі асуджаны, бо ўжо ля дзьвярэй стаіць Судьдзя.
За пры́клад, браты́ мае́, вазьміце паку́тніцтва і доўгацярпе́нне прарокаў, якія прамаўля́лі ў імя́ Гасподняе.
За прыклад, браты, вазьміце стойкасьць і цярплівасьць прарокаў, каторыя прамаўлялі ў імя Госпада.
Вось, мы ўслаўля́ем як блажэ́нных тых, што цярпе́лі. Вы чу́лі пра цярпе́нне Íава і ба́чылі здзе́йсненае Госпадам, бо Гасподзь мнагамíласцівы і спага́длівы.
Вось жа называем шчасьлівымі тых, што вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Гіёба ды бачылі канец яго ад Госпада, бо Госпад вельмі літасьцівы і міласэрны.
Перш за ўсё, браты мае́, не клянíцеся ні небам, ні зямлёю, і нія́каю іншаю кля́тваю, а няхай будзе ў вас «так — так» і «не — не», каб вам не падпа́сці пад асуджэ́нне.
Перад усім, браты мае, не прысягайце ані на неба, ані на зямлю, ані якой іншай прысягай, але няхай будзе ў вас: "так" — "так", і "не" — "не", каб не папасьці пад суд.
Паку́туе нехта з вас? — няха́й мо́ліцца. Ра́дуецца нехта́ — няха́й спява́е псалмы́.
Смуткуе хто з вас? Хай моліцца. Радуецца хто? Хай псальмы сьпявае.
Хварэ́е нехта з вас? — няха́й паклíча прасвíтараў Царквы́, і няха́й памо́ляцца над ім, пама́заўшы яго але́ем у імя́ Гасподняе,
Хварэе хто з вас? Хай пакліча старшых Царквы, ды хай яны моляцца за яго, намашчаючы яго алеем у імя Госпада.
і малітва веры ўрату́е хворага, і пады́ме яго Гасподзь; і калі ён учынíў грахі, то бу́дуць праба́чаны яму́.
І малітва з верай збавіць хворага, і Госпад падыме яго; і калі б меў грахі, будуць яму адпушчаны.
Прызнава́йцеся адзін аднаму ў правíннасцях і малíцеся адзін за аднаго, каб вам ацалíцца: многае можа моцная малітва пра́веднага.
Дык прызнавайцеся адны другім у грахах ды маліцеся адны за другіх, каб атрымалі здароўе. Бо вялікую сілу мае стойкая малітва справядлівага.
Ілія́ быў чалаве́кам падо́бным да нас і малітваю памалíўся ён, каб не было́ дажджу́: і не было́ дажджу́ на зямлі тры гады і шэсць месяцаў;
Гальяш быў чалавекам падобным да нас, але малітваю маліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.
і зноў памаліўся: і неба дало́ дождж, і зямля ўрадзíла плод свой.
Затым зноў маліўся, і неба дало дождж, і зямля выдала свой плён.
Браты! калі хто з вас ухíліцца ад ісціны, і наве́рне яго хто,
Браты мае! Калі б хто з вас адыйшоў ад праўды, а хто другі яго навярнуў,
то няха́й ве́дае: хто навярну́ў грэ́шніка з аблу́днага шля́ху яго, той спасе́ душу́ ад смерці і пакры́е мноства грахоў.
хай ведае той, хто навярнуў грэшніка з блуднай дарогі ягонай, што збавіць душу ягоную ад сьмерці ды закрые многа грахоў.