Адкрыцьцё 15 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І ўба́чыў я íншае знаме́нне на не́бе, вялíкае і дзіво́снае: сем А́нгелаў, якія ма́юць сем бе́дстваў апо́шніх, бо імі завярша́лася я́расць Божая.
 
I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі карамі, бо на іх спыніцца гнеў Божы.

І ўба́чыў я нíбы мо́ра шкляно́е, змяша́нае з агнём, і тых, што перамаглí зве́ра, і выя́ву яго, і кляймо́ яго, і лíчбу íмені яго; яны стая́ць на мо́ры шкляны́м, трыма́ючы гу́слі Божыя,
 
I ўбачыў я нібы шклянае мора, зьмяшанае з агнём, і тых, што перамаглі зьвера, і абраз яго, і лічбу імя ягонага, як стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.

і спява́юць пе́сню Маісе́я, раба́ Божага, і пе́сню А́гнца, прамаўля́ючы: «вялíкія і дзіво́сныя спра́вы Твае, Госпадзі Божа Уседзяржы́целю! пра́ведныя і íсцінныя шляхí Твае, Цару́ святы́х!
 
І сьпявалі яны песьню Майсея, слугі Божага, і песьню Ягняці, кажучы: "Вялікія і цудоўныя дзеяньні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!

Хто не пабаíцца Цябе, Госпадзі, і не прасла́віць імя́ Тваё? бо Ты адзіны — святы́. Усе наро́ды пры́йдуць і ўпаду́ць ніц перад Табою, бо адкры́ліся суды́ Твае».
 
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!"

І пасля гэтага ўба́чыў я: вось, адчынíўся храм скíніі све́дчання на не́бе.
 
І потым бачыў я, як адчынілася на небе сьвятыня скініі сьведчаньня

І вы́йшлі з хра́ма сем А́нгелаў, што ме́лі сем бе́дстваў, апра́нутыя ў чы́стае і све́тлае льняно́е адзе́нне і апераза́ныя на грудзя́х залаты́мі паяса́мі.
 
выйшлі сем анёлаў, маючыя сем плягаў, апранутыя ў чыстае палатно зьзяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.

І адна з чатыро́х жывёл дала́ сямí А́нгелам сем залаты́х чаш, напо́ўненых я́расцю Бога, Які жыве́ ў ве́кі вяко́ў.
 
I адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем залатых чашаў, поўных гневу Бога, які жыве на вякі вечныя.

І напо́ўніўся храм ды́мам ад сла́вы Божае і ад сілы Яго, і ніхто не мог увайсцí ў храм, паку́ль не ско́нчыліся сем бе́дстваў сямí А́нгелаў.
 
І напоўнілася сьвятыня дымам хвалы Божай і магутнасьці Яго, і ніхто ня мог увайсьці ў сьвятыню, пакуль ня споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.