Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І вас, мёртвых з-за злачы́нстваў і грахоў вашых,
 

у якіх вы не́калі жылі паводле звы́чаю свету гэтага, па волі князя, які ўлада́рыць у паветры, — духа, які дзейнічае цяпер у сынах праціўле́ння,
 

сярод якіх і мы ўсе не́калі жылí ў пажа́днасцях плоці нашай, выко́нваючы жаданні плоці і помыслаў, і былí па прыродзе дзе́цьмі гневу, як і астатнія,
 

Бог, багаты міласцю, па вялікай любові Сваёй, якою Ён нас узлюбіў,
 

і нас, мёртвых з-за злачы́нстваў, ажывіў разам з Хрыстом — благадаццю вы спасёныя —
 

і ўваскрасіў з Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысце Іісусе,
 

каб явіць у наступных вяках надзвыча́йнае багацце благадаці Сваёй добрасцю да нас у Хрысце Іісусе.
 

Бо благадаццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар:
 

не за справы, каб ніхто не хваліўся.
 

Бо мы — стварэнне Яго, мы створаны ў Хрысце Іісусе на добрыя справы, якія прадвы́значыў нам Бог выконваць.
 

Таму па́мятайце, што вы, не́калі язычнікі па плоці, якіх называлі неабрэ́занымі так званыя абрэ́заныя на плоці рукатворна,
 

што вы былí ў той час без Хрыста, адчу́жаныя ад грамадства Ізраільскага і чужыя для запаветаў абяца́ння, не мелі надзеі і былí бязбожнікамі ў свеце;
 

цяпер жа ў Хрысце Іісусе вы, якія некалі былі далёка, сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову.
 

Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з абодвух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх,
 

скасава́ўшы варожасць Плоццю Сваёю, а закон запаведзяў — вучэннем, каб з двух ствары́ць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір,
 

і ў адным целе прыміры́ць абодвух з Богам праз крыж, знішчыўшы варожасць на ім;
 

і, прыйшоўшы, дабраве́сціў мір вам, далёкім і блізкім,
 

таму што праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.
 

Дык вось, вы ўжо не чужы́нцы і не пры́хадні, а суграмадзя́не святых і дамача́дцы Бога,
 

усталява́ныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы краевуго́льным каменем Самога Іісуса Хрыста,
 

на якім уся пабудова, зла́джана ўзво́дзячыся, выраста́е ў святы храм у Госпадзе,
 

на якім і вы разам выбудо́ўваецеся ў жытло Божае ў Духу.