Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Бо Мелхіседэк, цар Саліма, свяшчэннік Бога Ўсявы́шняга, той, які сустрэў Аўраама, калі ён вяртаўся пасля паражэ́ння цароў, і благаславіў яго,
 

якому і дзесяціну з усяго вы́дзеліў Аўраам, — найперш, паводле значэння імені — цар праўды, а затым і цар Саліма, што азнача́е — цар міру,
 

без бацькі, без маці, без радаслоўя, не ма́ючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, падобна Сыну Божаму, застае́цца свяшчэннікам назаўсёды.
 

Бачыце, які вялікі той, каму і Аўраам, патрыярх, даў дзесяціну з найлепшай здабы́чы сваёй.
 

Тыя з сыноў Левíевых, што прымаюць свяшчэнства, маюць запаведзь — браць па закону дзесяціну з народа, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і тыя паходзяць з роду Аўраама;
 

а гэты, які не паходзіць з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Аўраама і благаславіў таго, хто меў абяцанні.
 

Бясспрэчна ж, што меншае атрымлівае благаславенне ад большага.
 

І тут атрымліваюць дзесяціны людзі смяротныя, а там — той, хто мае пра сябе сведчанне, што ён жывы.
 

І, можна сказаць, сам Левій, які атрымлівае дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну:
 

бо ён быў яшчэ ўнутры бацькі, калі Мелхіседэк сустрэў яго.
 

Дык вось, калі б дасканаласць дасяга́лася праз левіцкае свяшчэнства, — бо на ім грунтуецца закон, да́дзены народу, — то якая б яшчэ была́ патрэба з’яўляцца іншаму свяшчэнніку па чыну Мелхіседэкаву, такому, які б не называўся па чыну Ааронаву?
 

Бо з пераменаю свяшчэнства павінен перамяніцца і закон,
 

бо Той, пра Каго гаворыцца гэта, належаў да іншага калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку;
 

бо вядома, што Гасподзь наш паходзіць ад Іуды, пра калена якога ў дачыненні да свяшчэнства Маісей не сказаў нічога.
 

І гэта яшчэ ясней відаць, калі па падабенству Мелхіседэкаву паўстае Свяшчэннік іншы,
 

Які стаў такім не паводле закону запаведзі плоцкай, а паводле сілы жыцця нятленнага.
 

Бо засве́дчана: «Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву».
 

Дык вось, адбываецца адмена ранейшай запаведзі з-за яе слабасці і бескары́снасці —
 

бо закон нічога не давёў да дасканаласці, — і даецца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
 

І паколькі гэта было не без клятвы, —
 

тыя ж свяшчэннікамі сталі без клятвы, а Гэты з клятваю, бо пра Яго ска́зана: «кляўся Гасподзь і не раскаецца: Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву», —
 

то і лепшага запавету паручы́целем стаў Іісус.
 

Прычым тых свяшчэннікаў было многа, бо смерць не дазваляла заставацца назаўсёды;
 

а Гэты, паколькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэнства, якое не міна́е,
 

таму і можа заўжды спасаць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.
 

Такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэй за нябёсы,
 

Які не ма́е патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.
 

Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падле́глых сла́басцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек даскана́лага.