Адкрыцьцё 10 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І ўбачыў я іншага Ангела моцнага, спускаючыся зь неба, апранутага ў воблака, і вясёлка над галавой ягонай, і аблічча ягонае, як сонца, і ногі ягоныя, як слупы агню.
 
Я ўбачыў іншага моцнага анёла, які сыходзіў з неба, апрануты ў хмару, а на галаве яго была вясёлка. Твар яго — быццам сонца, а ногі яго — як слупы агню.

І ён меў у руцэ сваёй маленькі разгорнуты скрутак. І ён паставіў нагу сваю правую на мора, а левую на зямлю;
 
Ён трымаў у руцэ разгорнутую маленькую кнігу. Сваю правую нагу ён паставіў на моры, а левую — на зямлі

і ўсклікнуў ён голасам моцным, як рычыць леў; і калі ён усклікнуў, прамовілі сем громаў сваімі галасамі.
 
і гучна закрычаў, быццам рыкае леў. А калі крыкнуў, сем грамоў загаварылі сваімі галасамі.

І калі прамовілі сем громаў сваімі галасамі, я маніўся пісаць, але пачуў голас зь неба, гаворачы мне: запячатай тое, што прамовілі сем громаў, і ня пішы гэтага.
 
Калі адазваліся сем грамоў, я павінен быў пісаць. І пачуў я голас з неба, які гаварыў: «Запячатай тое, што сказалі сем грамоў, і не пішы гэтага».

І Ангел, якога я ўбачыў стоячы на моры і на зямлі, падняў руку́ сваю да неба
 
Анёл, якога я бачыў стоячым на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба

і пакляўся Жывучым у вяках вякоў, Каторы стварыў Неба і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо (больш) ня будзе.
 
і пакляўся Жывым на векі вякоў, які стварыў неба і тое, што ў ім, зямлю і тое, што на ёй, і мора з тым, што ў ім: «Ужо няма часу,

Але ў тыя дні голасу сёмага Ангела, калі ён мае трубіць, будзе споўнена тайна Бога, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам.
 
але ў дні голасу сёмага анёла, калі ён павінен будзе затрубіць, здзейсніцца таямніца Бога, так як Ён абвясціў сваім слугам-прарокам».

І голас, які я пачуў зь Неба, ізноў загаварыў да мяне і сказаў: пайдзі, вазьмі мале́нькі разгорнуты скру́так, (што) у руцэ Ангела, што стаіць на моры і на зямлі.
 
Голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і казаў: «Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі анёла, які стаіць на моры і на зямлі».

І я пайшоў да Ангела, ка́жучы яму: дай мне мале́нькі скру́так. І (ён) кажа мне: вазьмі і зьеш яго; і (ён) стане горкім у жываце тваім, але ў роце тваім будзе салодкім, як мёд.
 
Я пайшоў да анёла і сказаў яму, каб ён даў мне маленькую кнігу. Ён адказаў мне: «Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».

І ўзяў я мале́нькі скру́так з рукі Ангела і зьеў яго; і ён быў у роце маім салодкі, як мёд; а калі я зьеў яго, (то) зроблена горка ў жываце маім.
 
Я ўзяў маленькую кнігу з рукі анёла і праглынуў яе. Яна была ў маіх вуснах салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў маім жываце.

І ён кажа мне: табе трэба ізноў прарочыць пра народы і плямёны і мовы, і валадароў многіх.
 
І сказалі мне: «Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, народы, мовы і пра многіх каралёў».