Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
Праз два дні была Пасха і Праснакі; і архірэі і кніжнікі намышлялі, як узяць Яго хітрасьцяй (і) забіць;
А за два дні надыходзіла Пасха і Свята Праснакоў. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы Яго схапіць хітрасцю і забіць;
але казалі: (толькі) ня ў сьвята, каб у народзе ня сталася абурэньня.
бо яны казалі: Толькі не ў свята, каб не было замяшання ў народае.
І быў Ён у Бітані, і ўзьляжаў Ён у доме Сымона пракажонага, — прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага чыстага, дарагога і разьбіўшы алябастравы збанок, паліла Яму на Галаву.
І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына з алябастравым флаконікам міра з чыстага, найкаштоўнейшага нарда; [і] разбіўшы флаконік, яна ўзліла Яму на галаву.
І былі нікаторыя, якія між сабою абураліся і гаварылі: на што зроблена гэткае марнатраўства гэтага міра?
А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою, [кажучы]: Навошта рабіць гэткую трату міра?
Бо можна было бы прадаць яго больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе.
Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім. — І сурова выгаворвалі ёй.
Але Ісус сказаў: адчапіцеся ад яе, нашто робіце ёй балюча? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак.
Ісус жа сказаў: Пакіньце яе; што вы робіце ёй прыкрасць. Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
Бо ўбогіх маеце заўсёды каля сябе, і калі хочаце, можаце ім рабіць дабро. А Мяне маеце ня заўсёды.
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце ім зрабіць дабро, Мяне ж не заўсёды маеце.
Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла Маё Цела на пахаваньне.
Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
Праўду кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў цэлым сьвеце, дык і аб тым, што яна зрабіла, будзе сказана ў памяць пра яе.
Праўду ж кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Евангелле ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць.
А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прадаць Яго ім.
А Іуда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.
А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі яму даць срэбра. І (ён) шукаў, як бы ў зручную часіну прадаць Яго.
Яны ж, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі даць яму серабра. І ён шукаў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
І ў першы дзень Праснакоў, калі рэзалі Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе жадаеш, (каб) мы пайшоўшы прыгатавалі, каб Табе есьці Пасху?
І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі пасху35, Яго вучні кажуць Яму: Куды хочаш, каб мы пайшлі і падрыхтавалі Табе спажыць Пасху?
І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў места; і вам сустрэнецца чалавек, які нясе збан вады. Пайдзеце сьледам за ім.
І Ён пасылае двух са Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збанок вады; ідзіце ўслед за ім;
І куды (ён) увойдзе, скажыце гаспадару дому, што Настаўнік кажа: дзе сьвятліца, у якой Мне есьці Пасху з вучнямі Маімі?
і куды ён увойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: «Дзе мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую, гатовую; там прыгатуйце нам.
І ён вам пакажа вялікі верхні пакой, усланы, гатовы: там і падрыхтуйце нам.
І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў места і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.
І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі ўсё, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
І калі настаў вечар, (Ён) прыходзіць з дванаццацьцю.
І калі настаў вечар, прыходзіць Ён з дванаццаццю.
І калі яны ўзьляжалі і елі Ісус сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас, які есьць разам са Мною, прадасьць Мяне.
І калі яны ўзляглі і елі, Ісус сказаў: Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне: ён есць са Мною.
Яны ж засмуціліся і пача́лі адзін за другім гаварыць Яму: ці ня я? і другі: ці ня я?
Яны зажурыліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: Дык не я ж? [І другі: Дык не я]?
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місе.
Ён жа сказаў ім: Адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў міску.
Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, праз якога прадаецца Сын Чалавечы: лепей было б яму, калі б чалавек гэны ня быў народжаны.
Бо Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, багаславіў, паламаў і даў ім, і сказаў: вазьмеце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё.
І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, добраславіўшы, разламаў і даў ім і сказаў: Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.
І, узяўшы чару, багаславіўшы, даў ім: і ўсе пілí зь яе.
І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, даў ім, і пілі з яе ўсе.
І сказаў ім: гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, што за многіх праліваецца.
І Ён сказаў ім: Гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што праліваецца за многіх.
Праўду кажу вам, што больш ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Бога.
Сапраўды кажу вам, што ўжо ні ў якім разе не буду піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Царстве Божым.
І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліваў.
І, праспяваўшы гімн, яны выйшлі на Аліўную гару.
І кажа ім Ісус: усе вы ў гэтую ноч будзеце запанявераны аба Мне, бо напісана: паражу пастуха, і будуць расьсеяны авечкі.
І Ісус кажам ім: Усе вы зняверыцеся [ўва Мне ў гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассеюцца авечкі».
Але пасьля ўваскрэсеньня Майго, прыду на сустрэчу з вамі ў Галілеі раней за вас.
Але пасля таго, як Я буду ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
А Пётра казаў Яму: нават калі ўсе запаняверацца, але ня я.
Пётр жа сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца, але не я.
І кажа яму Ісус: праўду кажу Табе: сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
І кажа яму Ісус: Сапраўды кажу табе, што ты сёння, гэтай ночы, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся.
Але ён яшчэ больш і больш настойліва казаў: калі б мне выпала (нават) памерці з Табою, ніколі ад Цябе ня адракуся. Гэтак сама казалі і ўсе.
А ён з яшчэ большым націскам казаў: Нават калі б мне належала памерці з Табою, ні ў якім разе не адракуся ад Цябе! — Тое самае казалі і ўсе.
І прыходзяць на мейсца, імя якога Гэтсыманя; і кажа вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся.
І прыходзяць яны ў мясцовасць пад назваю Гефсіманія, і Ён кажа Сваім вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся.
І бярэ разам з Сабою Пятра, Якуба і Яана; і пачаў жаха́цца і гаротна перажываць.
І забірае з Сабою Пятра, Іякава і Іаана; і пачаў Ён жахацца і тужыць.
І кажа ім: глыбока паку́туе Душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце гэтта і пасуперажывайце.
І кажа ім: Вельмі журыцца Мая душа, да смерці; застаньцеся тут і не спіце.
І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзíна.
І, прайшоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб Яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна,
І казаў: Тата Мой дарагі! Усё магчыма Табе. Пранясі чару гэтую міма Мяне, але ня чаго Я хачу, але чаго Ты.
і казаў: Авва Татухна! Усё мажліва Табе; аднясі гэтую чашу ад Мяне; ды не чаго я хачу, але чаго Ты.
І вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць, і гаво́рыць Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты аднае гадзіны пасуперажываць?
І прыходзіць і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
Чувайце і малецеся, каб ня падда́цца спакусе. Сапраўды, (няпашкоджаны) дух гатовы (да барацьбы за праведнасьць), плоць жа (на гэта) няздольная.
Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух дзейны, а цела нямоглае.
І ізноў адыйшоўшы маліўся, сказаўшы тое ж слова.
І зноў, адышоўшы, Ён памаліўся, кажучы тое самае слова.
І, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы; бо вочы ў іх абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
І зноў, прыйшоўшы, Ён знайшоў, што яны спяць, бо іх вочы ацяжэлі; і яны не ведалі, што Яму адказаць.
І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: усё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настала гадзіна! Вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
І прыходзіць трэці раз і кажа ім: Вы ўсё спіце і адпачываеце? Скончана! Надышла гадзіна: вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Устаньце! хадзем! вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой здраднік.
І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і разам зь ім вялізны натоўп зь мечамі і каламі ад архірэяў і кніжнікаў, і старэйшынаў.
І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
А той, хто прадаваў Яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, Той і ёсьць; хапайце Яго і вядзеце пільна.
А Яго здраднік даў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Ён і ёсць: схапіце Яго і вядзіце надзейна».
І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго ды кажа: Раўві! Раўві! і пацалаваў Яго.
І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві! [Равві!] — і пацалаваў Яго.
А яны ўсклалі на Яго ру́кі свае і схапілі Яго.
А яны наклалі рукі на Яго і схапілі Яго.
А адзін із тых, што стаялі (там) выхапіўшы меч, ударыў раба архірэйскага і адсек яму вуха.
А адзін з тых, што стаялі побач, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
І загаварыўшы, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і кала́мі схапіць Мяне.
І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
Кожны дзень бываў Я сярод вас у Сьвятыні навучаючы, і вы ня ўзялі Мяне; але каб былі спо́ўнены Пісаньні.
Штодня быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не схапілі Мяне; але няхай спраўдзяцца Пісанні.
Тады, пакінуўшы Яго, усе (вучні) уцяклі.
І ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Але адзін нейкі юнак ішоў сьледам за Ім, захінуўшыся пакрывалам па целе у споднім; і жаўнеры хапаюць яго.
А адзін юнак ішоў далей за Ім, ахінуты пакрывалам на голае цела; і яны хапаюць яго.
Але ён, пакінуўшы пакрывала, у споднім уцёк ад іх.
Ён жа, пакінуўшы пакрывала, уцёк голы [ад іх].
І прывялі Ісуса да архірэя; і зьбіраюцца да яго ўсе архірэі і старэйшыны і кніжнікі.
І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца [да яго] ўсе першасвятары, і старэйшыны, і кніжнікі.
А Пётра здалёк ішоў сьледам за Ім, нават ва ўнутр на падворак архірэя, і сядзеў са слугамі і грэўся каля вагню.
І Пётр здалёку ішоў услед за Ім аж у двор першасвятара; і сядзеў разам са слугамі і грэўся пры агні.
Архірэі ж і ўвесь сынэдрыён шукалі супраць Ісуса сьведчаньня, каб забіць Яго, але ня знаходзілі.
А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчання, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі,
Бо многія сьведчылі ілжыва супраць Яго, але сьведчаньні гэтыя былі супярэчлівыя.
бо многія лжыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні не супадалі.
Тады нікаторыя, устаўшы, давалі ілжывыя сьведчаньні супраць Яго, кажучы:
І некаторыя, устаўшы, ілжыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
мы чулі, як Ён гаварыў: Я зруйную гэту Сьвятыню, збудаваную рукамі, а цераз тры дні ўзьвяду другую, нярукатворную.
Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
Але і іхнае сьведчаньне ня было згоднае (між сабою).
Але і ў гэтым іх сведчанне не супала.
Тады архірэй, устаўшы насярэдзіну, спытаў Ісуса, кажучы: нічога ня адка́зваеш? што яны супраць Цябе сьведчаць?
І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?
Але (Ён) маўчаў і нічога ня адка́зваў. Ізноў архірэй пытаўся ў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Багаслаўлёнага?
Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго, і кажа Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Добраславёнага?
Тады Ісус сказаў: Я ёсьць. І ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы і ідучы з аблокамі Неба.
І Ісус сказаў: Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Божай Сілы і прыходзіць з нябеснямі воблакамі.
Тады архірэй, разадраўшы вопраткі свае, кажа: нашто нам яшчэ сьведкі?
Першасвятар жа, разарваўшы свае шаты, кажа: Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках?
Вы пачулі блюзьнерства. Як вам здаецца? І яны ўсе Яго засудзілі: варты сьмерці.
Вы пачулі богазнявагу. Як вам здаецца? — І ўсе асудзілі Яго, што варты смерці.
І нікаторыя пача́лі пляваць на Яго ды, закрываючы Яму Аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! І слугі білі Яго па Шчоках.
І некаторыя пачалі пляваць у Яго, і закрываць Яму твар, і біць па шчоках, і казаць Яму: Прароч! — І слугі, б’ючы ў твар, узялі Яго.
І калі Пётра быў на дварэ, унізе, прыходзіць адна служанка архірэя
І калі Пётр быў унізе на двары, прыходзіць адна з першасвятаровых служанак
і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгледзіўшыся да яго, кажа: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.
і, убачыўшы, што Пётр грэецца, угледзелася ў яго і кажа: І ты быў з Назаранінам, Ісусам.
Але ён адрокся, кажучы: ня ведаю і ня разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і прапяяў певень.
Ён жа адрокся, кажучы: Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш. — І выйшаў адтуль на пярэдні двор [і запяяў певень].
І служанка, убачыўшы яго ізноў, пачала́ казаць тым, што стаялі побач: гэты ізь іх.
І служанка, убачыўшы яго, зноў пачала казаць тым, што стаялі побач: Гэты — адзін з іх.
Ён жа ізноў адрокся. І крыху пазьней тыя, што стаялі побач, ізноў казалі Пятру: сапраўды, ізь іх ты. Бо ты і галілеяц, і гутарка твая падобная.
Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што стаялі побач, казалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо і ты галілеец [і гаворка твая падобная].
А ён пачаў клясьціся і бажыцца: ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаво́рыце.
Ён жа пачаў заракацца і клясціся: Не ведаю я Гэтага Чалавека, пра Якога вы кажаце.
І певень прапяяў другі раз. Тады Пётра ўспомніў слова, якое сказаў яму Ісус: перш, чым певень прапяе двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне, — і заплакаў наўзрыд.
І адразу другі раз запяяў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.