Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спакушаны.
Гэта Я сказаў вам, каб вы не спакусіліся.
Выключаць вас із сынагогаў, а прыходзе гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, (што гэтым ён) служыць Богу.
Вас будуць адлучаць ад сінагогі; але надыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што ён служыць Богу.
І гэтае будуць рабіць вам, бо ня пазна́лі ані Бацьку, ані Мяне.
І гэта яны будуць рабіць, бо не спазналі ні Бацькі, ні Мяне.
Але гэтае сказаў Я вам, каб, калі прыйдзе той час, (вы) прыпомнілі Тое, Што Я сказаў вам; а гэтага Я вам ад пачатку ня сказа́ў, бо быў з вамі.
Але Я сказаў вам гэта, дзеля таго, калі надыдзе іх гадзіна, вы памяталі, пра што Я казаў вам. А не сказаў вам гэта спачатку, таму што быў з вамі.
А цяпер Я йду да Паслаўшага Мяне, і ніхто з вас ня пыта́ецца ў Мяне: куды йдзеш?
Цяпер жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?»
Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае.
Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў ваша сэрца.
Але Я Праўду кажу вам: лепе́й вам, каб Я адыйшоў, бо калі Я ня пайду́, Суцяшальнік ня прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
Але Я праўду кажу вам: лепш вам, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Абаронца не прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
І, прыйшоўшы, Ён карыцімець сьвет у грэху і ў справядлівасьці, і ў судзе;
І Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у граху, у праведнасці і ў судзе.
у грэху, што ня ве́раць у Мяне;
У граху, бо не веруюць у Мяне;
у справядлівасьці ж, што Я йду да Бацькі Майго, і ўжо ня ўба́чыце Мяне;
у праведнасці, бо Я да [Майго] Бацькі іду, і вы ўжо не ўбачыце Мяне;
у судзе ж, што князь сьвету гэтага асуджаны.
а ў судзе, — што князь гэтага свету засуджаны.
Яшчэ многа маю казаць вам, але (вы) цяпер ня здо́лееце панесьці.
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вы не зможаце асягнуць.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, Ён прывядзе вас да ўсяе Праўды, бо ня ад Сябе́ казаць будзе, але будзе казаць Тое, Што пачуе, і Тое, Што надыходзіць, абвесьціць вам.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то ўвядзе вас ва ўсю праўду; бо Ён не будзе казаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.
Ён Мяне праславіць, таму што ад Майго возьме і абвесціць вам.
Усё, Што ма́е Бацька, ёсьць Маё; пагэтаму Я (і) сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
Усё, што мае Бацька, — Маё; таму Я сказаў, што Ён ад Майго возьме і абвесціць вам.
(Яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, бо Я йду да Бацькі.
Яшчэ нядоўга і вы ўжо не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне, [бо Я іду да Бацькі].
Сказалі тады (нікато́рыя) з вучняў Ягоных адзін аднаму: што ёсьць гэта, што Ён кажа нам: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, дый: Я йду да Бацькі.
Тады некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: Што гэта Ён кажа нам: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне», і: «Таму што Я іду да Бацькі»?
І вось (яны) казалі: што гэта ёсьць, што Ён кажа: (яшчэ) крыху? Ня ве́даем, што кажа.
Яны казалі: Што гэта такое, [што Ён кажа]: «Яшчэ нядоўга»? Не ведаем, што Ён кажа.
Пазнаў тады Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне?
Ісус зразумеў, што хацелі ў Яго спытацца, і сказаў ім: Ці не пра тое між сабою разважаеце, што Я сказаў: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне»?
Праўду, Праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы ж сумныя будзеце, але сум ваш у радасьць абернецца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца; вы будзеце смуткаваць, але ваш смутак у радасць абернецца.
Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла яе гадзіна, калі ж уродзіць дзіця, ужо ня памята́е аб горы ад радасьці, бо народжаны чалавек на сьвет.
Жанчына, калі нараджае, церпіць боль, бо надышла яе гадзіна; калі ж народзіць дзіцятка, ужо не памятае мукі з радасці, што чалавек нарадзіўся на свет.
Вось гэтак і вы цяпе́р тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і Радасьці вашай ніхто ня забярэ ў вас.
І вось вы цяпер церпіце боль; але Я зноў убачу вас і ўзрадуецца ваша сэрца, і вашай радасці ніхто не адыме ў вас.
І ў той дзень ня бу́дзеце пытацца ў Мяне ні аб чым. Праўду, Праўду кажу вам, што, аб чым папросіце Бацьку ў Імя Маё, дасьць вам.
І ў той дзень вы ў Мяне ні пра што не спытаецеся. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго папросіце Бацьку ў Маё імя, дасць вам.
Дагэтуль (вы) нічога ня прасíлі ў Імя Маё; прасіце і дастанеце, каб Радасьць ваша была поўная.
Дагэтуль вы не прасілі нічога ў Маё імя; прасіце і атрымаеце, каб ваша радасць была поўная.
Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня бу́ду гаварыць вам прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Бацьку.
Гэта я ў прыпавесцях казаў вам; надыходзіць гадзіна, калі я ўжо не ў прыпавесцях буду казаць вам, а адкрыта пра Бацьку абвяшчу вам.
У той дзень будзеце прасіць у Імя Маё, і ня кажу вам, што Я буду прасіць Бацьку за вас,
У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду маліць Бацьку за вас.
бо Сам Бацька любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
Бо Сам Бацька любіць вас, таму што вы Мяне палюбілі і ўверавалі, што Я ад Бога выйшаў.
Я зыйшоў ад Бацькі і прыйшоў у сьвет, (і) зноў пакідаю сьвет ды йду да Бацькі.
Я выйшаў ад Бога і прыйшоў у свет; зноў пакідаю свет і іду да Бацькі.
Кажуць Яму вучні Ягоныя: вось цяпер Ты проста гаворыш і прыповесьці ня ка́жаш ніякае.
Яго вучні кажуць: Вось, цяпер Ты гаворыш адкрыта, і ніякай прыпавесці не кажаш.
Цяпер (мы) ведаем, што Ты ведаеш усё і ня ма́еш патрэбы, каб хто ў Цябе пытаўся. Пагэтаму верым, што Ты ад Бога зыйшоў.
Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб хто-небудзь у Цябе пытаўся; таму веруем, што Ты выйшаў ад Бога.
Адказаў ім Ісус: цяпе́р верыце?
Ісус адказаў ім: Цяпер веруеце?
Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, так што (вы) расьцярушыцеся кожны ў свой (бок), і Мяне аднаго пакінеце; але Я ня адзíн, бо Бацька ёсьць са Мною.
Вось надыходзіць гадзіна і прыйшла [цяпер], калі вы рассеяцеся кожны ў свой бок, і пакінеце Мяне аднаго; але Я не адзін, таму што Бацька са Мною.
Гэтае сказаў Я вам, каб (вы) ува Мне Мір мелі. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет.
Гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мелі спакой. У свеце вы зазнаеце муку; але адважней: Я перамог свет.