Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная, каб перайсьці з гэтага сьвету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх, што на сьвеце, да канца палюбіў іх.
А перад святам Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх у свеце, палюбіў іх да канца.
І вячэра скончана. Д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб прадаць Яго,
І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Іуды Іскарыёта, Сіманавага сына, каб ён выдаў Яго,
Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё аддаў Яму ў Рукі (Ягоныя), і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе,
Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё даў Яму ў рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
устае ад вячэры і здымае (зь Сябе) верхнюю вопратку, і, узяўшы рушнік, падперазаў Сябе.
устае ад вячэры, здымае вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся;
Пасьля налівае вады ў умывальніцу, і пачаў абмываць ногі вучням (Сваім) і выціраць рушніком, якім быў аперазаны.
пасля наліў вады ва ўмывальніцу і пачаў мыць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны.
Тады падыходзе да Сымона Пётры, і той кажа Яму: Госпадзе! Ты мне абмываеш ногі?
Тады [Ісус] падыходзіць да Сімана Пятра, той кажа Яму: Госпадзе, Ты мне мыеш ногі?
Адказаў Ісус і сказаў яму: што Я раблю, ты цяпер ня ве́даеш, але даведаешся пасьля гэтага.
У адказ Ісус сказаў яму: «Што Я раблю, ты не ведаеш цяпер, але ўведаеш пасля гэтага».
Пётра кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх ніколі. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе, ня ма́еш часьці са Мною.
Пётр кажа Яму: Не памыеш маіх ног павек. — Ісус адказаў яму: Калі не памыю цябе, то не будзеш мець супольнасці са Мною.
Сымон Пётра кажа Яму: Госпадзе! ня то́лькі ногі мае, але й рукі, і галаву.
Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, не толькі мае ногі, але і рукі, і галаву.
Ісус кажа яму: абмытага няма́ патрэбы (мыць), а толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́.
Ісус кажа яму: Абмытага няма патрэбы мыць, толькі ногі, ён жа чысты ўвесь; і вы чыстыя, але не ўсе.
Бо Ён ведаў, хто прадае Яго, пагэтаму (і) сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя.
Бо Ён ведаў таго, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
Калі ж Ён абмыў ім ногі і апрануў Сваю верхнюю вопратку, супачыўшы ізноў, спытаў іх: (ці) ведаеце, што (гэта) Я зрабіў вам?
Калі ж Ён памыў ім ногі [і] надзеў Сваю вопратку і ўзлёг зноў, Ён сказаў ім: Ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Вы называеце Мяне: Вучыцель і Госпад, і правільна кажаце, бо Я ёсьць (такі).
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і правільна кажаце, бо Я і ёсць такі.
І вось калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
Калі ж Я, Госпад і Настаўнік, памыў ногі, — то і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
Бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
Праўду, Праўду кажу вам: слуга ня бо́льшы за гаспадара свайго, і пасланец ня бо́льшы (за) таго, хто паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Раб не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго.
Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае робіце.
Калі вы ведаеце гэта, то шчаслівыя вы, калі будзеце гэта рабіць.
Ня аб усіх вас кажу: Я ведаю, каго выбраў. Але каб выпаўнілася Пісаньне: той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Пс. 41:10).
Не пра ўсіх вас кажу; Я ведаю, каго выбраў; але няхай спраўдзіцца Пісанне: «Той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту».
Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, як станецца, (вы) паверылі, што Я ёсьць (Ён).
Ужо цяпер кажу вам, раней, чым гэта настане, каб вы ўверавалі, калі настане, што Я ёсць.
Праўду, Праўду кажу вам: хто прыймае ўсякага, (каго) Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прымае Майго пасланца, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сказаўшы гэтае Ісус глыбока засумаваў духам і засьведчыў, і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне.
Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
Тады вучні пазіралі адзін на аднаго, сумняваючыся, аб кім Ён гаворыць.
Вучні глядзелі адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
Быў жа ляжаў ля грудзёў Ісусавых адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў.
Адзін з Яго вучняў, каго любіў Ісус, узлягаў ля Ісусавых грудзей.
Тады Сымон Пётра ківае яму, (каб) папытаўся, хто б гэта быў, аб кім Ён гаворыць.
Дык Сіман Пётр ківае яму, каб ён спытаўся, хто б гэта мог быць, пра каго Ён кажа.
І той, прыпаўшы да грудзёў Ісусавых, кажа Яму: Госпадзе! хто ёсьць гэты?
Тады той, прыпаўшы да Ісусавых грудзей, кажа Яму: Госпадзе, хто гэта?
Адказвае Ісус: гэты ёсьць той, каму Я дам, абмачыўшы, кавалак хлеба. І, абмачыўшы кавалак хлеба, дае Юдзе Сымонаву Іскарыёту.
Ісус адказвае: Той, каму Я абмакну і дам гэты кавалачак. — І, абмакнуўшы кавалачак, [бярэ і] дае Іуду [сыну] Сімана Іскарыёта.
І тады, пасьля гэтага кавалка хлеба, увайшоў у яго шатан. І вось кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
І тады, пасля гэтага кавалачка, увайшоў у таго сатана. І вось Ісус кажа яму: Што робіш, рабі хутчэй.
Але ніхто зь ляжачых ня зразуме́ў, дзеля чаго Ён сказаў яму гэтае.
[Але] ніводзін з тых, што ўзлягалі, не зразумеў, для чаго Ён сказаў яму гэта.
А як Юда меў скарбонку, дык нікаторыя думалі, што кажа яму Ісус: купі, (у) чым маем патрэбу да сьвята, альбо, каб даў нешта ўбогім.
А таму, што ў Іуды была скарбонка, то некаторыя думалі, што кажа яму Ісус: «Купі, што нам трэба на свята», ці каб ён даў што-небудзь убогім.
Тады, узяўшы кавалак хлеба, ён зараз выйшаў; а была ноч.
Дык той, узяўшы кавалачак, адразу выйшаў. Была ж ноч.
Калі (ён) выйшаў, Ісус кажа: цяпер услаўлены Сын Чалавечы, і Бог услаўлены ў Ім.
Тады, калі ён выйшаў, кажа Ісус: Цяпер праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім.
Калі Бог услаўлены ў Ім, дык Бог уславіць і Яго ў Сабе, і няўзаба́ве ўславіць Яго.
[Калі Бог праславіўся ў Ім], то і Бог праславіць Яго ў Сабе, і праславіць Яго зразу ж.
Дзеці! яшчэ нядо́ўга Я ёсьць з вамі: Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў юдэям: куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці, так кажу цяпер і вам.
Дзеткі, яшчэ нядоўга Я з вамі; будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў іудзеям: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці», так і вам кажу цяпер.
Я даю вам новае Прыказаньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы, каб любілі адзін аднаго.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я вас палюбіў, каб і вы любілі адзін аднаго.
Па гэтым пазнаюць усе, што (вы) ёсьць Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго.
З гэтага ўведаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
Кажа Яму Сымон Пётра: Госпадзе! куды Ты йдзеш? Адказаў яму Ісус: куды Я йду, ты ня мо́жаш цяпе́р за Мною пайсьці; але потым пойдзеш за Мною.
Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, куды Ты ідзеш? — Ісус адказаў [яму]: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці ўслед за Мною, але пойдзеш услед за Мною пасля».
Кажа Яму Пётра: Госпадзе! чаму я ня магу́ пайсьці за Табою цяпе́р? Я жыцьцё маё палажу за Цябе.
Пётр кажа Яму: Госпадзе, чаму я не магу пайсці ўслед за Табою цяпер? Я сваё жыццё39 за Цябе пакладу.
Адказаў яму Ісус: жыцьцё тваё за Мяне паложыш? Праўду, Праўду кажу табе: ня прапяе певень, як ты адрачэшся ад Мяне тройчы.
Ісус адказвае: Сваё жыццё за Мяне пакладзеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы ад Мяне адрачэшся.