Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Абрагамавага.
 

Абрагам спарадзіў Ісагака; а Ісагак спарадзіў Якуба; а Якуб спарадзіў Юду і братоў ягоных;
 

а Юда спарадзіў Хварэса і Зару ад Тамары; а Хварэс спарадзіў Эсрома; а Эсром спарадзіў Арама;
 

а Арам спарадзіў Амінадаба; а Амінадаб спарадзіў Нагасона; а Нагасон спарадзіў Салмона;
 

а Салмон спарадзіў Багоза ад Рахабы; а Багоз спарадзіў Абіда ад Руты; а Абід спарадзіў Ясэя;
 

а Ясэй спарадзіў Давіда караля; а Давід кароль спарадзіў Салямона ад Ур’явай;
 

а Салямон спарадзіў Рабагама; а Рабагам спарадзіў Абія; а Абія спарадзіў Асу;
 

а Аса спарадзіў Ясахвата; а Ясахват спарадзіў Ярама; а Ярам спарадзіў Азíю;
 

а Азíя спарадзіў Яхвама; а Яхвам спарадзіў Ахаза; а Ахаз спарадзіў Язэкію;
 

а Язэкія спарадзіў Манасію; а Манасія спарадзіў Амона; а Амон спарадзіў Ёсію;
 

а Ёсія спарадзіў (Якіма, а Якім спарадзіў) Яхоньню і братоў ягоных, перад перасяленьнем у Бабілён;
 

Пасьля ж перасяленьня ў Бабілён Яхоньня спарадзіў Салятыіля, а Салятыіль спарадзіў Зарабабеля;
 

а Зарабабель спарадзіў Абівуда; а Абівуд спарадзіў Ялівакіма; а Ялівакім спарадзіў Азора;
 

а Азор спарадзіў Садока; а Садок спарадзіў Ахіма; а Ахім спарадзіў Яліву́да;
 

а Ялівуд спарадзіў Яліазара; а Яліазар спарадзіў Маттана; а Маттан спарадзіў Якуба;
 

а Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марылі, ад каторай народжаны Ісус, называны Хрыстос;
 

Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста чатырнаццаць радоў;
 

Нараджэньне ж Ісуса Хрыста было так: па заручынах маткі Ягонай Марылі зь Язэпам, раней, чым яны сыйшліся, выявілася, (што яна) мае ў чэраве ад Духа Сьвятога.
 

А Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы зьняславіць яе, хацеў употай адпусьціць яе.
 

Але калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Госпадаў зьявіўся яму ўва сьне (і) сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марылю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
 

і народзіць Сына, і дасі Яму Імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхных.
 

А ўсё гэтае здарылася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз Прарока, які кажа:
 

вось дзева прыйме ў чэраве і народзіць Сына; і дадуць Яму Імя Эмануіль, што значыць: з намі Бог. (Гісая 7:14).
 

Устаўшы ж зо-сну, Язэп зрабіў як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
 

і ня знаў яе, ажно нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму Імя: Ісус.