Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста Сына Бога.
 

Як напíсана ў Прарокаў: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою.
 

Голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце шлях Госпада, простымі рабіце сьцежкі Ягоныя.
 

Зьявіўся Яан хрысьцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў.
 

І выходзіла да яго ўся краіна Юдава і ярузалімцы, і ўсе прымалі хрышчэньне ад яго ў вадзе Ярдана, спавядаючы грахі свае.
 

Быў жа Яан апрануты (у адзежу) зь вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў (ён) саранчу і дзікі мёд.
 

І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, Якому я ня варты нахіліўшыся разьвязаць рэмень сандаляў Ягоных.
 

Я ахрысьціў вас у вадзе, а Ён ахрысьціць вас у Духу Сьвятым.
 

І сталася ў тыя дні: прыйшоў Ісус з Назарэту, з Галілеі, і быў ахрышчаны Яанам у Ярдане.
 

І зараз жа выйшаўшы з вады (ён) убачыў расхінаямыя Нябёсы і Духа, быццам галуба, Які зыходзіў на Яго;
 

і Голас быў зь Нябёсаў: Ты ёсьць Сын Мой любасны, Якім (Я) задаволены.
 

І зараз жа Дух вядзе Яго ў пустэльню.
 

І быў (Ён) там у пустэльні сорак дзён, спакуша́ны ад шатана, і быў са зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
 

А пасьля арышту Яана прыйшоў Ісус у Галілею прапаведуючы Эвангельле Валадарства Бога
 

і кажучы: споўніўся час і наблізілася Валадарства Бога: пакайцеся і верце ў Эвангельле.
 

Праходзячы ж ля мора Галілеі убачыў Ён Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі сетку ў мора; бо (яны) былі рыбаловы.
 

І сказаў ім Ісус: ідзіце ўсьлед за Мною і зраблю вас лаўцамі людзей.
 

І зараз жа пакінуўшы сеткі свае (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.
 

І прайшоўшы адтуль (яшчэ) трохі (Ён) убачыў Якуба Завядзеявага і Яана, брата яго́нага, а яны правілі ў чаўне сеткі,
 

і тут жа паклікаў іх, і (яны) пакінуўшы бацьку свайго Завядзея ў чаўне з работнікамі пайшлі ўсьлед за Ім.
 

І прыхо́дзяць у Капэрнавум, і адразу ў суботу увайшоўшы ў сынагогу вучыў.
 

І былі зьдзіўлены Ягонай навукай, бо (Ён) вучыў іх як Той, Хто ўладу мае, а ня як кніжнікі.
 

У сынагозе іхняй быў чалавек (апанаваны) духам нячыстым і закрычаў,
 

кажучы: Во! што табе да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты, Сьвяты Божы.
 

А Ісус забараніў яму кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
 

Тады дух нячысты страсянуўшы яго і, загаласіўшы моцным голасам, выйшаў зь яго.
 

І жахнуліся ўсе так што пачалі пытацца адзін воднага, кажучы: што гэта? што гэта за новае вучэньне; што ўладарна нават духам нячыстым загадвае, і пакараюцца Яму?
 

І зараз жа разыйшлася чутка пра Яго па ўсяму навакольлю Галілеі.
 

І тут жа, выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі (яны) у дом Сымона і Андрэя зь Якубам і Яанам.
 

А цешча Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
 

І, падыйшоўшы, (Ён) падняў яе, узяўшы за руку́ ейную; і зараз жа гарачка пакінула яе, і (яна) служыла ім.
 

Калі настаў вечар, як зайшло сонца, прынесьлі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
 

І ўсё места было сабраным каля дзьвярэй.
 

І (Ён) аздаравіў многіх хворых, рознага роду немачных, і выгнаў многа дэманаў і ня дазваляў гаварыць дэманам, што ведаюць Яго.
 

А нараніцы, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае мейсца, і там маліўся.
 

І пайшлі за Ім Сымон і тыя, хто быў зь Ім.
 

І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
 

І кажа ім: пойдзем у астатнія сёлы і месты, каб (Мне) і там навучаць: бо для гэтага (Я) прыйшоў.
 

І (Ён) навучаў у сынагогах іхных па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
 

І прыходзіць да Яго пракажоны, молячы Яго і падаючы перад Ім на калені і кажучы Яму: калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць.
 

А Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў Руку́, дакрануўся яго і кажа яму: хачу, будзь ачышчаны.
 

І калі Ён сказаў, праказа зараз жа сыйшла зь яго, і (ён) стаў ачышчаным.
 

І строга папярэдзіўшы яго зараз жа адаслаў яго,
 

і кажа яму: глядзі, нікому нічога ня кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім.
 

А ён выйшаўшы пачаў многа абвяшчаць і шырыць вестку, так што Ён больш ня мог адкрыта ўвайсьці ў места, але быў вонках у мясцох пустэльных; і прыходзілі да Яго адусюль.