Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Бо Валадарства Нябёсаў падобнае чалавеку гаспадару дому які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
Бо Царства Нябеснае падо́бна да гаспадара́ дома, які вы́йшаў на до́світку наня́ць работнікаў у вінагра́днік свой.
І ўмовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
І, дамо́віўшыся з работнікамі па дына́рыю ў дзень, пасла́ў іх у вінагра́днік свой.
Выйшаўшы ж каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў другіх, якія стаялі на рынку бяз працы,
І, вы́йшаўшы каля трэцяй гадзíны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,
сказаў і ім: ідзіце і вы ў вінаграднік і дам вам справядліва. І яны пайшлі.
і ім сказаў: ідзíце і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, дам вам. Яны пайшлі.
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны зрабіў тое самае.
І зноў, вы́йшаўшы каля шостай і дзевятай гадзíны, ён зрабіў тое самае.
Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны ён знайшоў другіх, якія стаялі бяз працы і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?
І, вы́йшаўшы каля адзіна́ццатай гадзíны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што́ вы тут стаіце́ цэлы дзень без працы?
Яны кажуць яму: ніхто нас ня наняў. (Ён) кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік (мой) і атрымаеце па справядлівасьці.
Яны кажуць яму: ніхто нас не наня́ў. Ён кажа ім: ідзíце і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, атрыма́еце.
А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
Калі ж настаў вечар, кажа гаспада́р вінагра́дніка ўпра́ўніку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім пла́ту, пача́ўшы з апошніх да першых.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны атрымалі па дынару.
І тыя, што прыйшлі каля адзіна́ццатай гадзíны, атрымалі па дына́рыю.
А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару.
А тыя, што прыйшлí першымі, думалі, што бо́лей атрыма́юць; але атрымалі і яны па дына́рыю.
І, атрымаўшы пача́лі наракаць на гаспадара дому
І, атрыма́ўшы, яны пачалí нарака́ць на гаспадара́ дома
кажучы: гэтыя апошнія адпрацавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цягату дня і сьпёку.
і казалі: гэтыя апошнія адну гадзíну працавалі, і ты прыраўня́ў іх да нас, якія перане́слі цяжа́р дня і спёку.
А ён адказаўшы сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж ня за дынар ты ўмовіўся са мною?
Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: дру́жа! я не кры́ўджу цябе; хіба́ не за дына́рый ты дамовіўся са мною?
Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе.
Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць тое, што і табе.
Хíба я ня маю ўлады рабіць са сваім, што хачу? Ці вока тваё ліхое ад таго, што я добры?
Хіба́ нельга мне са сваім рабіць тое, што хачу́ ці вока тваё зайздро́снае з-за таго, што я добры?
Гэтак будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі; бо многа закліканых, але мала выбраных.
Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі; бо шмат паклíканых, але ма́ла вы́браных.
І калі ўзыходзіў Ісус у Ярузалім, адклікаў па дарозе дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
І, узыхо́дзячы ў Іерусалім, Іісус у дарозе адвёў двана́ццаць вучняў асобна і сказаў ім:
вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;
вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць;
і перададуць Яго паганам на ганьбаваньне і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
і вы́дадуць Яго язычнікам на глумле́нне, і біццё, і распя́цце; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
Тады падыйшла да Яго матка сыноў Завядзея з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
Тады прыступíла да Яго маці сыноў Зевядзе́евых з сына́мі сваімі, кла́няючыся і нешта про́сячы ў Яго.
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Цябе адзін з правага боку, а другі з левага ў Валадарстве Тваім.
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны́ мае́ адзін справа, а другі злева ад Цябе ў Царстве Тваім.
Адказаўшы ж Ісус сказаў: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я маю піць, і быць ахрышчанымі хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? (Яны) кажуць Яму: можам.
Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца? Яны кажуць Яму: можам.
І кажа ім: чару Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але даць сесьці з правага боку Майго і з левага боку Майго — ня Мая (улада), але каму прыгатавана Ба́цькам Маім.
І кажа ім: чашу Маю́ будзеце піць, і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца; але сесці справа ад Мяне і злева ад Мяне — не Я даю, а гэта для тых, каму ўгатава́на Айцом Маім.
І пачуўшы (гэтае) дзесяць (вучняў) абурыліся на двух братоў.
Пачуўшы гэта, дзеся́цера вучняў абу́рыліся на двух братоў.
Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і начальнікі ўладараць над імі;
Іісус жа, паклíкаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князí народаў пану́юць над імі, і вяльможы ўлада́раць імі.
але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, хай будзе вам слугою;
Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слугою;
і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам слугою.
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вам рабом;
Як і Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё ў выкуп за многіх.
бо Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служы́лі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.
І калі выходзілі яны зь Ярыхону, сьледам за Ім пайшло мноства народу.
І калі выхо́дзілі яны з Іерыхо́на, за Ім сле́дам ішло мноства людзей.
І вось двое сьляпых, якія сядзелі каля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, закрычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда!
І вось, двое сляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус прахо́дзіць, пачалí крычаць, ка́жучы: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!
А людзі загадвалі ім, каб яны змоўклі; але яны яшчэ мацьней крычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда!
Людзі ж патрабава́лі, каб яны замо́ўклі; але яны яшчэ мацней закрычалі: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!
І, спыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: што (вы) хочаце, (каб Я) зрабіў вам?
Іісус, спынíўшыся, паклíкаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
(Яны) кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
Яны кажуць Яму: Госпадзі! каб адкры́ліся нашы вочы.
Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных; і адразу вочы іхныя пача́лі бачыць, і (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.
Іісус жа, злíтаваўшыся, дакрану́ўся да вачэй іх; і адразу іх вочы пачалí бачыць, і яны пайшлі за Ім.