Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтляеме ў дні караля Гірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ярузалім (і) кажуць:
Калі ж Іісус нарадзíўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлí ў Іерусалім і кажуць:
дзе народжаны Кароль юдэяў, бо (мы) убачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
дзе наро́джаны Цар Іудзейскí бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлí пакланíцца Яму.
Пачуўшы гэтае Гірад кароль занепакоіўся, і ўвесь Ярузалім зь ім.
Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
І, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзíцца Хрыстос?
Яны ж сказалі яму: у Бэтляеме юдэйскім, бо гэтак напісана праз Прарока:
Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напíсана прарокам:
і ты, Бэтляем, зямля Юдзіна, нічым ня меншы сярод (другіх) вобласьцяў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраэля.
«І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля».
Тады Гірад, употай прыклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.
Тады Ірад, упо́тай паклíкаўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі.
І, паслаўшы іх у Бэтляем, сказаў: пайдзіце, добра разьведайце пра Дзіцятка. І, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дайцеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і пакланíўся Яму.
І яны, выслухаўшы караля, пайшлі. І вось зорка, якую бачылі (яны) на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала над (мейсцам), дзе было Дзіця.
Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́.
Угледзіўшы ж зорку, (яны) узрадаваліся вельмі вялікай радасьцю.
Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся радасцю вельмі вялікаю.
І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыляй, маткай Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, пакланíліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смíрну.
І, у сьне атрымаўшы адкрыцьцё ня вяртацца да Гірада, іншай дарогай адыйшлі ў краіну сваю.
І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлí ў краіну сваю.
Калі ж яны адыйшлі, вось, Ангел Госпадавы зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і матку Ягоную і бяжы ў Ягіпет і будзь там, дакуль ня скажу табе; бо Гірад хоча шукаць Дзіцятка, каб забіць Яго.
Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубíць Яго.
Ён устаў уначы, узяў Дзіця і матку Ягоную, і адыйшоў у Ягіпет.
Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет.
І быў там да Гірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: зь Ягіпту паклікаў Я Сына Майго.
І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: «з Егіпта паклíкаў Я Сына Майго».
Тады Гірад, убачыўшы, што мудрацы пасьмяяліся зь яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, забіў усіх дзяцей ў Бэтляеме і ва ўсіх ваколіцах ягоных, ад двух гадоў і меншых, паводля часу, які выведаў у мудрацоў.
Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў.
Тады збылося сказанае праз Прарока Ярэму, які кажа:
Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамíем, які гаворыць:
Голас у Раме чу́цен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча ўцешыцца, бо іх няма. (Ярэм. 31:15).
«голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахíль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма».
Па сьмерці ж Гірада, вось Ангел Госпадавы ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Ягіпце
А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце
і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і матку Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памёрлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці.
І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і матку Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву.
Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест Гірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці, і, атрымаўшы адкрыцьцё ў сьне, пайшоў у межы Галілеі.
Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія.
І, прыйшоўшы, асеў у месту, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз Прарокаў, што Ён Назарэям назавецца.
І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.