Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад Сьвятыні; і прыступіліся (да Яго) вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі Сьвятыні.
І, выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму збудава́нні храма.
А Ісус сказаў ім: ці ня бачыце ўсё гэтае? Праўду кажу вам: ня застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які ня застане́цца ня разбураным.
Іісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застане́цца тут ка́меня на ка́мені; усё будзе зруйнава́на.
Калі ж Ён сядзеў на гары Аліваў, прыступіліся да Яго вучні насамоце, кажучы: скажы нам, калі гэта станецца? І які знак Твайго прышэсьця і сканчэньня веку?
Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, падышлі да Яго вучні асобна, гаворачы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаме́нне Твайго прышэ́сця і сканчэ́ння веку?
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: сьцеражыцеся, каб (ніхто) вас ня ўвёў у зман.
І ў адказ Іісус сказаў ім: сцеражы́цеся, каб хто вас не ўвёў у зман.
Бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: «Я ёсьць Хрыстос», і многіх увядуць у зман.
Бо многія пры́йдуць пад íмем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
Належыць жа (вам) пачуць пра варагаваньні і чуткі пра войны. Глядзеце, ня жахайцеся; бо ўсё гэтае мусіць стацца, але (гэтае) яшчэ ня канец.
Пачуеце таксама пра войны і чуткі аб войнах. Глядзіце, не жаха́йцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць галады і моры і зямлітрасеньні па мясцох.
Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятру́сы ме́сцамі.
А ўсё гэтае — пачатак пакутаў.
А ўсё гэта — пачатак пакут.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць забіваць вас; і вы будзеце зьнянавіджаныя ўсімі народамі за Імя Маё.
Тады будуць аддаваць вас на му́кі і забіваць вас; і вы будзеце зненавíджаныя ўсімі народамі за імя́ Маё.
І тады многія будуць уведзеныя ў спакусу; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьнянавідзяць адзін аднаго.
І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавíдзяць адзін аднаго.
І многія ілжывыя прарокі паўстануць і ўвядуць многіх у зман.
І многія лжэпрарокі паўста́нуць і ўвядуць у зман многіх.
І ад памнажэньня бяззаконьня ў многіх асьцюдзянее (братняя) любоў.
І з-за памнажэ́ння беззаконня астыне любоў у многіх.
А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны.
А хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.
І абвешчана будзе гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце, дзеля сьведчаньня ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
І прапаве́дана будзе гэтае Ева́нгелле Царства па ўсім свеце, дзе́ля све́дчання ўсім народам; і тады пры́йдзе канец.
Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, прадказаную праз Данілу прарока, стаячую на сьвятым мейсцы, — хто чытае, хай разумее, —
Дык вось, калі ўбачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніілам прарокам і якая паўста́не на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
тады хто (будзе) у Юдэі, хай уцякаюць у горы;
тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
хто на даху, хай ня зыхо́дзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
і хто на да́ху, няхай не спуска́ецца, каб узяць што-небудзь з дому свайго;
І хто ў полі, няхай ня варочаецца назад узяць адзеньні свае.
і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.
Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні!
Го́ра ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!
Малецеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою ці ў суботу.
Маліцеся, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою, а таксама ў суботу.
Бо тады будзе вялікі ўціск, якога ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе.
Бо тады будзе вялікае лíха, якога не было́ ад пачатку свету да гэтага часу, і не будзе.
І калі б ня былі скарочаныя гэныя дні, ня было б уратавана ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя гэныя дні.
І калі б не былí скаро́чаны тыя дні, то не ўратава́лася б ніякая плоць; але дзе́ля абра́ных будуць скаро́чаны тыя дні.
Тады калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, альбо там, — ня верце.
Тады, калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос» альбо: «там», — не верце.
Бо будуць зьяўлены ілжэхрысты і ілжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, нават выбраных.
Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі і дадуць знаме́нні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Дык, калі скажуць вам: «вось Ён у пустэльні», — ня выходзьце; «вось (Ён) у сховах», — ня верце;
Таму, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — не выходзьце; «вось, Ён у патайны́х пакоях», — не верце.
бо як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць аж да захаду, гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага;
Бо, як маланка блíскае з усходу і відна́ бывае аж да за́хаду, такім будзе прышэ́сце Сына Чалавечага.
бо калі дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы.
Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
І адразу пасьля ўціску дзён гэных сонца будзе пакрыта цемрай, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы небаў будуць трасянуты.
І адразу, пасля лíха дзён тых, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спаду́ць з неба, і сілы нябесныя пахісну́цца.
І тады будзе яўлены знак Сына Чалавечага ў небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямлі і ўбачаць Сына Чалавечага ідучы на воблаках неба зь сілаю і славаю вялікай.
І тады я́віцца знаме́нне Сына Чалавечага на небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
І пашле (Ён) Ангелаў Сваіх з моцным гукам трубы, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краёў небаў да краёў іхных.
І пашле Ангелаў Сваіх з трубою гучнагало́саю, і збяруць абра́ных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
Ад смакоўніцы вазьмеце параўнаньне: калі галінка яе ўжо робіцца мяккай і пускае лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета.
Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўнанне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета;
Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка, пры дзьвярох.
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Праўду кажу вам: ня праміне род гэты, як усё гэтае станецца.
Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.
Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць.
Неба і зямля міну́ць, а словы Мае не міну́ць.
А пра дзень гэны і гадзіну ніхто ня ведае, нават і Ангелы нябесныя, а толькі Ба́цька Мой адзін.
А пра дзень той і гадзíну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін.
Але як (было) у дні Ноя, гэтак будзе і ў прышэсьце Сына Чалавечага.
Але як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:
Бо як было ў дні перад патопам: елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, (як) увайшоў Ной у карабель.
бо як у дні перад патопам елі, пілí, жаніліся і выхо́дзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
І ня прынялі (пропаведзі Ноя), пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага.
і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
Тады будуць у полі двое: аднаго забіраюць, а другога пакідаюць.
Тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
Дзьве мелючыя ў жорнах: адну забіраюць, а другую пакідаюць.
дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута.
Будзьце на старо́жы, бо ня ведаеце ў якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
Дык будзьце пíльныя, бо не ведаеце, у якую гадзíну Гасподзь ваш пры́йдзе.
Вы ж ведаеце тое, што калі б ведаў гаспадар дому ў якую варту прыйдзе злодзей, то быў бы на старо́жы, і ня даў бы падкапацца пад дом свой.
Але тое вы знайце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту пры́йдзе зло́дзей, дык не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой.
Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
Таму і вы будзьце гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.
Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над прыслугаю сваёю, каб даваць ім яду ў пару?
Хто ж ёсць верны і разумны раб, якога гаспадар яго паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
Шчасьлівы той раб, якога гаспадар ягоны прыйшоўшы знойдзе, што робіць гэтак.
Блажэ́нны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так.
Праўду кажу вам, што над усімі маёнткамі сваімі паставіць яго.
Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
Калі ж гэны нягодны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой зь вяртаньнем,
А калі скажа ліхí раб той у сэ́рцы сваім: «не хутка пры́йдзе гаспадар мой»,
і пачне зьбіваць сваіх саслужбоўцаў ды есьці і піць з п’яніцамі, —
і пачне біць тава́рышаў сваіх, і есці і піць з п’яніцамі, —
то прыйдзе гаспадар раба гэнага ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
то пры́йдзе гаспадар раба́ таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае,
і сурова пакарае яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе лямант і скрыгот зубоў.
і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з крываду́шнымі; там будзе плач і скры́гат зубоў.