Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад Сьвятыні; і прыступіліся (да Яго) вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі Сьвятыні.
І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, пайшоў. І прыступілі вучні ягоныя, манючыся паказаць яму будынкі сьвятыні.
А Ісус сказаў ім: ці ня бачыце ўсё гэтае? Праўду кажу вам: ня застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які ня застане́цца ня разбураным.
Ён-жа ў адказ гавора ім: Бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не разбурылі.
Калі ж Ён сядзеў на гары Аліваў, прыступіліся да Яго вучні насамоце, кажучы: скажы нам, калі гэта станецца? І які знак Твайго прышэсьця і сканчэньня веку?
А калі сядзеў ён на гары Аліўнай, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе ды які знак твайго прыходу і сканчэння сьвету?
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: сьцеражыцеся, каб (ніхто) вас ня ўвёў у зман.
Езус-жа ў адказ гавора ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня звёў.
Бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: «Я ёсьць Хрыстос», і многіх увядуць у зман.
Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Я Хрыстус», і шмат каго звядуць.
Належыць жа (вам) пачуць пра варагаваньні і чуткі пра войны. Глядзеце, ня жахайцеся; бо ўсё гэтае мусіць стацца, але (гэтае) яшчэ ня канец.
Пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыліся, бо трэба, каб гэтае сталася, адыж яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць галады і моры і зямлітрасеньні па мясцох.
Паўстане бо народ на народ, і каралеўства на каралеўства ды будуць паморак і голад і мясцамі землятрасенні.
А ўсё гэтае — пачатак пакутаў.
Але гэта ўсё — пачатак гора.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць забіваць вас; і вы будзеце зьнянавіджаныя ўсімі народамі за Імя Маё.
Тады выдавацімуць вас на мукі, і забівацімуць вас, і будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх народаў дзеля імяні майго.
І тады многія будуць уведзеныя ў спакусу; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьнянавідзяць адзін аднаго.
І тады згоршацца многія, ды будуць мець у ненавісьці адзін другога.
І многія ілжывыя прарокі паўстануць і ўвядуць многіх у зман.
І паўстане шмат фальшывых прарокаў ды многіх звядуць.
І ад памнажэньня бяззаконьня ў многіх асьцюдзянее (братняя) любоў.
І таму што распашырыцца нягоднасьць, шмат у каго любоў асьцюдзянее.
А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны.
Хто ж да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.
І абвешчана будзе гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце, дзеля сьведчаньня ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
І прапаведвацімецца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце на свядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, прадказаную праз Данілу прарока, стаячую на сьвятым мейсцы, — хто чытае, хай разумее, —
Дык вось калі ўбачыце гідоту спусташэння, аб якой казаў прарок Даніэль, стаячую на месцы сьвятым — хто чытае, хай разумее —
тады хто (будзе) у Юдэі, хай уцякаюць у горы;
тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
хто на даху, хай ня зыхо́дзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
а хто на даху, няхай ня зыходзяць узяць штонебудзь із свайго дому;
І хто ў полі, няхай ня варочаецца назад узяць адзеньні свае.
і хто на полі, хай не варочаецца, каб узяць сваю вопратку.
Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні!
А гора цяжарным і кормячым у гэным дні.
Малецеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою ці ў суботу.
Прасеце-ж, каб уцяканне вашае ня было зімою, або ў сыботу.
Бо тады будзе вялікі ўціск, якога ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе.
Будзе бо тады вялікае прыгнобленне, якога ня было ад пачатку свету аж дагэтуль ды ня будзе.
І калі б ня былі скарочаныя гэныя дні, ня было б уратавана ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя гэныя дні.
І калі-б не скараціліся гэныя дні, не ўхавалася-б ніводнае цела, адыж дзеля выбраных скарочацца дні тыя.
Тады калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, альбо там, — ня верце.
Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, або там — ня верце.
Бо будуць зьяўлены ілжэхрысты і ілжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, нават выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы й фальшывыя прарокі ды рабіцімуць вялікія знакі й дзіва, так каб ачмуціць — калі магчыма — навет выбраных.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Вось я наўпярод сказаў вам.
Дык, калі скажуць вам: «вось Ён у пустэльні», — ня выходзьце; «вось (Ён) у сховах», — ня верце;
Дык калі-б вам гаварылі: «Вось ён у пустыні» — ня выходзьце; «вось у тайнікох дому» — ня верце.
бо як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць аж да захаду, гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага;
Бо як маланка бліскае з усходу й з’яўляецца аж на захадзе, гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.
бо калі дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы.
Дзе-б толькі было цела, там і арлы збяруцца
І адразу пасьля ўціску дзён гэных сонца будзе пакрыта цемрай, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы небаў будуць трасянуты.
І зараз-жа пасьля прыгнобы гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, а зоры падацімуць з неба, й сілы нябесныя зрушаны будуць.
І тады будзе яўлены знак Сына Чалавечага ў небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямлі і ўбачаць Сына Чалавечага ідучы на воблаках неба зь сілаю і славаю вялікай.
Пад той час з’явіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пляменні зямлі, ды ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблаках нябесных з магуцтвам і веліччу.
І пашле (Ён) Ангелаў Сваіх з моцным гукам трубы, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краёў небаў да краёў іхных.
І пашле анелаў сваіх з трубою й вялікім голасам, і збяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.
Ад смакоўніцы вазьмеце параўнаньне: калі галінка яе ўжо робіцца мяккай і пускае лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета.
А ад смоквы вучэцеся прыкладу: калі ўжэ галінка ейная робіцца мяккая ды лісьце пускае, вы ведаеце, што блізка лета.
Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка, пры дзьвярох.
Гэтак-жа і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.
Праўду кажу вам: ня праміне род гэты, як усё гэтае станецца.
Сапраўды кажу вам: не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць.
Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
А пра дзень гэны і гадзіну ніхто ня ведае, нават і Ангелы нябесныя, а толькі Ба́цька Мой адзін.
Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет анелы нябесныя, адзін толькі Айцец.
Але як (было) у дні Ноя, гэтак будзе і ў прышэсьце Сына Чалавечага.
А як было ў дні Ноя, так будзе й прыход Сына чалавечага.
Бо як было ў дні перад патопам: елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, (як) увайшоў Ной у карабель.
Бо як у дні перад патопам елі й пілі, жаніліся ды йшлі замуж, аж да таго дня, як увайшоў Ной у карабель,
І ня прынялі (пропаведзі Ноя), пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага.
і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп ды не панёс усіх, — гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.
Тады будуць у полі двое: аднаго забіраюць, а другога пакідаюць.
Тады будзе двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены;
Дзьве мелючыя ў жорнах: адну забіраюць, а другую пакідаюць.
дзве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
Будзьце на старо́жы, бо ня ведаеце ў якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
Дык не драмеце, бо ня ведаеце, ў якой гадзіне Усеспадар ваш прыйдзе.
Вы ж ведаеце тое, што калі б ведаў гаспадар дому ў якую варту прыйдзе злодзей, то быў бы на старо́жы, і ня даў бы падкапацца пад дом свой.
Ды ведайце тое, што калі-б гаспадар знаў, у якую гадзіну маецца прыйсьці злодзей дык-бы ня спаў і не дапусьціў-бы падкапацца пад свой дом.
Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
Таму-то й вы будзьце гатовы, Сын бо чалавецы прыйдзе ў гадзіну, якое ня ведаеце.
Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над прыслугаю сваёю, каб даваць ім яду ў пару?
Хто, думаеш, верны й разумны слуга, якога паставіў ягоны гаспадар над сваімі людзьмі, каб даваў ім есьці ўпору?
Шчасьлівы той раб, якога гаспадар ягоны прыйшоўшы знойдзе, што робіць гэтак.
Шчасьлівы той слуга, гаспадар якога, прыйшоўшы, застане гэтак робячы.
Праўду кажу вам, што над усімі маёнткамі сваімі паставіць яго.
Сапраўды кажу вам: над усім сваім дабром паставіць яго.
Калі ж гэны нягодны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой зь вяртаньнем,
А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: «Ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
і пачне зьбіваць сваіх саслужбоўцаў ды есьці і піць з п’яніцамі, —
і пачаў-бы сяброў сваіх біць, а еў-бы й піў-бы з п’яніцамі,
то прыйдзе гаспадар раба гэнага ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
прыйдзе гаспадар слугі гэнага ў дзень неспадзяваны ў гадзіну няведану,
і сурова пакарае яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе лямант і скрыгот зубоў.
і адлучыць яго й прысудзіць долу з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.