Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча
Калі прайшла субота на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыля Магдаліна і другая Марыля паглядзець магілу.
А пасьля сыботы, на сьвітанні першага дня ў тыдні, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу.
І вось, стаўся вялікі землятрус: бо Ангел Госпада, які сыйшоў зь Неба, прыступіўшы адваліў камень ад дзьвераў (магілы) і сядзеў на ім.
І вось зрабілася вялікае землятрасенне, анел бо Госпадаў зыйшоў з неба і, прыступіўшы, адваліў камень ды сеў на ім.
Выгляд жа яго быў, як маланка, і вопратка ягоная белая, як сьнег.
А быў воблік ягоны як маланка, акрыцьцё-ж — як сьнег.
І ад страху перад ім ахоўнікі былі апанаваны такім трымценьням, што зрабіліся, як мёртвыя.
І ад страху перад ім жахнулася варта й сталася як няжывая.
Ангел жа загаварыўшы да жанчын сказаў: вы ня бойцеся, бо ведаю, што шукаеце Ісуса раскрыжаванага;
Адазваўшыся-ж анел сказаў жанчынам: Ня бойцеся, ведаю бо, што шукаеце Езуса, які быў укрыжаваны.
Яго тут няма, бо (Ён) уваскрэшаны як сказаў; падыдзіце, паглядзіце мейсца, дзе ляжаў Госпад
Няма яго тут, ён згробуўстаў, як сказаў. Хадзеце й паглядзеце месца, дзе Ўсеспадар быў паложаны.
ды пайшоўшы хутчэй скажыце вучням Ягоным: (Ён) уваскрэшаны зь мёртвых і вось перад вамі прыйдзе ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось (я) сказаў вам.
Ды йдзеце хутка, скажэце вучням ягоным, што згробуўстаў; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго ўбачыце. Гэта запавяшчаю вам.
І выйшаўшы борзда з магілы, са страхам і вялікай радасьцю пабеглі апавясьціць вучняў Ягоных.
І выйшаўшы борзда із гробу, пабеглі з трывогай і радасьцю вялікай, паведаміць ягоных вучняў.
Калі ж (яны) ішлі апавясьціць вучняў Ягоных, і вось Ісус спаткаў іх кажучы: радуйцеся! а яны, прыступіўшыся, абнялі Ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
Прымеж таго спатыкае іх Езус, кажучы: Прывет вам! Яны-ж прыступіліся й абнялі ногі яго ў паклоне яму.
Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце апавясьціце братоў Маіх каб ішлі ў Галілею, і там убачыце Мяне.
Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.
І калі яны ішлі, вось нікаторыя з варты прыйшоўшы ў места апавясьцілі архірэям усё, што здарылася.
Як яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыбеглі ў горад і паведамілі вышэйшых сьвятароў аб усім, што сталася.
І сабраныя са старэйшынамі і ўчыніўшы нараду, далí жаўнерам нямалыя грошы,
Тыя-ж сабраўшыся з старшынамі й парадзіўшыся, далі стражніком даволі грошай,
кажучы: скажыце: вучні Ягоныя прыйшоўшы ноччу ўкралі Яго калі мы спалі.
угаварваючы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі ды ўкралі яго, як мы спалі.
І калі (чуткі) пра гэта дойдуць да правіцеля мы пераканаем яго, і зробім вас свабоднымі ад няпрыемнасьцяў.
А калі-б дайшло гэта да начальніка, мы яго пераканаем і зробім вас бясьпечнымі.
Яны ж узяўшы грошы зрабілі як былí навучаны. І разыйшлося слова гэтае паміж жыдамі аж да сягоньняшняга дня.
Яны-ж, ўзяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І праняслося гэтае слова паміж юдэямі аж па сянняшні дзень.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус.
Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гору, куды сказаў ім Езус.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а нікаторыя засумняваліся.
І ўбачыўшы яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся.
І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на Небе і на зямлі.
Езус, падыйшоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе й на зямлі.
Пайшоўшы ж, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Ба́цькі, і Сына, і Сьвятога Духа,
Ідзеце вось-жа й навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога,
вучачы іх выконваць усё, што (Я) загадаў вам. І вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
ды вучачы іх спаўняць усёчыста што я загадаў вам. А вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэння сьвету.