Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
 

А рана нараніцы ізноў прыйшоў Ён у Сьвятыню, і ўвесь народ прыходзіў да Яго; і, сеўшы, Ён навучаў іх.
 

Прыводзяць жа кніжнікі і хварысэі да Яго жанчыну, (якую) злавілі на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
 

кажуць Яму: Настаўнік, гэтая жанчына была злоўлена на ўчынку чужалоства,
 

а ў Законе Масей загадаў нам гэткіх пабіваць каменьнем. А што скажаш Ты?
 

Гэтае ж (яны) казалі, спакушаючы Яго, каб мець (падставу) абвінаваціць Яго. Але Ісус, нахіліўшыся долу, пісаў пальцам на зямлі.
 

Калі ж (яны) доўжылі (ў) Яго дапытавацца, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: хто бязгрэшны (сярод) вас, першы няхай кіне камень у яе.
 

І зноў, нахіліўшыся долу, Ён пісаў на зямлі.
 

Яны ж, пачуўшы і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшых аж да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, стоячы перад (Ім).
 

Выпрастаўшыся ж Ісус і нікога ня ўба́чыўшы, апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе ёсьць тыя, абвінавальнікі твае? Ніхто ня асудзíў цябе?
 

Яна ж сказала: ніхто, Госпадзе! І сказаў ёй Ісус: і Я цябе ня асуджваю: ідзі і больш ня грашы.
 

Ізноў тады Ісус прамовіў ім, кажучы: Я ёсьць Сьвятло сьвету, хто ідзе за Мною, ня бу́дзе хадзіць у цемры, але меціме Сьвятло Жыцьця.
 

Тады хварысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, Сьвядоцтва Тваё ня Праўдзíвае.
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: нават калі Я сьведчу Сам пра Сябе, Сьвядоцтва Маё ёсьць Праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду, а вы ня ве́даеце, скуль Я прыходжу і куды йду.
 

Вы паводля цела судзіце; Я ня суджу́ нікога.
 

А калі і суджу Я, Суд Мой ёсьць Праўдзівы, бо Я ёсьць ня адзíн, але Я і Бацька, Які паслаў Мяне.
 

А і ў Законе ж вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае. (Другазак. 19:15)
 

Я ёсьць Той, Хто сьведчыць Сам аб Сабе, і сьведчыць аба Мне Бацька, Які паслаў Мяне.
 

Тады казалі Яму: дзе Бацька Твой? Адказаў Ісус: ані Мяне (вы) ня ве́даеце, ані Бацькі Майго. Калі б (вы) Мяне ведалі, тады і Бацьку Майго ведалі б.
 

Гэтыя словы сказаў Ісус ля скарбніцы, навучаючы ў Сьвятыні, і ніхто ня схапíў Яго, бо яшчэ ня прыйшо́ў час Ягоны.
 

Сказаў жа ізноў ім Ісус: Я адыходжу, і (вы) будзеце шукаць Мяне, і ў грэху вашым паўміраеце. Куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці.
 

Гаварылі ж жыды: ці Ён заб’е Сябе Самога, што кажа: куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці?
 

І сказаў ім: вы ад нізу, Я з Вышыні; вы ад гэтага сьвету, Я ня ад гэтага сьвету;
 

сказаў жа Я вам, што (вы) паўміраеце ў грахах вашых; бо калі ня паве́рыце, што Я ёсьць (Ён), паўміраеце ў грахах вашых.
 

Тады (яны) казалі Яму: Ты Хто ёсьць? І сказаў ім Ісус: Той, Хто ад Пачатку, што і кажу вам.
 

Шмат маю аб вас гаварыць і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Праўдзівы, і Я што пачуў ад Яго, тое кажу сьвету.
 

Ня зразумелі, што Ён гаварыў ім аб Ба́цьку.
 

Сказаў тады ім Ісус: калі (вы) падыймеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што Я ёсьць (Ён), і (што) ад Сябе Самога ня раблю нічога, але як наўчыў Мяне Бацька Мой, так кажу.
 

І Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною: Бацька ня пакíнуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю, што падабаецца Яму.
 

Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго.
 

Тады казаў Ісус жыдам, што ўверылі ў Яго: калі вы астанецёся ў Слове Маім, (дык) запраўды (вы) вучні Мае.
 

І пазнаеце Праўду, і Праўда вызваліць вас.
 

(Яны) адказалі Яму: мы семя Абрагамавае, і нікому ніколі ня былí рабамі; як (жа) Ты кажаш: станецеся вольнымі?
 

Адказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
 

Але раб ня застае́цца ў Доме вечна; Сын застаецца вечна.
 

Калі ж Сын вас вызваліць, запраўды вольнымі будзеце.
 

Ведаю, што вы семя Абрагамавае, але шукаеце Мяне забіць, бо Слова Маё ня зьмяшчаецца ў вас.
 

Я абвяшчаю тое, што бачыў у Ба́цькі Майго, а вы ж робіце тое, што бачылі ў ба́цькі вашага.
 

(Яны) адказалі і сказалі Яму: ба́цька наш — Абрагам. Кажа ім Ісус: калі б (вы) былі дзеці Абрагамавыя, (то) рабілі б учынкі Абрагамавыя.
 

А цяпер (вы) шукаеце забіць Мяне, Чалавека, Які абвясьціў вам Праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага ня рабíў.
 

Вы робіце ўчынкі ба́цькі вашага. Сказалі тады Яму: мы ня з блудадзейства народжаны; аднаго Ба́цьку маем — Бога.
 

Тады Ісус сказаў ім: калі б Бог быў ваш Бацька, (то вы) любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Са́м ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
 

Чаму (вы) ня разуме́еце мовы Маёй? Бо ня мо́жаце чуць Слова Майго.
 

Вы ёсьць ад (вашага) ба́цькі, (ад) д’ябла, і (вы) хочаце выпаўняць жаданьні ба́цькі вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ў Праўдзе ня ўсто́іў, бо няма́ Праўды ў ім. Калі (ён) гаворыць ілжу — із свайго гаворыць, бо ён ёсьць ілгун і ба́цька сваёй (ілжы).
 

А як Я Праўду кажу, ня ве́рыце Мне.
 

Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі ж Я Праўду кажу, чаму вы ня ве́рыце Мне?
 

Хто ёсьць ад Бога, (той) Словы Боскія слухае. Вы затым ня слу́хаеце, што (вы) ня ад Бо́га.
 

Адказалі тады жыды і сказалі Яму: ці (ж) ня пра́вільна мы кажам, што Ты ёсьць самарац, і дэмана маеш?
 

Ісус адказаў: Я ня ма́ю дэмана, але Я паважаю Ба́цьку Майго, а вы зьняважаеце Мяне.
 

Я ж ня шука́ю Славы Маёй; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
 

Праўду, Праўду кажу вам: калі хто Слова Маё споўніў бы, ня ўгле́дзіць сьмерці давеку.
 

Тады жыды сказалі Яму: цяпер (мы) даведаліся, што Ты дэмана маеш. Абрагам памёр і Прарокі, а Ты кажаш: калі хто Слова Маё споўніў бы, ня спазна́е сьмерці давеку.
 

Няўжо Ты большы (за) ба́цьку нашага Абрагама, які памёр? і Прарокі памерлі: кім Ты Сябе робіш?
 

Адказаў Ісус: калі Я выслаўляю Сам Сябе, (то) Слава Мая ёсьць нішто. Ёсьць Ба́цька Мой, Той, Хто выслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш.
 

І (вы) ня пазна́лі Яго, а Я ведаю Яго, і калі б сказаў, што ня ве́даю Яго, (то) быў бы падобны да вас ілгун. Але Я ведаю Яго і Слова Ягонае выпаўняю.
 

Абрагам, ба́цька ваш, рады быў, каб бачыць Дзень Мой; і ўгледзіў і ўсьцешыўся.
 

Сказалі тады жыды Яму: Ты яшчэ пяцідзясяцёх гадоў ня ма́еш, і Ты бачыў Абрагама?
 

Сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсьць.
 

Тады ўзялі каменьні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў са Сьвятыні, прайшоўшы між імі, і гэтак прайшоў міма.