Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, Тыбэрыядзкага.
 

І пайшло за Ім многа людзей, бо бачылі Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў над хворымі.
 

Узыйшоў жа Ісус на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
 

Была ж блізка Пасха, сьвята жыдоўскае.
 

Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе мы купім хлябоў, каб яны елі бы?
 

Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
 

Піліп адказаў Яму: хлябоў (на) дзьвесьце дынараў ня хо́піць ім, каб кожны зь іх крыху дастаў.
 

Кажа Яму адзін із вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры:
 

Ёсьць тут адзін хлопчык, што мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы, але што гэта для такога мноства?
 

Ісус жа сказаў: скажэце людзям пасядаць. Было ж багата травы на тым мейсцы. І вось пасядалі мужчыны лікам каля пяцёх тысячаў.
 

І ўзяў Ісус хлябы і, учыніўшы малітву падзякі, раздаў вучням, а вучні тым, што сядзелі; таксама і ад рыбы, колькі хто хацеў.
 

І, як насыціліся, кажа Ён вучням Сваім: зьбярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога ня прапа́ла.
 

Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяцёх ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, што елі.
 

Тады людзі, убачыўшыя Цуд, што Ісус учыніў, казалі: Ён ёсьць запраўды Той Прарок, Які йдзе ў сьвет.
 

Ісус жа, ведаючы, што хочуць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго каралём, ізноў адыйшоўся на гару Сам адзін.
 

Як жа настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора
 

і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора да Капэрнавуму. І ўжо цёмна сталася, а Ісус ня прыхо́дзіў да іх.
 

І мора хвалявалася, (бо) дуў моцны вецер.
 

І вось, праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, (яны) бачаць Ісуса, (што) ідзе па моры і падыходзіць блізка да чаўна, і спалохаліся.
 

Але Ён кажа ім: гэта Я, ня бо́йцеся!
 

Тады (яны) хацелі ўзяць Яго ў човен, і зараз човен быў ля берагу, куды плылі.
 

Назаўтрае людзі, якія стаялі на тым баку мора, убачыўшы, што там ня было́ другога чаўна, апрача аднаго таго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус ня ўвахо́дзіў разам з вучнямі Сваімі ў човен, але адплылі адны вучні Ягоныя,
 

другія ж чаўны прыйшлі з Тыбэрыяды, блізка да таго мейсца, дзе елі хлеб (па) удзячнай малітве Госпада;
 

і вось, калі людзі ўгледзілі, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, тады і яны ўвайшлі ў чоўны і прыплылі ў Капэрнавум, шукаючы Ісуса,
 

і, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?
 

Адказаў ім Ісус і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам: (вы) шукаеце Мяне ня затым, што бачылі Цуды, але затым, што елі ад хлябоў і насыціліся;
 

працуйце ня дзе́ля ежы парахнеючай, але дзеля ежы, што застаецца ў Жыцьцё Вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо (на) Ім паклаў Пячатку (Сваю) Бацька Бог.
 

Тады (яны) сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць Справы Божыя?
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: гэта ёсьць Мэта Бога, каб вы ўверылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
 

Тады сказалі Яму: які ж Ты знак зробіш, каб (мы) бачылі і паверылі Табе? Што Ты робіш?
 

Ба́цькі нашыя елі манку ў пустэльні, як ёсьць напісана: «хлеб ізь Неба даў ім есьці» (Пс. 78:24).
 

Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: ня Масе́й даў вам хлеб ізь Неба, але Бацька Мой дае вам Сапраўдны Хлеб ізь Неба;
 

бо Хлеб Божы ёсьць Той, Хто зыходзіць зь Неба і дае Жыцьцё сьвету.
 

Сказалі ж Яму: Госпадзе! заўсёды давай нам такі хлеб.
 

Сказаў жа ім Ісус: Я ёсьць Хлеб Жыцьця; хто прыходзе да Мяне, зусім ня бу́дзе галодны, і хто верыць у Мяне, зусім ня бу́дзе прагнуць ніколі.
 

Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне, і ня ве́рыце.
 

Усе, каго дае Мне Бацька, да Мяне прыйдуць, і таго, хто прыходзе да Мяне, (ні ў якім разе) ня выганю вон,
 

бо Я зыйшоў зь Неба ня (дзеля таго), каб рабіць Волю Маю, але, (каб рабіць) Волю Таго, Хто паслаў Мяне, (Ба́цькі);
 

і гэта ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі, каб кожнага, каго Ён даў Мне, нікога ня згубíць, але ўваскрасіць яго ў апошні дзень;
 

гэта ж ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў Жыцьцё Вечнае, і Я ўваскрашу яго (ў) апошні дзень.
 

Наракалі ж жыды на Яго, што Ён сказаў: Я ёсьць Хлеб, Хто зыйшоў зь Неба,
 

і казалі (яны): ці ня Ісу́с ёсьць Ён, сын Язэпаў, ба́цьку й матку Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа гэта: Я зыйшоў зь Неба?
 

Адказаў жа Ісус і сказаў ім: ня гудзе́це міжы сабою;
 

ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Бацька, Які паслаў Мяне, ня прыва́біць яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 

Ёсьць напісанае ў Прарокаў: і будуць усе навучаны Богам. Пагэтаму кожны, каторы пачуў ад Бацькі і навучыўся, прыходзіць да Мяне (Гісая 54:13).
 

Ня таму, што нехта бачыў Ба́цьку, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Ба́цьку.
 

Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае Жыцьцё Вечнае.
 

Я ёсьць Хлеб Жыцьця.
 

Ба́цькі вашыя елі манку ў пустэльні і паўміралі.
 

Хлеб ёсьць Той, Які зь Неба зыходзіць, каб хто еў ад Яго і ня памёр.
 

Я ёсьць Хлеб Жывы, Хто зь Неба зыйшоў: калі хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць навекі. А Хлеб жа, Які Я дам, ёсьць Цела Маё, Каторае Я дам за жыцьцё сьвету.
 

І вось спрачаліся міжы сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам Цела (Сваё) есьці?
 

Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: (калі) ня бу́дзеце есьці Цела Сына Чалавечага і (ня) бу́дзеце піць Крыві Ягонай, ня бу́дзеце мець Жыцьця ў сабе.
 

Хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае Жыцьцё Вечнае, і Я ўскрашу яго ў апошні дзень.
 

Бо Цела Маё запраўды ёсьць Ежа, і Кроў Мая запраўды ёсьць Пітво;
 

хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, ува Мне жыве, і Я ў ім.
 

Як паслаў Мяне жывы Бацька, і Я жыву Ба́цькам, так і хто есьць Мяне, ён таксама жыць будзе Мною;
 

гэта ёсьць Хлеб, Хто зь Неба зыйшоў. Ня та́к, як елі ба́цькі вашыя манку і паўміралі: хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць на векі.
 

Гэтае сказаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнавуме.
 

Многія ж з вучняў Ягоных, чуючы (гэтае) сказалі: цяжкое гэтае Слова. Хто можа яго слухаць?
 

Але Ісус, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: (ці) гэтае вас спакушае?
 

(а) калі ж бы (вы) угледзілі Сына Чалавечага, (Які) узыходзе (туды), дзе быў раней?
 

Гэта ёсьць Дух, Які ажыўляе; цела ніякай карысьці ня прыно́сіць. Словы, якія Я кажу вам, ёсьць Дух і ёсьць Жыцьцё.
 

Але ёсьць сярод вас нікаторыя, што ня ве́раць. Бо Ісус ведаў ад пачатку, (што) ёсьць нікаторыя, што ня ве́раць, і хто ёсьць той, што здрадзіць Яго.
 

І казаў: дзеля гэтага сказаў Я вам, што ніхто ня мо́жа прыйсьці да Мяне, калі б ня было́ дадзена яму ад Ба́цькі Майго.
 

З таго (часу) многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо ня хадзíлі зь Ім.
 

Сказаў тады Ісус дванаццацём: (ці) ня хо́чаце і вы адыйсьці?
 

Адказаў тады Яму Сымон Пётра: Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш Словы Жыцьця вечнага;
 

і мы паверылі і пазналі, што Ты ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога.
 

Адказаў ім Ісус: ці ня Я выбраў вас дванаццацёх? Але адзін з вас ёсьць д’ябал.
 

Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адзін з дванаццацёх.