Яна 7 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо ня хаце́ў па Юдэі хадзіць, бо юдэі шукалі забіць Яго.
 

Было ж блізка жыдоўскае сьвята — Кучкі.
 

Тады браты Ягоныя сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеяньні Твае, якія Ты робіш.
 

Бо ніхто ня ро́біць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі Ты робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету;
 

бо і браты Ягоныя ня ве́рылі ў Яго.
 

Тады кажа ім Ісус: Мой час яшчэ ня прыйшо́ў, ваш жа час заўсёды ёсьць гатовы;
 

сьвет ня мо́жа вас нянавíдзіць, а Мяне нянавíдзіць, бо Я сьведчу аб ім, што ўчынкі ягоныя — благія.
 

Вы ўзыходзьце на гэтае сьвята, Я яшчэ ня ўзыхо́джу на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня спо́ўніўся.
 

І, сказаўшы гэтае ім, Ён заставаўся ў Галілеі.
 

Але як узыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён узыйшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам патаемна.
 

Жыды ж шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён ёсьць?
 

І шмат спрэчак было дзеля Яго сярод людзей: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, але зводзіць народ.
 

Аднак ніхто ня гаварыў аб Ім яўна з-за страху перад жыдамі.
 

Але ўжо ў палове сьвята ўзыйшоў Ісус у Сьвятыню і навучаў.
 

І дзівіліся жыды, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
 

Адказаў ім Ісус і сказаў: Маё Вучэньне ёсьць ня Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне;
 

калі хто хоча Волю Ягоную рабіць, (той) даведаецца аб Гэтым Вучэньні, ці ад Бога Яно, ці Я Сам ад Сябе кажу.
 

Той, хто сам ад сябе гаворыць, шукае славы сваёй, а Той, Хто шукае Славы Таго, Хто паслаў Яго, Той ёсьць Праўдзівы і няма ў Ім няпраўды.
 

Ці ня даў вам Масей Закону? і ніхто з вас ня жыве́ па Закону. Чаму шукаеце забіць Мяне?
 

Адказалі людзі і сказалі: Ты дэмана маеш; хто шукае забіць Цябе?
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: адну Дзею зрабіў Я, і ўсе (вы) дзівуецеся;
 

дзеля гэтага Масей даў вам абразаньне; ня таму́, што яно ад Масея ёсьць, але ад ба́цькаў, і ў суботу (вы) абразаеце чалавека;
 

калі чалавек прымае абразаньне ў суботу, каб ня быў парушаны Закон Масеяў, (чаму на) Мяне злуецеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
 

Ня судзíце паводля выгляду, але судзіце судом справядлівым.
 

Тады нікаторыя зь ярузалімцаў казалі: ці ня Ён ёсьць Той, Якога шукаюць забіць?
 

І вось Ён кажа яўна, і нічога ня ка́жуць Яму: можа быць запраўды прызналі начальнікі, што Ён запраўды ёсьць Хрыстос?
 

Але Яго (мы) ведаем, адкуль Ён ёсьць; Хрыстос жа, калі прыйдзе, ніхто ня бу́дзе ведаць, адкуль Ён ёсьць.
 

Тады крычаў Ісус у Сьвятыні, навучаючы і кажучы: і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я ёсьць, і Я прыйшоў ня Са́м ад Сябе, але Праўдзівы ёсьць Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ве́даеце;
 

а Я ведаю Яго, бо ад Яго Я ёсьць, і Ён паслаў Мяне.
 

І вось шукалі схапіць Яго, але ніхто ня пакла́ў на Яго рукí, бо яшчэ ня прыйшо́ў час Ягоны.
 

Многія ж зь людзей уверылі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо зробіць больш цудаў (чым) тыя, каторыя Ён зрабіў?
 

Пачулі хварысэі людзей, (якія) гавораць пра Яго гэта цішком, і паслалі хварысэі й архірэі слуг, каб схапілі Яго.
 

Тады Ісус сказаў ім: яшчэ малы час Я ёсьць з вамі, і Я йду да Таго, Хто паслаў Мяне.
 

Будзеце шукаць Мяне, і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці.
 

Тады сказалі жыды паміж сабою: куды Ён зьбіраецца йсьці, што мы ня зно́йдзем Яго? Ці ня да грэцкага расьцярушэньня Ён зьбіраецца йсьці і вучыць грэкаў?
 

Што ёсьць гэтае Слова, якое Ён сказаў: будзеце шукаць Мяне і ня знахо́дзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мо́жаце прыйсьці.
 

У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і крычаў, кажучы: калі хто сьмягне, ідзі да Мяне і пі.
 

Хто верыць у Мяне, (у таго) як сказала Пісаньне, з нутра ягонага пацякуць рэкі Вады Жывой.
 

А гэтае сказаў Ён аб Духу, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго; бо яшчэ ня быў Дух Сьвяты (на іх), бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены.
 

Тады многія зь людзей, пачуўшы гэтае слова, казалі: Ён ёсьць запраўды Прарок.
 

Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстос. А іншыя казалі: ці запраўды з Галілеі прыходзе Хрыстос?
 

Ці ня сказала Пісаньне, што ад насеньня Давідавага і з Бэтлеему, сяла, дзе быў Давід, Хрыстос прыходзе?
 

Тады з-за Яго ў людзей стаўся падзел.
 

Нікаторыя ж зь іх хацелі ўхапіць Яго, але ніхто ня ўскла́ў на Яго ру́кі.
 

Тады вярнуліся слугі да архірэяў і хварысэяў, і тыя сказалі ім: чаму (вы) ня прывялí Яго?
 

Слугі адказалі: ніколі чалавек ня гаварыў так, як Гэты Чалавек.
 

Тады хварысэі адказалі ім: няўжо і вы зьведзены?
 

Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў альбо з хварысэяў?
 

Але людзі гэтыя, што ня ве́даюць Закону, праклятыя яны.
 

Кажа ім Мікадым, што прыходзіў да Яго ўначы, будучы адзін ізь іх:
 

ці судзіць Закон наш чалавека, калі перш ня выслухае яго і ня даве́даецца, што (ён) робіць?
 

Адказалі і сказалі яму: ці і ты ня з Галіле́і? Пашукай і пабач, што прарок із Галілеі ня паўстава́ў.
 

І пайшоў кожны ў дом свой.