Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Потым жа Ісус хадзіў па Ґалілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэі, бо Юдэі шукалі забіць Яго.
І бліжэла юдэйскае сьвята Будкаў.
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адгэтуль і йдзі да Юдэі, каб і вучанікі Твае бачылі ўчынкі Твае, каторыя Ты чыніш;
Бо ніхто ня робе нічога ў тайбе, і хоча сам быць ведамным; калі Ты чыніш гэтыя ўчынкі, зьявіся сьвету».
Бо й браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
І кажа ім Ісус: «Мая пара яшчэ ня прышла, а вам заўсёды пара.
Сьвет ня можа ненавідзіць вас, але Мяне ён ненавідзе, бо Я сьветчу празь яго, што ўчынкі ягоныя ліхія.
Вы ўзыйдзіце на гэта сьвята; Я яшчэ ня ўзыйду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ ня выпаўніўся».
Сказаўшы гэта ім, застаўся ў Ґалілеі.
Але як браты Ягоныя ўзышлі на сьвята, тады Ён таксама ўзышоў на сьвята, ня яўна, а як бы тойма.
Юдэі ж шукалі Яго ў сьвята і казалі: «Ідзе Ён?»
І шмат было нараканьня на Яго памеж грудамі. Адныя казалі: «Ён добры», другія казалі: «Не, але зводзе груды».
Ніхто, адылі, ня гукаў празь Яго яўна, баючыся Юдэяў.
Але ўжо ў палавіцы сьвята Ісус увыйшоў у сьвятыню і навучаў.
І дзіваваліся Юдэі, кажучы: «Як знае Ён пісьмы, ніколі ня вучыўшыся?»
Дык адказаў Ісус і сказаў: «Мая навука не Мая, але таго, хто Мяне паслаў.
Хто зыча чыніць волю Ягоную, тый даведаецца праз гэту навуку, ці ад Бога яна, ці Я сам ад Сябе кажу.
Хто гукае сам ад сябе, шукае славы свае; а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, Тый праўдзівы, і няма несправядлівасьці ў Ім.
Ці ня даў вам Масей права? і ніхто не дзяржыць права. Чаму шукаеце забіць Мяне?»
Адказаў груд: «Нячысьціка маеш; хто шукае забіць Цябе?»
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адзін учынак, і ўсі вы дзівуецеся.
Масей даў вам абразаньне, — не каб яно было ад Масея, але ад айцоў, — і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
Калі чалавек прыймае абразаньне ў сыботу, каб ня быў узрушаны закон Масеяў, чаму на Мяне злуецеся, што Я цэлага чалавека ўздаравіў у сыботу?
Ня судзіце подле выгляду, але судзіце суд справядлівы».
Тады некатрыя зь Ерузалімцаў сказалі: «Ці ня гэта Тый, Каторага шукаюць забіць?
І вось, Ён гукае яўна, і нічога ня кажуць Яму. Ці старцы запраўды прызналі, што гэты ё Хрыстос?
Але праз гэтага мы ведаем, скуль Ён: Хрыстос жа, як прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, скуль Ён».
І загукаў Ісус у сьвятыні, вучачы а кажучы: «І знаеце Мяне, і ведаеце скуль Я; але Я прышоў ня Сам ад Сябе, а Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, каторага ня знаеце.
Я знаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
І шукалі няць Яго, і ніхто не наклаў рукі свае на Яго, бо яшчэ ня прышла гадзіна Ягоная.
Але шмат із груду ўверылі ў Яго й казалі: «Ці Хрыстос, як прыйдзе, учыне знакоў балей за тыя, што Гэты ўчыніў?»
Пачулі фарысэі гэтыя дзейкі цішком празь Яго ў гурбе, і паслалі фарысэі а найвышшыя сьвятары паслугачоў, няць Яго.
Тады Ісус сказаў: «Яшчэ малы час Я з вамі, і пайду да Тога, Хто паслаў Мяне.
Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці».
Дык Юдэі гукалі адны адным: «Куды Ён пойдзе, што мы ня знойдзем Яго? Ці не маніцца Ён ісьці да расьцярушэньня памеж Грэкаў і навучаць Грэкаў?
Што за слова, каторае Ён сказаў: "Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці"?»
Апошняга дня вялікага сьвята Ісус стаяў і гукаў, кажучы: «Хто сьмягне, ідзі да Мяне й напіся.
Хто вера ў Мяне, як сказана ў Пісьме, "Рэкі жывое вады пацякуць із улоньня ягонага"».
А гэта сказаў Ён праз Духа, Каторы мелі адзяржаць тыя, што верылі ў Яго, бо Духа на іх ня было яшчэ, бо Ісус ня быў яшчэ ўслаўлены.
Тады з груду, пачуўшы гэтае слова, казалі: «Гэта запраўды тый прарока».
Другія казалі: «Гэта Хрыстос». Іншыя гукалі: «Ціж із Ґалілеі прыйдзе Хрыстос?
Ці не сказала Пісьмо, што Хрыстос прыйдзе з насеньня Давідавага і ізь сяла Бэтлеему, скуль Давід быў?»
Дык быў падзел у грудзе што да Яго.
Некатрыя ж зь іх зычылі няць Яго, але ніхто не наклаў рукі на Яго.
Дык паслугачыя прышлі да найвышшых сьвятароў а фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Паслугачыя адказалі: «Ніколі чалавек ня гукаў так, як Гэты Чалавек».
І фарысэі адказалі ім: «Нягож і вы зьведзены?
Ці хто із старцоў уверыў у Яго альбо з фарысэяў?
Але гэты груд, каторы ня знае Права, пракляты ён».
Кажа ім Мікадым, тый, што прыходзіў да Яго ўперад, будучы адзін ізь іх:
«Ці судзе Права наша чалавека, ня выслухаўшы яго ўперад і не даведаўшыся, што ён робе?»
Адказалі й сказалі Яму: «Ці й ты не з Ґалілеі? Скумай і глядзі, што ніякі прарока не паўстаець із Ґалілеі».