1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
Усе слу́гі, якія пад ярмом, няхай лічаць уладароў сваіх вартымі ўсякае паша́ны, каб не было блюзьне́рства на імя Божае і вучэньне.
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
Тыя ж, якія верных маюць за ўладароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але больш няхай служаць ім, таму што яны верныя і ўлюбёныя, удзельнікі дабрадзействаў [Божых]. Гэтага навучай і ўпрошвай.
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
Калі хто навучае іначай і не ідзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за вучэньнем пра пабожнасьць,
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
той узьбіўся ў пы́ху, нічога не разумеючы, але хварэючы на спрэчкі і кіданьне словамі, ад якіх стаецца зайздрасьць, сварка, блюзьне́рствы, зласьлівыя падазрэньні,
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
пустыя гутаркі між людзьмі зьнішчанага розуму і пазбаўленымі праўды, якія думаюць, што пабожнасьць — [сродак] дзеля прыбытку. Аддаляйся ад гэтакіх.
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
Але вялікі прыбытак — пабожнасьць разам з задаволенасьцю.
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; зразумела, што і нічога вынесьці ня можам.
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
А маючы што е́сьці і што апрану́ць, будзем гэтым задаволеныя.
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
Тыя ж, якія хочуць багацець, трапляюць у спакусу, і ў пастку, і ў многія бяздумныя і шкадлівыя пажаданьні, якія топяць людзей у зьнішчэньні і загубе.
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія му́кі.
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
А ты, чалавек Божы, уцякай ад гэтага, але імкніся да праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, пакоры,
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
Перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, загадваю табе
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
захаваць гэтае прыказаньне неапаганеным, бездакорным аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
якое ў свой час адкрые шчасьлівы і адзіны магутны Валадар тых, хто валадарыць, і Госпад тых, якія пануюць,
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
Адзіны, Які ма́е несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, Якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму паша́на і ўлада вечная. Амэн.
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб яны ня думалі шмат пра сябе і спадзяваліся не на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, Які дае нам багата ўсё дзеля прыемнасьці;
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
каб рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
зьбіраючы сабе скарб, добры падмурак дзеля будучыні, каб трымацца ім за жыцьцё вечнае.
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
О, Цімафею! Захоўвай тое, што перададзена табе, ухіляючыся ад паганага марнаслоўя і перакорлівасьці фальшывага веданьня,
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.
пахваляючыся якім, некаторыя адхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн.