1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
Усе знайходзячыяся пад ярмом слугі хай уважаюць гаспадароў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб не было ганьбаваньня іменьню Божаму й навуцы.
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
А тые, што маюць гаспадарамі хрысьціян, хай не адносяцца да іх з халоднай абыднасьцяй, што яны браты, але тым ахватней хай служаць ім, бо яны веручые і мілые дабрадзейнасьцю. Гэтага вось навучай і да гэтага заахвочвай.
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
Калі-ж хто інакш навучае і ня йдзе за здаровымі славамі Ўсеўладара нашага Езуса Хрыстуса і за навукай аб богабоязі,
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
той пышны ёсьць, няўмека, аж да хворасьці задорлівы словаспрэчнік; ад гэтага родзяцца ненавіснасьць, сваркі, западозранасьць, брыдамоўства,
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
няўпынные споры людзей папсаванага розуму, што згубілі праўду і ўважаюць пабожнасьць за крыніцу даходу.
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
Але вялікім набыткам ёсьць сама пабожнасьць, калі памагае нам і малым (самым толькі неабходным) задавольвацца.
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
Бо мы-ж нічога не прыняслі на сьвет гэты, дык ясна, што нічога й вынесьці ня можам:
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
маючы еміну і вопратку, будзем здаволены гэтым.
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
Тые-ж, што жадаюць узбагаціцца, упадаюць у спакусу і цянёты ды ў многія неразумныя й шкодныя прыжадлівасьці, топячыя людзей у няшчасьці і загубе;
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
бо корэнем усяго благога ёсьць пажадлівасьць, якой некаторые паддаўшыся, адпалі ад веры й самы сябе ўпуталі ў горкую журбу.
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
Але ты, чалавечэ Божы, уцякай ад гэтага, а будзь спасьцейлівы ў справядлівасьць, богабоязі, веры, любасці, цярплівасьці й лагоднасьці;
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
змагайся добрым змаганьнем веры, здабывай жыцьцё вечнае, да якога пакліканы і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьветкамі.
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
Перад Богам усёажыўляючым, ды перад Хрыстусам Езусам, які прад Понцкім Пілатам засьветчыў добрае вызнаньне, загадваю табе
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
датрымаць гэты запавет бездакорна чыстым аж да прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
якое ў сваім часе адкрые дабраслаўлёны й адзіны магут уладароў Усеваладар і спадароў Усеспадар,
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
адзіны, што мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці няпрыступнай, якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і ўсеваладарэньне вечнае. Амэн.
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
Багатых гэтага сьвету напамінай, каб яны ня пышніліся ды не спадзяваліся на сваё багацьце няпэўданае, але на Бога жывога, які дае нам шчодра да ўжываньня;
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
каб яны дабро тварылі, багаціліся шчодрымі ўчынкамі й сужыцьцём,
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
скарбячы сабе добры грунт на будучыню, з асягненьнем жыцьця праўдзівага.
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
О, Тыматэю! Ахоўвай павераны табе скарб (аб’яўленай праўды), ухіляючыся ад сьветавага пустаслоўя і спрэчных цьверджаньняў быццамнавукі,
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.
за якою ўганяючыся, некаторые адпалі ад веры. Ласка з табою. Амэн.