1 да Цімафея 4 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
Дух-жа выразна кажа, што ў апошніх часах некаторые адступяць ад веры, а прыстануць да духаў блуду й дэманаўскіх навук,
праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
аблыжна ілжывых, запеклых у сумленьні сваім,
якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
што забараняюць жаніцца, ужываць да яды тое, што Божа стварыў да спажываньня з падзякай вернікамі, пазнаўшымі праўду:
Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
усё бо створанае Богам ёсьць добрае і ня трэба ні чым, з падзякаю спажываным, ганьбаваць,
бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
бо-ж усьвячваецца словам Божым і малітваю.
Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
Талкуючы гэта братом, будзеш добрым слугою Езуса Хрыстуса, сычаным словамі веры і добрае навукі, за каторай ты заўсёды йшоў.
А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
А недарэчных і бабскіх казак цурайся, накладай сябе да пабожнасьці;
бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
бо цялесныя муштры мала карысныя, а пабожнасьць да ўсяго прыдатная, маючы заруку цяперашняга і будучага жыцьця.
Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
Гэта праўда неаспрэчная і верыгодная.
Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
Для яе мы й працуем ды церпім зьнявагі, што маем спадзеву на Бога Жывога, Збавіцеля ўсіх людзей, а, перадусім, верных.
Прапаведуй гэта і вучы.
Гэта прыказвай, гэтага навучай.
Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
Ніхто хай маладосьці твае не зьняхайвае, але будзь наўзорам для верных у мове й паступках, У любасьці, у Духу, у веры ды чыстасьці.
Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
Пакуль прыйду, пільнуй чытаньня, напаміну, павучаньня.
Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
Не абняхайвай данай табе запаветна ласкі з узлажэньнем рук сьвятарскіх.
Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
На гэта зважай і ў гэтым трывай, каб пасьпяховасьць твая была ўсім відавочна.
Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.
Пільнуй сябе ды навукі вытрывала. Гэтак і сябе збавіш, і тых, што цябе слухаюць.