1 да Цімафея 3 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
 
Вернае слова: “Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае”.

А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
 
Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навуча́ць,

ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
 
ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,

павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
 
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.

бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
 
А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?

не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д’яблам.
 
[Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.

Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д’ябальскіх.
 
Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.

Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
 
Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,

павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
 
якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.

і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
 
І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.

Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
 
Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.

Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
 
Дыяканы няхай будуць мужа́мі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,

бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
 
бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
 
Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзаба́ве прыйсьці да цябе,

каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
 
каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.

І, прызнана ўсімі — вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.
 
І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.