Малахіі 2 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дык вось, вам, сьвятары, гэтая запаведзь:
 
І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае.

калі вы не паслухаецеся, і калі ня прымеце да сэрца, каб узносіць славу імю Майму, кажа Гасподзь Саваоф, дык я пашлю на вас праклён і пракляну вашыя дабраславеньні, і ўжо праклінаю, бо вы ня хочаце прыкласьці да гэтага сэрца.
 
Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца.

Вось, Я адбяру ў вас лапатку, і памёт раскідаю на твары вашыя, памёт сьвяточных ахвяраў вашых, і выкінуць вас разам зь ім.
 
Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою;

І вы ўведаеце, што Я даў гэтую запаведзь на захаваньне запавету Майго зь Лявіем, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. —

Запавет Мой зь ім быў запавет жыцьця і міру, і Я даў яго яму дзеля страху, і ён баяўся Мяне і трымцеў перад імем Маім.
 
Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё.

Закон праўды быў у вуснах ягоных, і няпраўды ня было на языку ў яго; у міры і ў праўдзе ён хадзіў са мною і многіх адвярнуў ад грэху.
 
Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці.

бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа.
 
Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў.

Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе, разбурылі запавет Лявія, кажа Гасподзь Саваоф.
 
А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, —

За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону.
 
таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону».

Ці ж не адзін ва ўсіх нас Бацька? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму ж мы вераломна дзеем адзін супроць аднаго, парушаючы тым самым запавет бацькоў нашых?
 
Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых?

Вераломна ўчыняе Юда, і мярзота чыніцца ў Ізраілі і ў Ерусаліме; бо прынізіў Юда сьвятыню Гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкою чужога бога.
 
Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога.

У таго, хто робіць гэта, зьнішчыць Гасподзь з намётаў Якаўлевых таго, хто чувае на варце і адказвае, і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу.
 
Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў.

І вось, што яшчэ вы робіце: вы прымушаеце паліваць сьлязьмі ахвярнік Госпада з галашэньнем і лямантам, так што Ён ужо не глядзіць болей на прынесенае і ня прымае ўмілажальвальнай ахвяры з рук вашых.
 
І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай;

Вы скажаце: за што? За тое, што Гасподзь быў сьведка паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, супроць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна сяброўка твая і законная жонка твая.
 
і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго.

Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супроць жонкі і маладосьці сваёй.
 
Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі.

Калі ты ненавідзіш яе, адпусьці, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў; крыўда пакрые вопратку яго, кажа Гасподзь Саваоф; таму сачэце за духам вашым і не рабеце вераломна.
 
Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі.

Вы гневаеце Госпада словамі вашымі і кажаце: чым гневаем мы Яго? Тым, што кажаце: кожны, хто чыніць ліха, добры перад вачыма Госпада, і да такіх Ён мае ўпадабаньне, альбо: дзе Бог правасудзьдзя?
 
Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»?