Малахіі 2 разьдзел
Кніга прарока Малахіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
«Дык цяпер вам гэта расказаньне, о сьвятарове:
І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае.
Калі вы не паслухаеце, і калі ня прыймеце да сэрца, каб даваць славу імені Майму, — кажа СПАДАР войскаў, — Я пашлю праклён на вас і пракліну дабраславенствы вашы, нават ужо пракляў, бо ня прыймаеце да сэрца.
Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца.
Вось, Я зганю насеньне ваша і памёт раськідаю на віды вашы, памёт сьвятаў вашых, і вынясуць вас да яго.
Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою;
І вы даведаецеся, што Я паслаў гэта расказаньне вам, каб змова Мая магла быць ізь Левам, — кажа СПАДАР войскаў. —
І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. —
Змова Мая была зь ім змоваю жыцьця а супакою, і Я даў іх яму за боязьнь, што ён баяўся Мяне, і імені майго лякаўся.
Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё.
Закон праўды быў у роце ягоным, і бяспраўе ня было знойдзена ў вуснах ягоных; у супакою а справядлівасьці ён хадзіў з Імною і шмат каго адвярнуў ад бяспраўя;
Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці.
Бо вусны сьвятаровы маюць сьцерагчы веданьне, і закону шукаюць з вуснаў ягоных, бо ён пасланец СПАДАРА войскаў.
Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў.
Але вы зьвярнулі з дарогі й былі спадманом шмат каму ў праве, папсавалі змову Лева, — кажа СПАДАР войскаў. —
А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, —
Затым Я таксама зраблю вас пагрэбаванымі а паніжанымі перад усім людам, бо вы не дзяржалі дарогаў Маіх, але ўважалі на асобу ў праве».
таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону».
Ці не адзін Айцец у вусіх нас? Ці не адзін Бог стварыў нас? Чаму кажны ізраджае брата свайго, будзенячы змову айцоў нашых?
Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых?
Юда абышоўся ізрадліва й зьдзеяў агіду ў Ізраелю а ў Ерузаліме, бо Юда збудзеніў сьвятасьць СПАДАРОВУ, каторую любіў, і жаніўся з дачкою чужога бога.
Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога.
СПАДАР выгубе з буданоў Якававых таго, хто робе гэта, — чукавага а адказуючага а бліжачага аброк СПАДАРУ войскаў.
Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў.
І во другое вы робіце: абліваеце сьлязьмі аброчнік СПАДАРОЎ, плачаце а галосіце, бо Ён ужо не глядзіць болей на які-колечы аброк альбо ня прыймае зычліва з рук вашых.
І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай;
Яшчэ вы кажаце: «Чаму?» Бо СПАДАР быў сьветкаю памеж цябе й жонкі маладосьці твае, з каторага ты абышоўся ізрадліва, прымеж тога яна таварышка твая і жонка змовы твае.
і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго.
Але ніхто гэтага ня зробе, у каго астача Духа, бо чаго такі шукае? Насеньня ад Бога. Затым ўважайце на дух вашы, і няхай ніхто не абходзіцца ізрадліва із жонкаю маладосьці свае;
Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі.
Бо ненавідзе адпушчэньня СПАДАР Бог Ізраеляў і пакрываючага глабаньне адзецьцям сваім; затым сьцеражыце дух вашы, каб вы не абходзіліся ізрадліва.
Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі.
Вы тамуеце СПАДАРА словамі сваімі; вы, адылі, кажаце: «Чым мы тамуем?» Як вы кажаце: «Кажны, хто робе ліха — добры ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і Ён любуе іх», альбо: «Ідзе Бог суду?»
Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»?