Ёіля 1 разьдзел
Кніга прарока Ёіля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Слова СПАДАРОВА, што было да Ёеля Пефуеленка.
Слова Госпада, якое было да Ёэля, сына Патуэля:
Слухайце гэта, старыя, і нахініце вуха, усі жыхары зямлі: ці было гэта за дзён вашых альбо за дзён айцоў вашых?
«Слухайце гэта, старэйшыя, і настаўце вушы, усе жыхары зямлі! Ці было гэткае ў дні вашы або ў дні вашых бацькоў?
Кажыце гэта дзяцём сваім, а дзеці вашыя — дзяцём сваім, а дзеці іхныя — наступному пакаленьню:
Раскажыце аб гэтым сынам вашым, а сыны вашыя сваім сынам, а сыны іх — наступным пакаленням.
Засталае ад вусені ела шаранча, засталае ад шаранчы елі стрэлкі, засталае ад стрэлкаў даела мошка.
Што засталося пасля вусеняў — з’ела саранча, што засталося пасля саранчы — з’елі чэрві, а што засталося пасля чарвей — з’елі жукі.
Прачхніцеся, п’яніцы, і плачча, і выйце ўсі, віно п’ючыя, па вінным соку, бо ён адцяты ад вуснаў вашых.
Прабудзіцеся, п’яніцы, і плачце! Наракайце ўсе, якія п’яце віно, дзеля маладога віна, бо знікла яно з вуснаў вашых!
Бо прышоў на зямлю Маю народ дужы а няшчысьлёны, каторага зубы — зубы лявіныя, і шчэляпы — вялікага лява.
Бо нахлынуў на зямлю маю народ, моцны і шматлікі; зубы яго, як зубы ў льва, і сківіцы львіцы ў яго.
Спустошыў ён маё віно, акарыў фіґу, агаліў яе й адкінуў; галузы яе зьбялелі.
Спустошыў ён вінаграднік мой, а фігавае дрэва маё на кавалкі паламаў; абдзёр яго дашчэнту і пакінуў, так што толькі галіны яго бялеюць.
Галасі, як маладзіца, паперазаўшыся зрэбнінаю, па мужу маладосьці свае.
Галасі, як дзяўчына, адзетая ў зрэбніцу, дзеля мужа маладосці сваёй.
Адцяты хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому СПАДАРОВАГА; сьвятарове, слугі СПАДАРОВЫ, у жалобе.
Знікла ахвяра хлебная і вадкая з дома Госпада; плачуць святары, слугі Госпадавы.
Спустошана поле, зямля ў жалобе, бо збожжа збузавана, вінны сок высах, аліўка зьвяла.
Спустошана краіна, сумуе зямля, бо знішчана збожжа; сапсаваўся вінаградны сок, звяла аліўкавае дрэва.
Саромцеся, ралейнікі, выйце, віньнікі, па пшонцы а па ячменю, бо жніво загінула ў полю.
Засаромцеся, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і ячменю, бо прапала жніво на полі.
Віно ссохла, і фіґа зьвяла, гранатовае дзерва, пальма таксама, і яблына, усі дзервы палявыя пасохлі; бо высахла весялосьць сыноў людзкіх.
Засохла вінаградная лаза, ды звяла дрэва фігавае, дрэва гранату, і пальма, і яблыня, і ўсе дрэвы на полі павысыхалі; бо змарнела радасць паміж сыноў чалавечых.
Паперажыцеся й галасіце, сьвятарове, выйце, слугі аброчнікавы, ідзіце, начуйце ў зрэбніне, слугі Бога майго, бо ўзьдзержаны хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому Бога нашага.
Перапаяшыцеся ды плачце, святары, галасіце, слугі ахвярніка. Увайдзіце, апраніцеся ў зрэбніцу, слугі Бога майго, бо знікла з дома Бога вашага ахвяра хлебная і вадкая.
Пасьвяціце дзень посту, згукайце ўрочысты збор, зьбярыце старых і ўсіх жыхараў зямлі гэтае да дому СПАДАРА, Бога нашага, і гукайце да СПАДАРА.
Прызначце пост святы, склічце сход, збярыце старэйшых, усіх жыхароў зямлі ў дом Госпада, Бога вашага, і ўсклікайце да Госпада:
Бяда, бо дзень, бо дзень СПАДАРОЎ блізка, і прыходзе як зьнішчэньне ад Усемагучага.
“О гэты дзень!”» Бо блізкі ўжо дзень Госпадаў, і прыйдзе ён, як спусташэнне ад Усемагутнага.
Ці не перад ачыма нашымі адцята ежа, ад дому Бога нашага весялосьць а радасьць?
Ці ж на вачах нашых не зніклі харчы, а з дома Бога нашага — радасць і весялосць?
Згінула сяўба пад ськібамі сваімі, спусьцелі сьвірны, разбураны такі, бо збожжа ссохла.
Пагнілі зярняты пад сваімі скібамі; развалены гумны, разбураны свірны, бо высахла збожжа.
Як стогне жывёла, мучыцца чарада статку! бо няма ім пашы, і чароды авец спустошаны.
Што ж так сумна мыкае жывёла, бо не маюць яны пашы? Нават чароды авечак прападаюць.
Да Цябе, СПАДАРУ, гукаю, бо цяпло пажэрла пасьбішча пустыні, і полымя спаліла ўсі палявыя дзервы.
Да Цябе, Госпадзе, клічу, бо агонь паеў пашу пустыні і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя.
Таксам жывёла палявае рыкае да цябе, бо рэкі водаў высахлі, і цяпло пажэрла пасьбішчы пустыні.
Нават звяры палявыя ўздыхаюць да Цябе, бо павысыхалі крыніцы водаў ды агонь паглынуў стэпавыя пашы.