Малахіі 1 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Цяжар слова СПАДАРОВАГА Ізраелю Малахам.
 
Прароцтва. Слова Госпада Ізраэлю праз Малахію.

«Я ўлюбіў вас, — кажа СПАДАР, — а вы кажаце: "У чым жа нас улюбіў?" Ці ня Ісаў брат Якава? — агалашае СПАДАР, — Я ўлюбіў Якава.
 
«Я палюбіў вас, — кажа Госпад, — і вы пытаеце: “У чым выявіў Ты любоў Сваю да нас?” Ці ж Эзаў не быў братам Якуба? — кажа Госпад, — і Я, аднак, узлюбіў Якуба,

А Ісава зьненавідзіў і аддаў горы ягоныя на стустошаньне, а спадак ягоны — смокам пустыні».
 
а Эзава меў у нянавісці і аддаў горы яго на пустыню і спадчыну яго — шакалам пустынным.

Калі Едом скажа: «Мы зголены, але зьвернемся й адбудуем спустошаньні», дык гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Яны адбудуюць, але Я абуру, і назавуць іх граніцаю нягоднасьці й людам, на каторы СПАДАР абурыўся на векі».
 
Калі Эдом так скажа: “Знішчаны мы, але зноў адбудуем тое, што знішчана” — вось, што кажа Госпад Магуццяў. — “Яны будуць будаваць, і Я развалю; і будуць іх называць “Межы бязбожнасці” і “Народ, на які ўзгарэўся гнеў Госпадаў навекі”.

І абачаць вочы вашы, і вы скажаце: «Узьвялічыцца СПАДАР над граніцаю Ізраеля».
 
І вочы вашы будуць бачыць гэта, і вы скажаце: “Магутны Госпад і па-за межамі Ізраэля!”

«"Сын сьціць айца і слуга — спадара свайго; дык калі Я Айцец, ідзе чэсьць Імне? і калі Я Спадар, ідзе боязьнь Мяне?" — кажа СПАДАР войскаў вам, сьвятарове, што ўлегцы маеце імя Маё, а вы кажаце: "Чым мы ўлегцы маем імя Твае?"
 
Сын паважае бацьку свайго, і слуга — гаспадара свайго. Такім чынам, калі Я — бацька, дзе ж павага да Мяне? І калі Я — Госпад, дзе ж страх перада Мною? — кажа Госпад Магуццяў да вас, святары, якія зневажаеце імя Маё і кажаце: “Чым зневажаем мы імя Тваё?”

Абракаеце на аброчнік Мой сплюгаўлены хлеб і кажаце: "Чым мы сплюгавілі Цябе?" — тым, што кажаце: "Стол СПАДАРОЎ грэбаваны".
 
Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб і пытаеце: “Чым мы зняважалі Цябе?” Тым, што кажаце: “Стол Госпадаў не варты павагі”.

І як бліжыце сьляпое абракаць, ці ня блага гэта? і як абракаеце кульгавае а хворае, ці ня блага гэта? Прынясі гэта свайму вайводзе, ці ўпадабае ён цябе альбо прыйме цябе? — кажа СПАДАР войскаў. —
 
Калі вы складаеце ў ахвяру сляпое, ці ж гэта не дрэнна? І калі прыносіце ў ахвяру тое, што кульгавае ды хворае, дык ці ж гэта не дрэнна? Прынясі гэта князю свайму, ці яму спадабаецца гэта і ці прыхільна гляне на цябе? — кажа Госпад Магуццяў.

Дык цяпер, прашу, маліце ж від Божы, каб Ён быў ласкавым да вас; з рук вашых было гэта, ці можа прыняць від каторага з вас? — кажа СПАДАР войскаў. —
 
Але цяпер упрошваеце аблічча Бога, каб злітаваўся над вамі! Бо гэта паходзіць з рук вашых. Ці будзе Ён міласцівы да вас? — кажа Госпад Магуццяў.

Валей хто-колечы з вас замкнуў бы дзьверы, і дарма не палілі б на аброчніку Маім. Ня маю прыемнасьці з вас, — кажа СПАДАР войскаў, — ані прыйму аброку з рукі вашае;
 
Хай бы хто з вас замкнуў дзверы, каб вы надарма не палілі святла на ахвярніку Маім. Вы не падабаецеся Мне, — кажа Госпад Магуццяў, — і не прыму ахвяру з рук вашых.

Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае будзе імя Маё меж народаў, і на кажным месцу кадзіла будуць кадзіць імені Майму, ды будзе чысты аброк, бо вялікае будзе імя Маё меж народаў, — кажа СПАДАР войскаў. —
 
Ад усходу бо сонца аж да захаду вялікім будзе імя Маё між народамі, ды ў кожным месцы будуць пасвячаць і складаць ахвяру чыстую імю Майму, бо вялікім будзе імя Маё між народамі, — кажа Госпад Магуццяў.

Але вы будзеніце яго тым, што кажаце: "Стол СПАДАРОЎ — сплюгаўлены, і прыбытак ізь яго, ежа яго вартая грэбаваньня".
 
А вы зневажаеце Яго тым, што кажаце: “Стол Госпадаў апаганены і страва, што кладзецца на яго, нічога не вартая”.

Ды казалі: "Во, якая стома!" хоць бы зьдзьмухнуць яго маглі, — кажа СПАДАР войскаў, — і прыносілі разарванае а кульгавае а хворае, — гэтак вы прыносілі аброк: ці мог Я прыняць гэта з рукі вашае? — кажа СПАДАР. —
 
І кажаце вы: “О якая праца!” І зневажаеце яго, — кажа Госпад Магуццяў. — І прыносіце з рабаванага, кульгавае і хворае, ды складаеце ў ахвяру. Ці ж магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа Госпад.

Але пракляты ашуканец, што мае ў чарадзе самца і абяцае абятніцу, абракае, адылі, СПАДАРУ папсаванае; бо Я Кароль вялікі, — кажа СПАДАР войскаў, — і імя Маё страшнае памеж народаў».
 
Хай будзе пракляты ашуканец, які мае ў статку сваім самца і, абяцаючы яго, сам складае ў ахвяру Госпаду сапсаванае. Бо Я — Валадар Магутны, — кажа Госпад Магуццяў, — і імя Маё наводзіць страх на народы.