Малахіі 3 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

«Вось, Я пасылаю Ангіла Свайго, і ачысьце дарогу перад Імною, і зьнецікі прыйдзе да палацу Свайго Тый Спадар, Каторага вы шукаеце, і Ангіл змовы, Каторага вы жадаеце; вось, Ён прыйдзе, — кажа СПАДАР войскаў. —
 
Вось жа, Я пасылаю анёла Майго, і ён прыгатуе дарогу перада Мною; і зараз жа прыйдзе ў святыню Сваю Валадар, Якога вы чакаеце, і Анёл запавету, якога вы прагнеце. Вось, Ён прыходзіць, — кажа Госпад Магуццяў; —

Але хто зможа вытрываць дзень прыходу Яго, і хто ўстое, як Ён зьявіцца? бо Ён — як цяпло літуючае і як мыла мыцьцёхаў;
 
і хто можа вытрымаць дзень прышэсця Яго? І хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Ён бо — як агонь растапляючы і як зелле ачышчаючае;

І сядзе літаваць а чысьціць срэбра, і ачысьце сыноў Левавых, і пералітуе іх, як золата а срэбра, і яны будуць СПАДАРУ прыносіць аброк у справядлівасьці.
 
і сядзе Ён растапляць і ачышчаць срэбра, і Ён ачысціць сыноў Левія і працэдзіць іх, як золата і як срэбра, і стануць яны складаць Госпаду ахвяры справядліва.

Тады прыемны будзе СПАДАРУ аброк Юды а Ерузаліму, як за дзён даўнейшых і як у старавечных гадох.
 
І ўпадабае Госпад ахвяру Юды і Ерузаліма, як у часы мінулыя і як у гады даўнейшыя.

І дабліжуся да вас дзеля суду, і буду борздым сьветкаю на чараўнікоў а на чужаложнікаў а на хвальшыва прысягаючых а на ўціскаючых найміта ў заплаце, удаву а сірату а на тых, што адпіхаюць чужаземца і не баяцца Мяне, кажа СПАДАР войскаў.
 
“І Я прыйду судзіць вас; і буду скорым сведкам супраць чараўнікоў, і чужаложнікаў, і лжывых сведкаў, і крыўдзіцеляў наймітаў, удоў і сірот і супраць тых, што прыгнятаюць чужынца і Мяне не баяцца, — кажа Госпад Магуццяў. —

Бо Я — СПАДАР, не мяняюся; затым вы, сынове Якававы, ня зьнішчаны.
 
Я бо — Госпад, і не змяніўся; але вы, сыны Якуба, яшчэ не будзеце знішчаны.

Нават зь дзён айцоў сваіх вы адступілі ад уставаў Маіх і не дзяржалі іх; навярніцеся да Мяне, і я абярнуся да вас, — кажа СПАДАР войскаў. — Але вы скажаце: "Як нам навярнуцца?"
 
Бо, пачынаючы ад дзён бацькоў вашых, вы адступіліся ад законных прыказанняў Маіх і не пільнавалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я вярнуся да вас, — кажа Госпад Магуццяў. — І вы кажаце: “У чым маем мы навярнуцца?”

Ці можа чалавек глабаць Бога? Вы, адылі, глабалі Мяне. Але вы скажаце: "Чым мы глабалі Цябе?" дзесяцінамі а дарамі.
 
Ці ж можа чалавек падманваць Бога? Але вы падманваеце Мяне. І пытаецеся: “У чым мы ашукалі Цябе?” У дзесяцінах і пяршынях.

Праклёнам вы пракляты, бо Мяне вы — увесь люд гэты — глабаеце.
 
Праклятыя вы праклёнам, бо вы, увесь народ, падманваеце Мяне.

Прынясіце ўсі дзесяціны да сьвірна, каб была еміна ў доме Маім, і выпрабуйце ж Мяне гэтым, — кажа СПАДАР войскаў: — ці не адчыню Я вам вокны нябёс і ці ня выльлю на вас дабраславенства больш чымся досыць?
 
Прынясіце ўсе дзесяціны ў скарбніцу, і хай будзе ежа ў доме Маім; і выпрабуйце Мяне, — кажа Госпад Магуццяў, — адносна таго, ці не адкрыю Я вам бездань нябесную і ці не вылью на вас шчодрага дабраславення,

І Я зганю дзеля вас жаручага, і ён ня будзе псаваць вам плод зямлі, ані зь віна вашага не ападуць без пары плады яго на полю, — кажа СПАДАР войскаў. —
 
І ці дзеля вас Я не пакараю палявога шкодніка, і ці будзе ён нішчыць плады зямлі, і ці будзе ў вас бясплодным вінаград ў полі, — кажа Госпад Магуццяў. —

І шчасьлівымі вас будуць зваць усі народы, бо вы будзеце зямлёю жаданаю, — кажа СПАДАР войскаў. —
 
І шчаснымі назавуць вас усе народы, бо будзеце вы зямлёю пажаданай, — кажа Госпад Магуццяў. —

Моцныя былі супроці Мяне словы вашыя, — кажа СПАДАР. — Вы, адылі, кажаце: "Што мы гукалі на Цябе?"
 
Узмацніліся словы вашы супраць Мяне, — кажа Госпад, — і вы пытаецеся: “Што такое гаворым мы супраць Цябе?”

Вы казалі: "Дарма служыць Богу, і што за карысьць, што мы дзяржалі загады Ягоныя і што хадзілі ў жалобным перад СПАДАРОМ войскаў?
 
Вы кажаце: “Надарма служыць Богу! Бо якую карысць мы мелі з таго, што пільнавалі прыказанні Яго і што хадзілі сумныя перад Госпадам Магуццяў?

І цяпер мы ўважаем гордых за шчасьлівых; нават тыя ўладзіліся, што робяць нягоднасьць, нават тыя, што прабуюць Бога і ўцякаюць"».
 
А цяпер нахабнікаў мы называем шчаснымі, бо адбудаваліся людзі бязбожныя, і спакусілі Бога, і засталіся цэлымі”.

Тады тыя, што баяцца СПАДАРА, мужавалі адзін із адным. І ўважаў СПАДАР, і пачуў, і кніга-памятка была напісана перад Ім дзеля тых, што баяліся СПАДАРА, і што думалі празь імя Ягонае.
 
Гаварылі тады між сабою людзі богабаязныя, кожны з блізкім сваім. І Госпад звярнуў увагу на гэта і пачуў; і запісана гэта ў кнізе ўспамінаў на віду ў Яго, для тых, якія баяцца Госпада і шануюць імя Яго.

«І яны будуць Маімі, — кажа СПАДАР войскаў, — таго дня, як ўчыню скарбам і пашчаджаю іх, як людзіна шчаджае сына свайго, што служа ёй.
 
“Будуць яны, — кажа Госпад Магуццяў, — уласнасцю Маёй у той дзень, у які буду дзейнічаць; і Я пашкадую іх, як шкадуе бацька сына свайго, які служыць яму.

Тады навернецеся й абачыце розьніцу памеж справядлівага й нягоднага, памеж таго, што служа Богу, і таго, што ня служа Яму.
 
Зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.