Захарыі 1 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Восьмага месяца, другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы:
 
У восьмы месяц на другі год Дарыя прамовіў Госпад да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:

«Вельма загневаўся СПАДАР на айцоў вашых.
 
«Загневаўся вельмі Госпад на бацькоў вашых.

Затым скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Навярніцеся да Мяне, — агалашае СПАДАР войскаў, — дык Я абярнуся да вас, кажа СПАДАР войскаў.
 
Ды скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Звярніцеся да Мяне, — кажа Госпад Магуццяў. —

Ня будзьце, як айцове вашы, каторых гукалі першыя прарокі, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Адвярніцеся ж ад сваіх дарогаў благіх і ад сваіх учынкаў благіх’"; але яны ня слухалі ані ўважалі на Мяне, — агалашае СПАДАР. —
 
Не будзьце, як бацькі вашы, якіх заклікалі даўнейшыя прарокі і казалі: “Пакіньце шляхі вашы ліхія і намеры вашы благія, — гэта кажа Госпад Магуццяў”; і яны не паслухалі і не звярнулі ўвагі на Мяне, — кажа Госпад. —

Айцове вашы, ідзе яны? дый прарокі ці жывуць вечна?
 
Дзе цяпер бацькі вашы? Ды ці ж прарокі жывуць вечна?”

Словы Мае, адылі, а ўставы Мае, што Я расказаў слугам Сваім прарокам, ці не дасяглі да айцоў вашых? і яны наварачаліся й казалі: "Як СПАДАР войскаў думаў зрабіць нам подле дарогаў нашых і подле ўчынкаў нашых, так зрабіў нам"».
 
А ўсё ж такі ці ж словы Мае і загады Мае, якія даручыў Я слугам Маім, прарокам, ці ж не закранулі яны бацькоў вашых? І яны навярнуліся і казалі: “Як маніўся Госпад Магуццяў зрабіць з намі адносна паводзін нашых і ліхоццяў нашых — так і зрабіў з намі”».

Дваццаць чацьвертага дня адзінанцатага месяца (гэта месяц Шэват), другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы:
 
У дваццаць чацвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта значыць месяца Тэбэт, у другі год Дарыя Госпад прамовіў да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:

Я відзеў ночы: вось, муж едзе на рудым каню, і стаў памеж міртаў, што ў нізіне, а адзаду яго коні рудыя, гнядыя а белыя.
 
«Бачанне меў я ноччу: і вось, коннік на рыжым кані стаяў сярод міртаў у лагчыне; і за ім коні рыжыя, рабыя і белыя.

І сказаў я: «Што яны, Спадару мой?» і сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Я пакажу табе, што яны».
 
І я запытаўся: “Што значаць яны, гаспадару мой?” І анёл загаварыў са мной, і сказаў мне: “Я растлумачу табе, што яны абазначаюць”.

І адказаў муж, што стаў памеж міртаў, і сказаў: «Гэта тыя, каторых СПАДАР паслаў абыйсьці зямлю».
 
І сказаў коннік, які стаяў сярод міртаў, гэтыя словы: “Гэта, вось, тыя, каго Госпад паслаў абысці зямлю”.

І адказалі яны Ангілу СПАДАРОВАМУ, што стаяў меж міртаў, і сказалі: «Мы абышлі зямлю, і вось, уся зямля ціха супачывае».
 
І яны адказалі анёлу Госпадаваму, які стаяў сярод міртаў, і паведамілі: “Абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля абжытая і жыве спакойна”.

Тады Ангіл СПАДАРОЎ адказаў і сказаў: «СПАДАРУ войскаў! пакуль Ты ня зьмілуешся над Ерузалімам а над местамі Юдэйскім! на каторыя Ты гневаўся ўжо семдзясят год?»
 
І сказаў анёл Госпадаў гэтыя словы: “Госпадзе Магуццяў, як доўга яшчэ Ты не злітуешся над Ерузалімам і гарадамі Юды, на якія загневаўся? Гэта сямідзесяты год”.

І адказаў СПАДАР Ангілу, што гутарыў з імною, словамі добрымі, словамі пацешнымі.
 
Ды адказаў Госпад анёлу, які гаварыў да мяне, словамі добрымі, словамі суцяшальнымі.

І сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Гукай, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я завідны празь Ерузалім а праз Сыён завісьцяй вялікай.
 
І анёл, які гаварыў да мяне, сказаў: “Абвясці: вось што кажа Госпад Магуццяў: “Любоў апякуючая ў Мяне да Ерузаліма і Сіёна з вялікай руплівасцю,

І гневам вялікім Я гневаюся на народы, што ў супакою, бо Я быў троху загневаўшыся, а яны памагалі да ліха’.
 
але вялікім гневам Я гневаюся на пыхлівыя народы, бо Я крыху загневаўся, а яны павялічылі ліха”.

Затым гэтак кажа СПАДАР: ’Я зьвярнуся да Ерузаліму із спагадаю; дом Мой будзе пастаноўлены ў ім, — агалашае СПАДАР войскаў, — і павароз будуць цягаць па Ерузаліме’".
 
Таму вось што кажа Госпад: “Вяртаюся ў Ерузалім з міласэрнасцю. У ім будзе пабудаваны Мой дом, — кажа Госпад Магуццяў, — і грунтвага пройдзе над Ерузалімам”.

Яшчэ гукай, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Яшчэ пашырацца месты Мае, дзякуючы дабрабыту, і пацеша СПАДАР ізноў Сыён і выбяра ізноў Ерузалім’"».
 
Ды яшчэ абвяшчай: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў перапоўняцца гарады мае маёмасцю, і зноў пацешыць Госпад Сіён, і зноў абярэ Ерузалім”».

І падняў я вочы свае, і абачыў, і вось, чатыры рагі.
 

І сказаў я Ангілу, каторы гутарыў з імною: «Што гэтыя?» І адказаў ён імне: «Гэта рогі, каторыя раськідалі Юдэю, Ізраеля а Ерузалім».
 

І паказаў імне СПАДАР чатырох рамесьнікаў.
 

Тады я сказаў: «Што гэтыя прыходзяць рабіць?» І казаў ён, кажучы: «Гэтыя рогі раськідалі Юдэю, так што ніхто не падняў галавы свае, а яны прышлі ўцерці іх, ськінуць рогі народаў, што паднялі рог свой на зямлю Юды, каб раськідаць яе».